Iдэя «Мінсктранса» людзей абурыла надзвычай.
У сталіцы нашай радзімы ёсць такое прадпрыемства — «Мінсктранс». Яно вельмі не любіць сваіх кліентаў-пасажыраў, але любіць грошы. Як яно толькі не вычваралася апошнім часам! І кошты на праезд падымала, і надало права кантралёрам спыняць аўтобусы пасярод дарогі для праверкі аплаты праезду, і спрабавала абавязаць тых, у каго няма квіткоў, уваходзіць у транспарт толькі праз пярэднія дзверы… Але гэтага было мала, і нейкія разумнікі вынайшлі новы спосаб параўнальна сумленнага ад’ёму грошай у насельніцтва. Яны высунулі ідэю пра блакаванне валідатараў для аплаты праезду праз 15 секунд пасля адпраўлення транспарту ад прыпынку. Маўляў, хто не паспеў прабіць талончык ці прыкласці праязны — той спазніўся і павінен заплаціць штраф.
Зразумела, такая ідэя людзей абурыла надзвычай. Бо той, хто такую прыдумку выказаў, не толькі не клапоціцца пра пенсіянераў і людзей з інваліднасцю, якія не могуць удзельнічаць у «спрынтарскім забегу да валідатара», але, падаецца, папросту не ездзіў у грамадскім транспарце ў «гадзіну пік». Там не тое што да валідатара дацягнуцца — часам руку падняць нельга.
Таму ў панядзелак на платформе электронных зваротаў у дзяржаўныя органы petitions.by з’явілася адразу некалькі петыцый па слядах транспартных навін. Аўтары звароту наконт «правіла 15 секунд» адзначаюць, што новаўвядзенне ўшчамляе ў правах пажылых пасажыраў, людзей з інваліднасцю, пасажыраў з дзецьмі і вазкамі.
Пабачыўшы надзвычай негатыўную рэакцыю, «Мінсктранс» аператыўна ад ідэі блакавання валідатараў адмовіўся. Аднак людзей было ўжо не спыніць, і на той жа пляцоўцы з’явіўся зварот з патрабаваннем адстаўкі кіраўніцтва «Мінсктранса».
Ім прыпомнілі ўсё: і валідатары па кошце «айфона», і прыняцце непапулярных і антыграмадскіх рашэнняў, і адсталасць грамадскага транспарту Мінска. Сапраўды, нам пастаянна кажуць, што, нягледзячы на рэгулярныя павышэнні коштаў, грамадскі транспарт працуе «ў мінус».
Дарэчы, на гэтым фоне цікавая навіна прыйшла з Гомеля. Там паспрабуюць укараніць аплату грамадскага транспарту праз тэлефон. Як гэта будзе адбывацца тэхнічна, ці будзе гэта адмысловая праграма ў мабільніку — падрабязнасці пакуль не вядомыя. Але сенсацыя ў тым, што ў гэтым абласным цэнтры людзей дагэтуль «абілечваюць» кандуктары. Гомель, калі ў яго ўсё атрымаецца, здзейсніць няхілы тэхналагічны скачок.
«Мінсктранс» жа не здолеў укараніць аплату праезду ўсяго толькі банкаўскай карткай. І дзе ж кампетэнтнасць гэтай установы? Можа, сапраўды яе кіраўніцтву час у адстаўку?
Яшчэ адна навіна з транспартнага фронту тычыцца авіяперавозак. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала Nexta, у Лукашэнкі з’явіўся самалёт бізнес-класа Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ. Самалёт нібыта купіла прыватная аўстрыйская кампанія і перагнала яго ў Мінск. Кошт яго па каталогу складае 61,5 мільёна долараў.
У прэс-службе кіраўніка дзяржавы інфармацыю абверглі. «Ні асабістых, ні прыватных самалётаў у кіраўніка Беларусі ніколі не было, няма і цяпер. І, хутчэй за ўсё, не будзе — зыходзячы з той цаны, якую вы назвалі», — сказала прэс-сакратарка Наталля Эйсмант, адказваючы за пытанне «Радыё Свабода».
У Лукашэнкі ў авіяпарку зараз «Боінг», які быў набыты «бэушным» у лідара Туркменістана, і які, паводле Эйсмант, «даўно выпрацаваў свой рэсурс, тэрміны эксплуатацыі выйшлі». «Сёння якраз стаіць пытанне, дзе знайсці сродкі на набыццё новага дзяржаўнага самалёта. Але грошай на гэтыя мэты пакуль няма, хаця і прапановы ад авіякампаній паступалі», — сказала яна.
І можна было б паверыць у сціпласць Аляксандра Рыгоравіча і яго ашчаднасць што да дзяржаўных сродкаў, але… У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта карэспандэнту той жа «Свабоды» сказалі, што не маюць інфармацыі пра самалёт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ, і параілі звярнуцца… у прэзідэнцкую прэс-службу!
То-бок, вы разумееце: самалёт, нібыта, не Лукашэнкі, але пытацца пра яго трэба ў прэс-службе Лукашэнкі. За канспірацыю — «двойка».
І яшчэ адна навіна, якая моцна паўплывае на нашае паўсядзённае жыццё. Бліжэйшым часам айчынныя банкі спыняць выдачу картак растэрміноўкі кшталту «Халвы».
Перавага картак растэрміноўкі для пакупнікоў заключалася ў тым, што растэрміноўка прадстаўлялася фактычна без выплаты працэнтаў. Працэнты банкі атрымлівалі ад прадаўцоў, якія выплачвалі ўзнагароджанне крэдытным арганізацыям у выпадку продажу тавараў у растэрміноўку. Аднак у студзені Нацбанк разаслаў камерцыйным банкам лісты і папярэдзіў аб недапушчальнасці завышаных узнагароджанняў, якія камерцыйныя банкі спаганяюць у прадаўцоў у выпадку продажу тавару ў растэрміноўку. Высветлілася, што часам крамы і іншыя аб’екты гандлю выплачвалі аж да 30% ад кошту тавару ў выпадку афармлення пакупкі ў растэрміноўку. Нацбанк афіцыйна «рэкамендаваў» знізіць памер любога ўзнагароджання, якое выплачваюць банкам арганізацыі гандлю да 4%.
Банкі павінны выканаць прадпісанне Нацбанка да 8 лютага, і пачалі адмаўляцца ад беспрацэнтных варыянтаў. Так, «Прыёрбанк» стаў спаганяць да 6% гадавых з фізічных асобаў у выпадку афармлення растэрміноўкі больш чым на шэсць месяцаў. «Беларусбанк» зусім адмовіўся ад прадукту «растэрміноўка без пераплаты».
Аналітыкі і эканамісты ў цэлым падтрымліваюць рашэнне Нацбанка. У людзей нярэдка ствараецца ілюзія, што тавары ў растэрміноўку прадаюцца амаль бясплатна, паколькі іх купля не патрабуе ні першапачатковых плацяжоў, ні працэнтных выплат. Аднак у рэчаіснасці растэрміноўка — гэта тая ж запазычанасць, якая негатыўна адбіваецца на сямейным бюджэце.
Таму ўсім, хто карыстаецца «Халвой» і падобнымі прадуктамі, варта зайсці на сайт свайго банка і паглядзець, як змяніліся правілы гэтай праграмы. І ўвогуле — пазыкаў лепш не браць.
Сяргей Салаўёў, «Новы час»