Іх перадаў нашчадак нямецкага жаўнера Першай сусветнай вайны.
Тры кнігі з легендарнай бібліятэкі графаў Храптовічаў вярнуліся на радзіму з Германіі, піша «Новы час».
Іх перадалі ў дар Марыён Швезінгер і Гельмут Фікель, паведаміла кіраўніца Мясцовага культурна-асветніцкага фонду «Шчорсы і Храптовічы» Ганна Булда. Ці сапраўды каштоўныя асобнікі належалі кніжніцы ў Шчорсах выявіць экспертыза, якую неўзабаве правядзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Дзве кнігі на французскай мове: «Грамадзянская гісторыя каралеўства Неапаль у перакладзе з італьянскай П’ера Джанонэ» (са штампам Іахіма Храптовіча), «Расійскія палітычныя, літаратурныя, гістарычныя і некралагічныя дзённікі» (са штампам Адама Храптовіча), трэцяя кніга — білінгва, зборнік лацінскіх і нямецкіх одаў (штамп адарваны).
Артэфакты перадалі Беларусі нашчадкі Германа Швезінгера. Пад час Першай сусветнай вайны ён знайшоў іх ў напаўразгромленым палацы Храптовічаў і пераправіў у Германію.
«Ён разумеў каштоўнасць кніг, бо быў вельмі адукаваным чалавекам, выкладаў філасофію ва ўніверсітэце. У свой час пацярпеў ад нацысцкай сістэмы — сядзеў ў Бухенвальдзе. Перад смерцю завяшчаў дзецям перадаць кнігі тым, чыя гэта каштоўнасць. Цудам яго нашчадкі знайшлі нас (фонд «Шчорсы і Храптовічы» — Рэд.) і перадалі іх у дар. Калі мне прыйшоў ліст, я думала, што гэта розыгрыш. Аднак усё апынулася праўдай!» — распавядае Ганна Булда.

Славутую кніжніцу ў Шчорсах пачаў збіраць апошні канцлер ВКЛ граф Іахім Ігнаці Літавор Храптовіч. Бібліятэка змяшчала больш за 10 тысяч каштоўных кніг, мапаў, рукапісаў і дакументаў. Адна частка кніг была спалена савецкай уладай у 1939 годзе, другая знаходзіцца ва Украіне, некаторыя асобнікі разышліся па прыватных калекцыях.
23.07.2026
Анджей Почобут попросил премьера Польши выдавать беларусам документ иностранца минимум на три года
23.07.2026
Крупнейший энергоконцерн Франции объявил о выходе из совместного с Московией СПГ-проекта в Арктике