Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Ён піша сэрцам»

20.02.2020 культура
«Ён піша сэрцам»

Рэпартаж з выставы Алеся Марачкіна.

Урачыстае адкрыццё мастацкай выставы Алеся Марачкіна «Зацьменне» прайшло ў Мінску на пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» у сераду, 19 лютага, сообщает spring96.org.

Імпрэза пачалася з выступу спевака Кастуся Герашчанкі, які выканаў некалькі ўласных песень на словы мастака і паэта Алеся Марачкіна. Але гэта быў не адзіны сюрпрыз, які арганізатары імпрэзы падрыхтавалі для першых наведвальнікаў.

Адкрываючы выставу праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі паведаміў, што неўзабаве мастаку споўніцца 80 год, распавёў прысутным, як узнікла ідэя арганізаваць гэтую выставу.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі.

«Такіх мастакоў мы маем вельмі мала. Тут у адной асобе супадаюць і мастацкі талент, і грамадзянская пазіцыя, і любоў да Радзімы. А яшчэ можна дадаць ягоны дэмакратычны светапогляд і павагу да правоў чалавека», - адзначыў Бяляцкі.

Праваабаронца прыгадаў, якое ўражанне некалі зрабіла на яго карціна «Смаленне вепрука», якую малады мастак намаляваў якраз да стагоддзя Леніна, распавёў пра «Маці Божую ахвяр Чарнобыля», з-за якой супрацоўнікі міліцыі ў 1996 годзе, пры разгоне мітынгу моцна збілі мастака, ледзьве не зрабіўшы яго калекай.

Алена Гушча і Мечыслаў Бурак.

Алесь Марачкін патлумачыў прысутным, чаму вырашыў назваць выставу «Зацьменне»:

– Перад вамі – дзіця ваенных гадоў, нарадзіўся я ў 1940 годзе, перажыў і Трэці Рэйх, і партызаншчыну, і завяршэнне калектывізацыі. А зараз мы апынуліся ў тым жа часе, ад якога імкнуліся вызваліцца, у тым жа спрадвечным зацьменні.

Генадзь Драздоў
Кастусь Герашчанка і Алесь Марачкін.

«Не расслабляйся, адчувай сякеру над галавой»

Некалі адзін з заснавальнікаў мастацкай суполкі «Пагоня» Яўген Кулік у размове з Алесем Марачкіным пажартаваў: “Не расслабляйся, адчувай сякеру над галавой”

На імпрэзе выступілі даўнія сябры Марачкіна – мастак і былы кіраўнік «Пагоні» Генадзь Драздоў, акадэмік, актывіст Беларускага народнага фронту і адзін з арганізатараў і заяўнікаў шматтысячных мітынгаў пачатку 1990-х Мечыслаў Бурак, адзін з кіраўнікоў КХП БНФ Алесь Чахольскі.

Таццяна Процька і Алесь Марачкін

Яны віншавалі мастака з адкрыццём выставы ў такім цудоўным месцы, з блізкім юбілеем, жадалі творчага натхнення.

Алесь Марачкін віншуе Іларыёнв Трусава з 16-ці годдзем

«У мастака ёсць свой колер – і гэта колер Марачкіна, па якім можна было пазнаць ягоныя мастацкія працы, – адзначыла ў сваім выступе навукоўца і грамадская дзяячка Таццяна Процька. – Ён піша сэрцам, і важна каб яно вытрымала».

А гасцей выставы чакалі новыя неспадзяванкі. Так, Алесь Марачкін паведаміў, што ў залі знаходзіцца адзін персанажаў ягонай карціны, актыўны абаронца Курапатаў Іларыён Трусаў, якому споўнілася сёння 16 год. Мастак павіншаваў юнака і ўручыў яму сваю працу. Дарэчы, пад час імпрэзы нечакана высветлілася, што ў залі знаходзіцца яшчэ адзін юбіляр, актыўны абаронца Курапатаў і незалежнасці айцец Вікенцій, якому споўнілася 60 год.

Дык а пра што выстава?

Новыя працы мастака прысвечаныя грамадска-значным падзеям апошніх гадоў і адлюстроўваюць сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Беларусі праз уласны погляд творцы на культуру і дух беларускага народа. Каб дазнацца больш падрабязна - варта наведаць выставу самім, бо, як кажуць «лепей адзін раз убачыць, чым сто - пачуць».

Завяршыў імпрэзу выступ барда Зміцера Марчука, пасля якога прысутныя маглі паразмаўляць з мастаком, падзяліцца ўражаннямі, сфатаграфавацца з Майстрам на памяць.

Бард Зміцер Марчук.

Нагадаем, выстава Алеся Марачкіна «Зацьменне» будзе працаваць яшчэ некалькі тыдняў. Каб яе наведаць – патрэбна папярэдне ўзгадніць час па тэлефоне +375 (44) 716-59-93.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]