Гiсторыя кахання сям'i Севярынцаў.
Павел і Вольга Севярынцы — пара, якая для многіх з’яўляецца ўзорам сужэнскага жыцця. Перажыць разам дзясяткі судоў, штрафаў, арыштаў, сутак, асабістую трагедыю і пры гэтым захаваць пяшчотнае каханне і клопат адно пра аднаго — сапраўдны подзвіг. Напярэдадні Дня ўсіх закаханых «Новы Час» вырашыў пакінуць палітыку і пагутарыць з Вольгай Севярынец пра любоў, сям’ю і асабістае шчасце.
«Заўсёды ведала, што ён будзе маім мужам»
— Воля, распавядзі пра сваё жыццё да знаёмства з Паўлам: пра што ты марыла, якія ў цябе былі мэты?
— Насамрэч я — дзяўчынка з вёскі. Для мяне паступіць у сталіцу і застацца там працаваць было вельмі важна. Калі б я не прайшла на бюджэт, бацькі не змаглі б аплачваць вучобу. Але я паступіла на філфак, пачалося студэнцкае жыццё. Мы з сяброўкай пазнаёміліся з Кастусём Шыталем, ён нас паклікаў у БХД. Мы былі шчырыя да беларушчыны, перайшлі на беларускую мову.
— А шчырасць да беларушчыны — адкуль узялася?
— Відаць, яна недзе проста была. У сям’і ніхто не казаў, што трэба шанаваць беларускую мову, што яна родная. Бо гэта было натуральна — бацькі размаўлялі па-вясковаму, бабуля па-беларуску гаварыла. Памятаю, у мяне была прага да беларускіх спеваў, якія прывозілі стрыечныя брат з сястрой. Гэта як глыток свежага паветра з іншага, беларускага свету — «Песні свабоды», Ulis, я часта іх слухала. Ну і ў прынцыпе мне падабаліся беларуская мова і літаратура — нездарма я выбрала беларускую філалогію.
— Але ж не кожны пераходзіць на беларускую мову. Што для цябе стала штуршком?
— Сяброўку, з якой я здымала кватэру, Кастусь Шыталь спытаў: «А чаго гэта вы па-беларуску не гаворыце?». Яна прыйшла і кажа: «А чаго гэта мы не гаворым? А давай гаварыць!». Калі я на наступны дзень прыйшла на вучобу і стала па-беларуску размаўляць, усе здзівіліся. Але паколькі я ніколі не размаўляла на чыстай рускай мове і не бачыла ў ёй сваёй ідэнтычнасці — мне было прасцей.
— Неўзабаве ты пазнаёмілася з Паўлам Севярынцам. Ведала раней пра яго, чым ён займаецца?
— Не. Кастусь Шыталь жартуе, што адзіная добрая справа, якую ён зрабіў у жыцці — гэта пазнаёміў нас з Севярынцам. Ён нас запрасіў на сустрэчу для моладзі, якую ладзіла БХД. Мне нават самой дзіўна, чаму я з такім адкрытым сэрцам усё гэта прыняла. Быццам гэта недзе было закладзена ўва мне, і я знайшла сваё.
— Якім было тваё першае ўражанне пра Паўла?
— Гэты момант пачынае для мяне самой абрастаць легендамі (усміхаецца). Памятаю, ён мне, хутчэй, спадабаўся. Мы прыйшлі да Кастуся глядзець фільм «Плошча», мы і блізка не ведалі, што нешта такое ёсць у Беларусі. І вось чалавек, якога мы пабачылі ў фільме, заходзіць у пакой — яны з Кастусём разам здымалі кватэру. Мне вельмі спадабаліся Пашавы вочы — такія глыбокія і цёплыя — і прыгожая беларуская інтэлігентнасць.
— Прапанову ён зрабіў на першым спатканні?
— Ён паклікаў мяне сустрэцца вясной, пасля ўстаноўчага з’езду БХД. Неяк па-асабліваму сказаў, што хоча паразмаўляць, але я звязала гэта з патрэбай нешта зрабіць, бо мы ў БХД дапамагалі. Чамусьці вельмі хвалявалася. Ён прыйшоў і заявіў пра свае сур’ёзныя намеры адразу ж, на першай сустрэчы. Я, хутчэй, спужалася. Мне было 18 гадоў, а ён, сур’ёзны сфарміраваны чалавек, прапануе мне руку і сэрца. Мне гэта спадабалася, але хацелася хутчэй сысці. Мы схадзілі, разам памаліліся ў касцёле, пагулялі, была вельмі цёплая размова, і я паехала дадому ў разгубленых пачуццях, бо тады яго не кахала.
