Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вежа Вялікіх князёў

14.02.2020 общество
Вежа Вялікіх князёў

Як будзе выглядаць Крэўскі замак, калі яго адновяць?

Варыянты адбудовы Княскай вежы сярэднявечнай фартэцыі паказаў «Радыё Свабода» кіраўнік распрацоўкі навукова-праектнай дакумэнтацыі аднаўленьня Крэўскага замку Ўладзімер Сіняўскі. Да цяперашніх амаль 15 мэтраў руіна павінна прырасьці ўгору яшчэ больш як на 20.

Дылема: паміж гістарычнай праўдай і турыстычным аб’ектам

У канцы 2018 году будаўнікі адрапартавалі пра завяршэньне кансэрвацыі паўночна-заходніх муроў, якія захаваліся лепей за іншыя. Туды вярнулі аўтэнтычныя і сабраныя талакой камяні, прагаліны заклалі чырвонай цэглай, сьцяну накрылі двухсхільным дахам. Крыху раней закансэрвавалі Княскую вежу.

Летась зьбіраліся прыступіць да аднаўленьня паўночна-ўсходняй часткі сьцяны, дзе ў 1920-х польскія рэстаўратары паставілі каменную «падпорку» — контрафорс. Таксама меркавалася закансэрваваць участак колішніх баявых галерэяў — іх рэканструкцыя магчымая разам з узнаўленьнем замкавай вежы. Работы браліся завяршыць да канца 2019 году.

Аднак ні рыштаваньні, ні самі майстры так і не зьявіліся. Абласныя і раённыя ўлады былі заклапочаныя правядзеньнем у Смаргонях «Дажынак». Прэзыдэнцкі фонд падтрымкі культуры і мастацтва на сродкі таксама не расшчодрыўся. Не здымаюць зь сябе адказнасьці і самі праектанты: каб абгрунтаваць фінансаваньне, праект трэба падаваць як мінімум за год, а то і раней. Тым часам легендарная пабудова ХIV стагодзьдзя імкліва асыпаецца па ўсім неўмацаваным пэрымэтры.

Намесьнік дырэктара праектнага філіялу ААТ «Белрэстаўрацыя», аўтар праекту аднаўленьня гістарычнага аб’екта ў Крэве Ўладзімер Сіняўскі перакананы, што сёньня сюды трэба кідаць усе сілы, іначай наступныя пакаленьні будуць вывучаць замак толькі па архіўных здымках.

«Усе работы аплачвае бюджэт, дзяржава, — нагадвае ён. — Поўнамаштабнае фінансаваньне на Крэўскі замак пакуль не прадугледжана — у лепшым выпадку сёлета выдзеляць сродкі на адну сьцяну з уваходнай брамай галоўнага ўваходу. Плянавалі і пад’ёмны мост, але пакуль наўрад ці. Бо раз такі падыход, то невядома, за што брацца. Што да вежы, то архітэктурны праект зроблены, але ўсё патрабуе дэталёвай прапрацоўкі. Пакуль ня выдзеленыя сродкі, няма як завяршаць будаўнічы праект».

Падыходы да будучыні ці ня самага славутага замку на тэрыторыі Беларусі радыкальна розьняцца нават сярод адмыслоўцаў. Адны кажуць, што ня варта замахвацца на маштабную адбудову, бо на выхадзе атрымаецца муляж, які ня будзе мець нічога агульнага з гістарычнай праўдай. Апанэнты перакананыя, што кансэрвацыя не ўратуе парэштак ад кліматычнага ўзьдзеяньня, і пакуль ня позна, трэба ратаваць муры ўсімі даступнымі спосабамі — у тым ліку з элемэнтамі навабуду.

Кансэрвацыя: вымушаная мера без доўгатэрміновых плянаў

Уладзімер Сіняўскі ў гэтай спрэчцы на баку тых, хто адсылае да досьведу іншых краін, дзе сярэднявечныя фартэцыі атрымалі другое жыцьцё і сталі месцам паломніцтва мільёнаў турыстаў.

Ягоны праект дэталёва расьпісвае, дзе трэба максымальна захаваць аўтэнтычныя ўчасткі сьцен, дзе адновяць бутавую кладку, а дзе мэтазгодна пагадзіцца на сучасныя цэглу і дахоўку. Закладзеная вышыня вежы — амаль 37 мэтраў — базуецца на архіўных зьвестках пачатку ХХ стагодзьдзя, часоў перад Першай усясьветнай вайной. Цяпер найбольшая вышыня ацалелага фрагмэнта — меней за 14 мэтраў.

