Славутая «Пагоня» прыйшоў да нас з даўніх часоў.
Гэта герб Вялікага княства Літоўскага, гэта дзяржаўны герб Беларускай Народнай Рэспублікі (1918-1919) і Рэспублікі Беларусь (1991-1995), піша журналіст «Радыё Рацыя» Сяргей Чыгрын.
У 1995 годзе дыктатар Лукашэнка ініцыяваў рэферэндум, у выніку якога наш славуты герб „Пагоня” быў пазбаўлены статуса дзяржаўнага гербу і Пагоня трапіла пад негалосную забарону. Але беларусы ніколі не забылі свой гістарычны герб. Яны з ім сёння выходзяць на плошчы і вуліцы, наладжваюць розныя мерапрыемствы, выдаюць з „Пагоняй” разнастайную сувернірную прадукцыю, адзначаюць юбілеі вялікіх асобаў Бацькаўшчыны. Выява герба „Пагоня” шмат разоў была адлюстравана на беларускіх паштоўках. І гэтых паштовак з кожным годам выпускаецца ўсё больш і больш.
Першая паштоўка з выявай герба „Пагоня” выйшла з друку ў 1919 годзе ў Берліне. Спачатку свет пабачыла першая паштоўка з тэкстам “Ніхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка”, а потым адбылося яе перавыданне ў 1940-я гады з тэкстам “Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка”.
У 1920 годзе, дзякуючы таварыству імя Францыска Скарыны, у Коўне з’явілася паштоўка з выяваю беларускага нацыянальнага штандару. Над сцягам на паштоўцы адлюстравана „Пагоня”. З адваротнага боку паштоўкі напісана:”Пачтовая пісулька” і тое, што яе друкаваў друкар Марголін у Коўне.
У 1948 годзе ў Нямеччыне была надрукавана беларуская паштоўка “Вялікія дзеячы беларускага адраджэньня” з партрэтамі Кастуся Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, Францішка Багушэвіча, Пётры Крэчэўскага і Васіля Захаркі. Аўтарам паштоўкі быў мастак Мікола Сільвановіч.
Побач з партрэтамі вялікіх дзеячаў намалявана і „Пагоня”. Дарэчы, пазней у Беларусі шмат выйшла з друку паштовак, прысвечаных вялікім асобам Беларусі. Многія з іх аздоблены і гербам „Пагоня”. Напрыклад, да 90-х угодкаў БНР у Берасці выйшла серыя паштовак “Славутыя постаці Берасцейшчыны”, дзе не толькі надрукаваны партрэты славутых берасцейцаў, але і герб „Пагоня”.
З гербам „Пагоня” выходзілі паштоўкі, прысвечаныя Льву Сапегу (2007 год), Канстанціну Астрожскаму (мастак Мікола Купава), серыя паштовак “Вялікія беларусы ХХ стагоддзя” сядзібы-музея выяўленчага мастацтва г.Старыя Дарогі Анатоля Белага (1939-2011). Гэта паштоўкі з „Пагоняй”, прысвечаныя Максіму і Адаму Багдановічам, Анатолю Бярозку, Міколу Ермаловічу і іншых дзеячам.
Той самы Анатоль Белы за свой уласны кошт выпусціў серыю паштовак з бел-чырвона-белым сцягам і гербам „Пагоня”, якія адлюстроўвалі яго клуб “Спадчына” і БНФ “Адражэньне”. Паштоўка, прысвечаная Максіму Багдановічу (мастачка Ірэна Рагалевіч-Дутко) таксама выйшла з „Погоняй” у Нью-Ёрку ў 1991 годзе.
„Пагоня” надрукавана на паштоўках, прысвечаных слаўным сынам беларускага адраджэння ў Латвіі Кастусю Езавітаву і Сяргею Сахараву. Аўтарам паштовак з’яўляецца Вячка Целеш. Паштоўкі пабачылі свет у 1993 годзе ў Рызе.
У 1943 годзе выданнем Беларускага камітэту самапомачы ў Берліне з’явілася паштоўка “Жыве Беларусь” з выяваю „Пагоні”. А скаўцкае выдавецтва “Гарц” у Ватэнштэце ў 1948 годзе парадавала беларусаў паштоўкай “У крывавых муках мы народзім жыцьцё рэспублікі сваей! 1918-1948”. У гэтым жа годзе ў Нямеччыне выдаецца і паштоўка “25 Сакавіка 1918-1948”, на якіх змешчаны і герб „Пагоня”.
Выдавец Янка Калбаска ў 1966 годзе, дзякуючы аддзелу Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, выдаў паштоўку-улётку з „Пагоняй” “25 сакавіка 1918-1966”. Герб „Пагоня” прысутнічае і на паштоўцы “Князь Вітаўт”. Паштоўка выйшла з друку ў двух колерах – шэрым і зялёным. Яе выдала Задзіночаньне беларускіх ветэранаў у Брысбэне напачатку 1950-х гадоў.