— Як ты ўрэшце прыйшла да таго, што Павел — твой чалавек?
— Дзесьці ў глыбіні душы я заўсёды ведала — ён будзе маім мужам. Нават калі мы не бачыліся пару гадоў, я яго ўспамінала і адчувала, што ён — частка майго жыцця. Пасля мы пачалі знаёміцца бліжэй. Пасля Плошчы 2010 года я пісала яму лісты ў «амерыканку», ведала, як годна ён праходзіць праз выпрабаванні — нічога падобнага я дагэтуль не бачыла. Пазней я стала прыязджаць у Куплін (дзе Павел Севярынец адбываў «хімію» пасля Плошчы-2010. — НЧ), вельмі часта сталі размаўляць па тэлефоне. Я ўбачыла, што гэты чалавек — проста скарб, і пакахала яго з часам. Паша кажа: каханне — гэта выбар, ты выбіраеш чалавека, з якім будзеш да канца жыцця. І я вельмі радая, што зрабіла гэты выбар. Адзінае, шкадую, што не зрабіла яго раней, бо ад моманту нашага знаёмства да вяселля прайшло пяць гадоў.
«Як ты будзеш сварыцца, калі яго заўтра могуць забраць?»
— Ты ўсведамляла, які лёс чакае жонку апазіцыйнага палітыка ў Беларусі? Гэта цябе не палохала? Ці ты аказалася гатовая?
— Вялікай нечаканасцю было першае затрыманне на другім годзе нашага шлюбнага жыцця. Паўла ў Оршы пасадзілі на суткі за мітынг «недармаедаў». Я тады моцна перажывала, бо гэта было ўпершыню. Але тое шчасце, якое мы маем у шлюбе, непараўнальнае з усімі тымі абставінамі, якія адбываюцца ў жыцці. Я разумею, што гэта — частка яго жыцця, якую мы разам павінны пераадолець.
— Але ж для многіх выпрабаваннем робіцца, што муж не заўсёды можа ўтрымліваць сям’ю ці дапамагаць жонцы. Вы ж не толькі пераадольваеце гэта, але і выглядаеце ўсё гэтак жа закаханымі адно ў аднаго і шчаслівымі. Што вас падтрымлівае?
— Паша ўсе свае сілы аддае на служэнне іншым людзям. Калі я ўяўляю: мой муж замест гэтага мог бы рубіцца ў камп’ютарныя гулькі ці займацца нейкай непатрэбшчынай, мне становіцца кепска. Калі я бачу, што Паша робіць тое, дзеля чаго ён пакліканы, як чалавек, які яго кахае, я мушу яго падтрымліваць, бо гэта — яго лёс. І калі так усё прымаеш, то ў цябе няма часу заўважаць, кубак памыты ці не, хто каму дапамог ці не дапамог. Падобныя рэчы адыходзяць на другі план. Ты проста шануеш час, праведзены разам, асабліва цяпер, калі ўвялі новую сістэму здзекаў — асуджаць на суткі і не забіраць адразу. Калі знаходзішся ў пастаянным чаканні, што яго могуць затрымаць. У гэты час у нас самыя ўтульныя сямейныя вечары. Таму — ну як ты будзеш сварыцца, калі яго заўтра могуць на месяц забраць?
— Ты шмат кажаш пра лёс і пакліканне Паўла. А ты сама, звязаўшы сваё жыццё з ім, не здрадзіла сваім памкненням?
— Я часта задаю сабе пытанне: калі б Паша не зрабіў мне прапанову, дзе б я зараз была і што было б са мной? Тое, як склаўся мой лёс, — гэта найлепшы варыянт, бо я за час нашага шлюбу шмат працавала і шмат дасягнула. Я развілася ў такіх сферах, у якіх не развівалася б, калі б лёс склаўся неяк па-іншаму. Мы за гэты час нарадзілі дваіх дзетак. Амаль кожныя паўгода мы робім нейкія культурніцкія рэчы: гэта і выданне «Падзейніка» — ілюстраванага штодзённіка па-беларуску, і чытанкі для дзетак «Беларуская хрысціянская азбука». Пастаянна выходзяць Пашавы кнігі. Зараз выйшаў дыск «Беларускі хрысціянскі хіт», які распаўсюджваецца ў цэрквах дзеля папулярызацыі беларускай мовы. Пачалася Няспынная малітва за Беларусь, якую я асабіста лічу самым важным з таго, што змагла зрабіць. Бо малітва за краіну несупынна ідзе ўжо пяць гадоў. Пачала працаваць інтэрнэт-крама беларускіх падарункаў з хрысціянскім зместам Kroplia.by.