«Ня толькі Літва ці Польшча зьвяртаюцца да такога мэтаду, а і краіны з больш глыбокім досьведам рэстаўрацыі, — аргумэнтуе экспэрт. — Я назіраў, як рашаюць дылему ў францускім Каркасоне. Адноўлена цэлая старая крэпасьць! Можна было абмежавацца кансэрвацыяй, але пайшлі далей, і цяпер помнік зарабляе мільёны эўра. Зразумела, патрэбен комплексны падыход, бо аднаўляць трэба і цэглу, і дахоўку. А ў нас няма заводаў, здольных вырабляць гэта патрэбнай якасьці і нават памераў».

Паводле суразмоўцы, кансэрвацыя дапаможа ўратаваць тое, што захавалася, але не разьвяжа будучых праблем.

«Фактычна мы і так кансэрвуем замкавыя сьцены — падымаем тое, што разбурылася, — кажа ён. — Усё астатняе паступова ператвараецца ў земляныя пагоркі, бо нават камянёў ужо не відаць. Незваротныя страты назіраюцца на працягу жыцьця нашага пакаленьня, а чым далей, тым карацейшы шлях да руіны. Таму і было вырашана ўзьняць сьцены з аналягічнага матэрыялу на тую вышыню, якая яшчэ візуальна фіксуецца. Бо калі пакінуць без умяшаньня, нашчадкам ужо ня будзе чаго паказаць».

Згодна з праектам Уладзімера Сіняўскага, у «зону адказнасьці» будучага музэйнага комплексу павінна ўвайсьці прылеглая тэрыторыя — уключна са старой сынагогай. Будынак з зоркай Давіда над уваходам развальваецца гэтак жа імкліва, як і замак, і калі не пачаць яго ратаваць, неўзабаве на тым месцы застанецца толькі куча чырвонай цэглы.

Гісторыя: паставіць на службу інвэстыцыям

У жыхароў Крэва на старажытны замак вялікія спадзяваньні. Апошнім часам культурніцкая актыўнасьць у мястэчку трымаецца на фатографу Сяргею Гапону. Пазалетась ён вярнуўся са сталіцы на радзіму і цяпер з галавой у амбітных праектах — ад добраўпарадкаваньня закінутых габрэйскіх могілак да ідэі ўсесэзоннай выставы пад гістарычнымі мурамі.

«Вулічная выстава — ня проста культурніцкая акцыя, — тлумачыць ён. — Перш за ўсё я хачу палепшыць агульнае ўспрыняцьце мястэчка, зрабіць яго прывабным для турыстаў і патэнцыйных інвэстараў. Бо і для мяне самога, і як я чую ў гутарках зь людзьмі, цэнтар Крэва — як пудзіла пасярод агароду. Адсутнасьць прыбіральні, нармальнай кавярні, агульнае занядбаньне — усё гэта фактар стрымліваньня, які адпуджвае людзей. Бо калі прыяжджаеш, а няма дзе ні гарбаты папіць, ні на гаршчок сесьці, дык больш за гадзіну тут няма чаго і рабіць. Абабег вакол замка — і паехаў далей».

Нядаўна Сяргей Гапон атрымаў адказ з абласнога ўпраўленьня турызму зь пералікам пасьлядоўнасьці разьвіцьця інфраструктуры мястэчка. Санітарныя аб’екты, якія спрадвек ставяць першымі падчас будаўніцтва дому, значацца самым апошнім пунктам — «пасьля поўнага аднаўленьня замка». Але пры цяперашнім фінансаваньні фартэцыю ня факт, што адновяць і праз 10 гадоў, а турысты едуць у Крэва ўжо сёньня, аргумэнтуе суразмоўца.

«Яшчэ адна важная мэта праекту — паказаць Крэва знутры, — працягвае аўтар ідэі. — Як фатограф я шмат вандрую і на 100% магу сказаць, што жыцьцё ў вёсачках збольшага „партызанскае“, схаванае. Транзытам за паўгадзіны нічога ня ўбачыш. Хутчэй наадварот: карціна занядбанасьці можа пакінуць дэпрэсіўнае ўражаньне — ну і які інвэстар пасьля гэтага захоча сюды ўкладацца? Таму праз выставу хачу паказаць, што жыцьцё ёсьць, яно цікавае, са сваёй атмасфэрай, асаблівай аўтэнтыкай. Ня проста звыклы візуальны шэраг „замак-касьцёл-царква-сынагога“, а мікрагісторыі з жыцьця мястэчка ў натуральных дэкарацыях».