Паштоўка-бланк з „Пагоняй” выкарыстоўвалася для віншаванняў ці запрашэнняў, яна была выдадзена ў Канадзе ў 1970-я гады.
„Пагоня” мастака Яўгена Куліка ў канцы 1970-х гадоў трапіла да беларусаў у Вялікабрытанію. А ў 1980-м годзе „Пагоня” Куліка з’явілася на паштоўцы, якую выдала Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі. На адвароце паштоўкі змешчаны тэкст на беларускай, ангельскай і французскай мовах. Паштоўка была прысвечана 1000-годдзю Беларусі. Найлепшых зычэнняў у юбілейным годзе жадала і яшчэ адна паштоўка з „Пагоняй” у 1980-м годзе.
У 1990-м годзе ў Беларусі з’явілася паштоўка з „Пагоняй” “25 Сакавіка. З днём абвешчаньня Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)”. Хто аўтар паштоўкі – невядома. Але на ёй унізе напісана: “М-90”.
„Пагоня” цудоўнага мастака Міколы Купавы на паштоўцы была надрукавана ў дзяржаўным выдавецтве “Беларусь” у 1991 годзе. Наклад паштоўкі вялікі – 45 тысяч асобнікаў.
Навагодняя паштоўка з „Пагоняй” выйшла ў 1992 годзе ў Слоніме. Наклад яе налічваў 100 тысяч асобнікаў. Аўтарам паштоўкі з’яўляецца слонімскі мастак Яўген Гіль. Прыгожая віншавальная паштоўка з „Пагоняй” “Віншую. 25 Сакавіка Дзень абвяшчэння БНР” таксама пабачыла свет. Хто аўтар яе і дзе выйшла – невядома.
У 1994 годзе паштоўку з „Пагоняй” падрыхтавала ТАА “Графема”. Яна была надрукавана ў выдавецтве “Беларусь”. На паштоўцы на беларускай і ангельскай мовах напісана: “Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь”.
У сакавіку 1994 годзе прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Біл Клінтан наведаў Беларусь. З вялікай трыбуны з „Пагоняй” у Менску ён прамаўляў: “Упершыню мы маем магчымасць пераадолець падзел Еўропы і стварыць супольнасць, дзе дачыненні грунтуюцца на павазе суверэнітэту і непарушнасці межаў; дзе ўсе грамадзяне роўныя, а палітычныя рашэнні прымаюцца бальшынёю з абавязковым улікам і абаронаю правоў меншыні; дзе свабодны гандаль забяспечвае дабротамі вольнага рынку ўсіх людзей, што жывуць ва ўсё больш незалежным свеце”. Гэтыя словы змешчаны з адваротнага боку паштоўкі. Яна была выдадзена “Тэхналогіяй” у 1996 годзе.
„Пагоня” была апублікавана і на паштоўцы-календары “Гонар беларускай нацыі” (2001 г.) са знакавымі датамі беларускай гісторыі і словамі Ларысы Геніюш.
У 1995 годзе выдаецца яшчэ адна паштоўка з гербам „Пагоня”, які здымае кран з фасадаў Дома Ураду ў Менску. Хто выдаў паштоўку – невядома. Вядома толькі, што калаж рабіў Мацьвей Рэпкаў-Смаршчок. На паштоўцы шмат тэксту: “25 травеня 1995 году ў Менску загадам адміністрацыі беларускі нацыянальны герб „Пагоня” зняты з фасадаў Дома Ураду і будынку на Кастрычніцкай плошчы і г.д…”. І словы Максіма Багдановіча: “Мо яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі ў здагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі й аддалі ў палон…
Усё ж лятуць і лятуць тыя коні!”
Свет пабачыў і вялікі набор паштовак “Гародня – другая сталіца БНР”. На кожнай паштоўцы стаіць пячатка з „Пагоняй”. Паштоўка была выдадзена пры дапамозе гарадзенскага руху “За Свабоду”. Канцэпцыя серыі, дызайн і тэхнічная апрацоўка – Андрэя Павача, Алеся Раднова і Аляксея Салея.
Прыгожыя шматколерныя паштоўкі з’явіліся і да 90-годдзя БНР з „Пагоняй” і з тэкстам гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі!..” Макара Краўцова. Паштоўкі падрыхтавала суполка “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў і камісія па культуры Партыі БНР. Мастак і дызайнер паштовак – М.Купава і І.Марачкін.
Да 100-годдзя БНР таксама выдаваліся паштоўкі. Адна з іх – “100 год БНР. Не разбіць, не спыніць, не стрымаць”. З адваротнага боку паштоўкі апублікавана кароткая гісторыя БНР і рэклама крамы Symbal.by. Дызайнер паштоўкі Макс Пякарскі…