Усё гэта — тое, што я вельмі люблю. Без Пашы я не знайшла б так хутка свайго паклікання. Менавіта ён паказаў мне любоў да Беларусі, паглыбіў маю веру. Я вельмі радая, што так ёсць. У мяне няма адчування, што я, дапамагаючы яму, нечага недаатрымоўваю ці не паспяваю. Наадварот, выхоўваючы дзіця, даглядаючы дом, дапамагаючы яму, я паспяваю яшчэ нешта рабіць і пры гэтым добра пачувацца. Там, дзе я цяпер знаходжуся, я адчуваю сябе вельмі шчаслівым чалавекам.
— Але кожнай жанчыне патрэбны час на сябе. Ці ёсць ён у цябе і як ты адпачываеш ад штодзённых клопатаў?
— Бывае па-рознаму — ёсць простыя дні, ёсць складаныя. У штодзённых сямейных клопатах трэба ўвесь час расстаўляць прыярытэты. Сям’я, муж, сын для мяне на першым месцы. Але я ведаю, што ніколі б не змагла займацца толькі сям’ёй, мне ўвесь час хочацца змяняць свет і па-за межамі свайго дома. Мне дапамагае змена дзейнасці, а калі Паша дома, то я ўпэўнена, што ён у любы момант зможа ўзяць на сябе Францішка і я змагу адпачыць.
— Ты ў любым выпадку падтрымліваеш мужа, нават калі ў чымсьці з ім не згодная?
— Канечне, не ўсё так ідэальна, я пастаянна «капаю» яму, што, можа, лепш так не рабіць ці гэтак. Але ён вельмі ўпэўнены ў сваіх дзеяннях. Сварыцца? Гэта не дае ніякага выніку. Казаць, як яму трэба рабіць? Ён разумны мужчына, яму больш за сорак гадоў, ён праходзіў праз усё гэта дзясяткі разоў, ведае людзей, з якімі працуе, сітуацыі, абставіны. Ён паступіць больш мудра, чым я магу яму падказаць. Дзесьці я прашу яго быць больш акуратным. Але ён не будзе рызыкаваць, калі бачыць, што гэта не патрэбна.
— У хрысціянскай традыцыі, прынамсі, праваслаўнай, існуе пасыл, што муж павінен жонку любіць, а жонка мужа — баяцца. Як гэта разумееце вы і ці прытрымліваецеся такога ў сваёй сям’і?
— Мне здаецца, «баяцца» тут ужыта ў сэнсе «паважаць», аддаваць мужу кіраванне справамі па-за домам. Бо дома, хутчэй, жонка — менеджар. А па-за домам і датычна астатняга слова ў прыняцці рашэнняў — яно павінна быць за мужам. Бо мужчына, прынамсі, у нашай сям’і, бліжэй да Госпада ў сэнсе адказнасці. Дзесьці я чытала, што мужчына ніколі не зможа зразумець жанчыну ў яе адзіноце, толькі Госпад. А жанчына ніколі не зможа зразумець мужчыну ў яго адказнасці — толькі Госпад.
— А ў вашай сям’і ёсць падзел абавязкаў?
— Ён, хутчэй, традыцыйны. На мне — дом, гатаванне, Францішак часцей за ўсё. Паша адказвае за фінансы і справы па-за домам. Але гэта не выглядае так, быццам ён зусім не падыходзіць да пліты. У сям’і, дзе любяць, калі нехта бачыць, што патрэбная дапамога, то ідзе і спакойна дапамагае.
— Павел здзіўляў цябе калі-небудзь у гаспадарчых справах?
— Ён здзіўляў мяне на працягу двух гадоў у Купліне, калі прымаў мяне як госцю. Колькі разоў на месяц па нядзелях ён гатаваў для мяне розныя стравы, можна сказаць, шыкоўныя ў тых умовах. Накрываў вельмі прыгожы стол, заўжды быў прыбраны пакой — ён укладаў у гэта душу. Пасля ён здзівіў і натхніў мяне тым, што прысутнічаў на родах. А яшчэ за пяць гадоў ён ні разу не папракнуў мяне, быццам я нешта зрабіла альбо не зрабіла. Мне ў яго гэтаму вучыцца і вучыцца! Калі ён бачыць, што я пачынаю стамляцца, ён бярэ на сябе Францішка, і я магу ісці, куды трэба.