Экспазыцыя: аўтэнтыка мястэчка ў гістарычным антуражы

Агулам падрыхтаваныя два дзясяткі фатаздымкаў плякатнага фармату — 1,5 на 2 мэтры, друк на банэры з нацяжкай на драўляны падрамнік. Выявы будуць разьмешчаныя на адмысловых тумбах або на трохкутніках. Экспазыцыю плянуецца выставіць каля адноўленай сьцяны.

«Хацелася б змантаваць канструкцыю да 19 красавіка, бо на гэтую дату прыпадае старт забегаў, якія трэці год ладзіць Фэдэрацыя прыгодніцкіх гонак. На той „дзьвіж“ зьбіраецца клясная тусоўка, розныя па сваіх занятках людзі, актыўная моладзь. Добра, каб менавіта яны сталі першымі гледачамі. Ну, а калі здарыцца такая зіма, як цяпер, то хай сабе стаіць круглы год. Прынамсі людзі, якія прыедуць да замка, змогуць праз фатаграфіі сабраць усё Крэва ў адным месцы. Можа хтосьці нават задумаецца, каб сюды пераехаць ці распачаць тут бізнэс».

Пад свой праект «Вулічная выстава каля сьцен Крэўскага замку» Сяргей Гапон пачаў зьбіраць грошы на плятформе molamola. Самастойна пацягнуць выдаткі складана: кожны здымак абыходзіцца ў 50 даляраў, а ўсяго іх два дзясяткі. Пакуль сабраная палова неабходнай сумы на друк — 500 даляраў. Яшчэ блізу 650 рублёў трэба на каркасы для канструкцыі пад экспазыцыю.

Актыўнасьць Сяргея Гапона ў справе вяртаньня Крэва на турыстычную мапу Беларусі падтрымала Міністэрства замежных спраў. Пры гэтым у ведамстве спадзяюцца на большую зацікаўленасьць з боку мясцовых уладаў — сельсавецкага і раённага ўзроўняў. Бо калі пытаньне разьмяшчэньня прыбіральні каля замка мусіць браць на свой кантроль Міністэрства спорту і турызму — гэта абы-што.

Гісторыя: ад дынастычнай уніі да занядбаньня

Крэва ўвайшло ў гісторыю дынастычнай уніяй паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. Унію падпісалі тут у 1385 годзе. Што да часу зьяўленьня замка, дасьледчыкі дапускаюць плюс-мінус сотню гадоў. Адны кажуць пра пачатак XIV стагодзьдзя, некаторыя лічаць, што гэта нават сярэдзіна ХІІІ-га. Пры гэтым сыходзяцца ў адным: як самы архаічны ва ўсім ВКЛ ён стаіць ля вытокаў мураванага абарончага дойлідзтва.

Замак страціў першапачатковае значэньне ў XIX стагодзьдзі і быў закінуты. Чорнай старонкай у ягоным лёсе стала Першая ўсясьветная вайна: паколькі германцы атабарыліся ўсярэдзіне, расейская артылерыя біла менавіта туды. Да сёньня дайшлі нават ня сьцены, а толькі іхнае «нутро», фасад быў цалкам зьнішчаны. І калі тэрмінова ня ўзяцца за кансэрвацыю, ёсьць рызыка страціць нават тое, што яшчэ ёсьць — кожны дзень пад мурамі растуць кучы камянёў.

Першыя спробы ўратаваць замак датаваныя пэрыядам, калі заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. У канцы 1920-х рэстаўратары на чале з гісторыкам Станіславам Лёрэнцам умацавалі рэшткі сьцен мэталічнымі сьцяжкамі, паставілі контрафорс, але дакончыць задуманае не пасьпелі.

З прыходам у 1939 годзе бальшавікоў пра кансэрвацыю гаворка не ішла, бо новыя ўладары найперш пачалі разьбіраць сьцены на ўласныя і індустрыяльныя патрэбы. Але нават аслабленыя муры не паддаліся. У такім стане руіны прастаялі да часоў незалежнасьці. Княскую вежу накрылі рубэройдам, але ад дажджу і сьнегу кволая канструкцыя не ратавала.

Толькі ў 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у сьпіс з трох дзясяткаў памятак даўніны, якія патрабуюць неадкладнай дапамогі і выдаткі на захаваньне якіх ускладаюцца на дзяржаўны бюджэт. Агулам ужо ўкладзена каля паўмільёна даляраў, але нерэгулярнасьць траншаў пастаянна пасоўвае заплянаваныя тэрміны аднаўленьня і кансэрвацыі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]