Найлепшыя мерапрыемствы ў Менску, Гомлі ды Горадні.
Дзень роднай мовы ва ўсім сьвеце адзначаюць 21 лютага. Вось спіс цікавых падзеяў на гэтым тыдні, зьвязаныя зь беларускай мовай і культурай, піша svaboda.org.
«Мова-фэст»
Калі: 22 лютага, 13.00–22.00
Дзе: «ОК16» (вул. Кастрычніцкая, д. 16, корпус 27)
Самая буйная імпрэза да Дня роднай мовы. Шэсьць пляцовак. Майстар-клясы, лекцыі, квэсты, фудтракі. Бізнэс па-беларуску. Музычная праграма з Akute і Volski. Так шмат усяго, што лепей паглядзіце ў афішы.
А 16-й гадзіне на пляцоўцы «Годна» (у вялікай залі) «Радыё Свабода» запрашае на прышчэпку беларускае мовы: мовазнаўца Вінцук Вячорка раскажа і пакажа, якія тыповыя, часам сьмешныя, памылкі робяць пачаткоўцы ды як ад іх пазбавіцца.
Фільмы ў Менскім плянэтарыі
Калі: з 21 лютага, 17.00
Дзе: вул. Фрунзэ, 2 (Парк Горкага)
Анімацыйны фільм «Далёка ад Сонца» раскажа пра маленькую дзяўчынку Селесту, якая вандруе па Сусьвеце разам зь Месяцам, назірае плянэты-ізгоі, акіянічныя сьветы і супэрземлі. Гэты фільм і далей будуць паказваць выключна на беларускай мове. Першы сэанс — 20 лютага а 18.00, далей можна сачыць у афішы.
Расклад паказаў на 21 лютага:
• 17.00 — «Далёка ад Сонца»,
• 18.00 — «Мышаняты і Месяц»,
• 19.00 — «Рознакаляровы Сусьвет» (для дарослых)
• 20.00 — «Мая. Назіральнікі Сусьвету» (для дарослых).
Паглядзець гэтыя фільмы запрасілі і беларускіх паэтаў, якія на пачатку кожнага сэансу пад праекцыю касьмічных глыбінь на купале плянэтарыя пачытаюць свае творы. Прагучаць вершы Віктара Жыбуля, Веры Жыбуль (Джэці), Антона Рудака, а таксама казка для маленькіх Натальлі Бучынскай.
Квіткі каштуюць 4 рублі для дзяцей, 4,8 рубля для дарослых.
Прэзэнтацыі і сустрэчы Інстытута мовазнаўства
Калі: 20 лютага, 18.30
Дзе: «Акадэмкніга», пр. Незалежнасьці, 72
Сустрэча з аўтарамі «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы»
Калі: 21 лютага, 13.00
Дзе: Дом прэсы, вул. Багдана Хмяльніцкага, 10а
Дырэкцыя і супрацоўнікі Інстытуту мовазнаўства даюць прэс-канфэрэнцыю з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы.
Акцыі ў музэі Якуба Коласа
Калі: 21 лютага, 11.00–13.00
Дзе: Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа, вул. Акадэмічная, 5
«Дзясятка — за Коласа» — так завецца музэйная акцыя-дыктоўка па творах Якуба Коласа. Трэба ня толькі напісаць, але і вызначыць, зь якога твора быў узяты ўрывак. Пасьля — інтэрактыўная гульня-віктарына «Жывы клясык». Можна паўдзельнічаць і онлайн: у Instagram праходзіць акцыя «Маё беларускае слова». Каб узяць удзел, трэба да беларускага слова, якое выклікае ў вас усьмешку замілаваньня, падабраць фотаілюстрацыю і зьмясьціць у Instagram з хэштэгам #movakolas. Пераможцаў вызначаць 21 лютага, усе яны атрымаюць падарункі ад музэю.
Уваход вольны.
Канцэрт BelaRytm у ліцэі БДУ
Калі: 21 лютага, 16.30
Дзе: вул. Ульянаўская, 8
У Ліцэі БДУ не абмежаваліся адным днём. Там праходзіць цэлы Тыдзень роднай мовы, які штогод арганізоўваюць самі ліцэісты. Завяршыцца ён 21 лютага вялікім канцэртам BelaRytm. Іграюць Андрусь Такінданг, Раман Арлоў, Кацярына Ваданосава, Atesta ды іншыя музыкі.
Уваход паводле рэгістрацыі.
ЗБС запрашае ў госьці
Калі: 21 лютага, 19.00
Дзе: вул. Кастрычніцкая, 19, корпус 20
Задзіночаньне беларускіх студэнтаў запрашае адсьвяткаваць Дзень роднай мовы ва ўтульнай атмасфэры з прыемнай музыкай і выдатнымі людзьмі. У праграме цёплая гарбата, онлайн-квіз, невялічкія прамовы і прэзэнтацыі.
Уваход вольны.
Майстар-кляса па беларускай лацінцы
Калі: 21 лютага, 19.00
Дзе: Літаратурны музэй ім. Максіма Багдановіча, вул. Максіма Багдановіча, 7а
Супрацоўнік музэю Арцём Тарасевіч прачытае лекцыю «Maksim B-wicz vs Максім Б-віч», у якой раскажа гісторыю зьяўленьня беларускай лацінкі, яе суіснаваньне з кірыліцай, розныя варыянты напісаныя і іх прынцыповыя адрозьненьні. Кожны ўдзельнік засвоіць беларускі лацінскі альфабэт.
Уваход вольны.
Беларускамоўны стэндап
Калі: 21 лютага, 20.00
Дзе: Standup Comedy Hall, вул. Куйбышава, 45
У першым беларускім стэндап-клюбе пройдзе другая беларускамоўная вечарына. Жартаваць будуць выключна па-беларуску. Абяцаюць, што будзе сьмешна!
Квіткі ад 15 рублёў.
Нацыянальная дыктоўка ў Горадні
Калі: 21 лютага, 18.30
Дзе: Горадня, вул. Кірава, 3
Таварыства беларускай мовы і Саюз беларускіх пісьменьнікаў запрашаюць на Нацыянальную дыктоўку. Яшчэ абяцаюць культурную праграму!
Уваход вольны.
Творчая майстэрня ў Гомлі
Калі: 21 лютага, 19.00
Дзе: Гомель, вул. Працоўная, 7а, 2 паверх, кабінэт 14
Тэма сустрэчы — людзі, якія прысьвяцілі жыцьцё беларускай мове. Імпрэзу «Нашы героі» прыдумалі, каб за адзін вечар даведацца пра дзеячоў Беларусі. Кожны наведнік можа падрыхтаваць свой аповед пра выдатнага дзеяча і расказаць на сустрэчы.
Уваход вольны.