— Якую будучыню вы хочаце бачыць для сына?
— Мы хочам яго навучыць самастойна прымаць рашэнні, стараемся максімальна тлумачыць яму нейкія рэчы. Нам не важна, будзе ён вядомым грамадскім дзеячам ці дворнікам — галоўнае, каб ён быў вернікам, служыцелем і сумленным чалавекам. І яшчэ зараз мы марым, каб ён змог хадзіць у садок Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра.
«Калі Пашу забіраюць, адбываецца агульнасямейная мабілізацыя»
— Як спраўляешся з Францішкам і гаспадаркай, калі Паўла няма?
— Калі Пашу забіраюць на суткі, адбываецца агульная сямейная мабілізацыя і стаіць чарга, хто з бацькоў прыедзе хутчэй. Няма нават ніякай размовы, што я застануся адна. Сябры таксама дапамагаюць. Межаў людской падтрымкі ў гэты час проста няма. І гэта для мяне кожны раз — цуд. Бываюць такія гісторыі, што без слёз распавядаць немагчыма. Апошнім часам я стала запісваць, каму трэба падзякаваць і што трэба расказаць Пашу з такіх мілых гісторый.
— Але ці адразу твае бацькі прынялі Паўла? Не было страхаў, што ён старэйшы, што апазіцыйны палітык?
— Шмат усяго было, але нават я больш перажывала і баялася сказаць пра яго бацькам. Аднойчы ў мяне на працы выключыўся тэлефон, а калі я яго ўключыла, было 25 непрынятых выклікаў ад мамы. Яна падумала, нібыта мяне ўжо арыштавалі і пасадзілі. Але гэта ўсё было таму, што яны не ведалі Пашу і мелі свае ўяўленні наконт таго, як працуе «крывавы рэжым». А калі Паша прыехаў пазнаёміцца, то хапіла дзесяці хвілін, каб усе страхі перацяклі ў прыгожую сямейную размову.
— Як вас змяніла бацькоўства?
— Мяне здзівіла тое, якія стасункі ў Пашы з Францішкам. Гэта зусім іншая любоў таты да сына, не такая, як паміж намі. Для мяне нараджэнне дзіцяці — самы лепшы трэнінг па самаразвіцці. Ты знаходзіш у сабе столькі энергіі, пра якую нават не ведала, зусім па-іншаму плануеш час, расстаўляеш прыярытэты. І яшчэ адна рэч. У Бібліі ёсць такія словы: «Праз Тваю душу пройдзе меч». Гэта словы, сказаныя Марыі, Маці Ісуса. У мяне гэтыя словы вельмі адгукаюцца, я адчуваю — пасля нараджэння дзяцей маё сэрца мне ўжо да канца не належыць.
— Якой ты бачыш сваю сям’ю ў будучыні?
— Ёсць некалькі рэчаў, пра якія мы марым і змены ў якіх прывядуць да зменаў у нашай сям’і. Гэта змена ўлады ў Беларусі. Мне хацелася б, каб праз дзесяць год Паша свае сілы ўкладаў у тое, каб станоўча змяняць краіну, а не ламаць сістэму. Я мару, што ў нас ёсць дом і вялікая сям’я — яшчэ двое або трое дзяцей.
— Як вы любіце разам бавіць час і адпачываць?
— Адпачываць мы любім ва Унорыцы, у Пашавым радавым гняздзе па татавай лініі. Гэта вёска на беразе Дняпра, і мы туды стараемся кожнае лета ездзіць. Раз на год на гадавіну шлюбу мы робім сабе невялікае свята — ходзім у кавярню, выбіраем нешта беларускае.
— Вы святкуеце 14 Лютага?
— Для мяне гэта звычайны дзень, але Паша больш звяртае на яго ўвагу, дорыць мне кветкі.
— А падарункі адно аднаму дорыце?
— Мы дорым падарункі на дні народзінаў і на Раство. Але часам бываюць і спантанныя падарункі. Мы ведаем, што кожны з нас любіць. Калі я бачу геаграфічны атлас — любімая для Пашы рэч — я набываю і з радасцю дару. А Паша спантанна дорыць мне кветкі часцей за ўсё. Была забаўная гісторыя, калі яго мінулы раз адпусцілі з сутак. Ён у сем раніцы ў чаравіках без шнуркоў, з кешарам, такі сабе бадзяга, зайшоў у пераход каля дома набыць кветкі. А прадавачка паглядзела на яго і кажа: «Что, домой вернулся?»