Як актывістка са Светлагорску стала гераіняй выставы «Партрэты сілы».
У 2020 годзе Фонд Дамоў правоў чалавека зладзіў фотаконкурс, прысвечаны жанчынам-праваабаронцам. Аўтарам з Беларусі была Дар’я Сапранецкая, якая зрабіла партрэт Алены Маслюковай, перадае baj.by.
Фотавыстава «Партрэты сілы», зладжаная Фондам Дамоў правоў чалавека, ушаноўвае восем жанчынаў-праваабаронцаў з Сеткі Дамоў правоў чалавека. Выстава падкрэслівае жыццёва важную ролю, якую жанчыны адыгрываюць на рэгіянальным, нацыянальным і міжнародным узроўні – ролю ў абароне і прасоўванні правоў чалавека. Фотаздымкі былі зробленыя мясцовымі жанчынамі-фатографамі. Яны паказваюць гісторыі моцных, натхняльных і рашучых праваабаронцаў з Дамоў правоў чалавека па ўсім свеце.
Праваабаронцай ад Беларусі, ушанаванай на выставе, стала Алена Маслюкова са Светлагорску, з праваабарончага цэнтру «Вясна».
Фатограф Дар’я Сапранецкая, якая зрабіла партрэт праваабаронцы, расказала Беларускаму дому правоў чалавека аб тым, як яна распавядала гісторыю змагання Алены Маслюковай з заводам, які атручвае навакольнае асяроддзе.
«Я вельмі радая, што мне даручылі здымаць Алену Маслюкову. Гэта моцны вобраз жанчыны, якая шмат гадоў адна змагаецца з цэлым заводам. Жыць у невялікім горадзе, дзе тваё жыццё – ва ўсіх навідавоку, і выходзіць кожную нядзелю на пратэсты — для гэтага патрэбныя вялікая адвага і моцная грамадзянская пазіцыя свабоднага чалавека. Для Алены гэта мела наступствы: яе прымусілі пакінуць настаўнцкую працу, спрабавалі ачарніць яе рэпутацыю, пісалі абразы, але яна не пакінула праваабарончую дзейнасць і працягвае змагацца за права жыхароў Светлагорска дыхаць чыстым паветрам.
Мне пашанцавала, што для стварэння партрэта не давялося прыдумляць нічога штучнага. Ёсць маленькі чалавек, і ёсць велізарны завод у клубах атрутных выпарэнняў.
Падчас здымак я цудоўна адчувала непрыемны пах, ад якога вымушаныя пакутваць жыхары вёскі ўсяго ў 350 метрах ад смуродных трубаў; ружовы колер адкідаў было бачна няўзброеным вокам. Я чакала заходу сонца для патрэбнага настрою ў кадры, потым выкарыстала штучную крыніцу асвятлення і спрабавала злавіць абрысы завода ў шчыльнай заслоне адкідаў. Іх было так шмат, што ў гэтай заслоне складана было нешта ўбачыць.
У выніку я абірала паміж двума кадрамі. У адным я наўмысна змясціла Алену амаль да краю кадра, каб стварыць у ім напругу, але ўсё ж зрабіла выбар на карысць цэнтральнай, больш узважанай кампазіцыі і натуральнага асвятлення. Калі я пагаварыла з Аленай і больш даведалася пра яе жыццё, мне здалося, што «журнальнае» асвятленне ёй не пасуе. Яна не чалавек на барыкадах у святле сафітаў, не змагар дзеля змагання. Гэтай крохкай жанчыне проста не пакінулі выбару, і яна шмат гадоў пасладоўна змагалася супраць будаўніцтва, а цяпер змагаецца супраць афіцыйнага адкрыцця завода, які атручвае ў тым ліку яе сям’ю.
Мяне зачапіла гэтая гісторыя супрацьстаяння чалавека і экалагічна небяспечнай вытворчасці. Мне было б цікава папрацаваць над ёй у асобным праекце; бо, калі я спрабавала знайсці больш інфармацыі па тэме, аказалася, што беларускія СМІ не надаюць гэтай праблеме патрэбнай увагі. У мяне самой двое маленькіх дзяцей, з якімі я ездзіла на здымкі; калі б каля нашага дому пабудавалі шкодную вытворчасць, я гэтак сама, як і Алена, не сядзела б, склаўшы рукі, і змагалася б за права дыхаць чыстым паветрам».
Дар’я Сапранецкая прыйшла ў фотажурналістыку праз абарону свабоды сходаў: за ўдзел у мітынгу 19 студзеня 2010 году (у «Плошчы»), Дар’я адсядзела 15 сутак у ізалятары. Зняволенне і знаёмства з суседкамі па камеры адкрыла для Дар’і іншыя тэмы, апрача камерцыйнай фатаграфіі. Цяпер на яе прафесійным рахунку шмат рэпартажаў з дэманстрацыяў пратэсту, некалькі праваабарончых фотапраектаў: каляндар аб праблемах утрымання ў ізалятарах; праект пра пенсіянераў, якія не баяцца хадзіць на мітынгі і супрацьстаяць АМОНу, і іншыя праекты.