У пошуках шчасьця па-беларуску.
Слова дацкай мовы «хюґе» (hygge) літаральна азначае ўтульнасьць. Але ва ўсім сьвеце яно зрабіла фурор як сынонім скандынаўскага паняцьця шчасьця. Пра hygge пішуць кнігі, здымаюць фільмы і спрачаюцца ў сацыяльных сетках. У праекце «Свабода» шукае, як будзе hygge па-беларуску. Беларусы, якія ўмеюць адчуваць шчасьце, дапамагаюць знайсьці адказ.
Дзьмітры чакае журналістаў у адной са сваіх горадзенскіх кавярняў. Тут утульна ад ціхага мігценьня ліхтарыкаў, яшчэ навагодняга аздабленьня і, канечне, водару кавы, якую называюць адной з найлепшых у горадзе. Хлопцы самі пражаць зярняты кавы з усяго сьвету: Гандурасу, Нікарагуа, Бразыліі, Гватэмалы, Этыёпіі.
«Ла-тэ», — бязгучна, аднымі вуснамі гаспадар перадае замову барысьце, якая стаіць за некалькі мэтраў ад століка.
Сямʼя Захаркаў, паводле сямейнай легенды, — нашчадкі таго самага Васіля Захаркі, айца БНР. Першую кавярню Дзьмітры адкрыў разам з паплечнікам 4 гады таму. Напачатку гаспадары варылі каву наведнікам самі. Захаркавы кавярні маюць беларускія назвы і карыстаюцца ў горадзе добрай славай. Тут можна сустрэць гарадзкіх актывістаў, а можна — навукоўцаў, якія прыйшлі абмеркаваць новы праект ці падзею. Такія месцы называюць культавымі, і ўзрост тут, здаецца, ні пры чым.
Калі вы адчуваеце шчасьце?
«Сын Міхась робіць мяне шчасьлівым вельмі часта. Глядзіш, усьміхаесься. Не заўсёды, канечне, — хапае розных момантаў. Калі дзіця сьпіць, ты глядзіш на яго — і ажно замілаваньне. Мне здаецца, гэта знаёма кожнаму.
Мажлівасьць часам пабыць сам-насам з сабой, падумаць пра нешта — гэта таксама хюґе.
Калі едзеш па сьнезе на дошцы — усё клясна. Я гэта раблю раз на год, і раз на год на лодцы катаюся. Калі б я гэтага не рабіў, мне было б дрэнна. Варта вырвацца і трошкі адпачыць.
Маё шчасьце зьвязанае зь Беларусьсю. Я не хачу жыць у іншым месцы, у тым ліку ў „саюзнай дзяржаве“».
«Хапай момант. Уменьне цешыцца момантам. Гэта можа быць праслухоўваньне музыкі, чытаньне кніжкі, замілаваньне дзіцем. Гэта можа быць твой каханы або каханая, варушняк, імпрэза. Калі ня цешыцца гэтымі момантамі, што тады нам застанецца? Проста хадзіць і ўсьміхацца цэлымі днямі не атрымаецца».
Як зьвязанае шчасьце з вашай прафэсійнай дзейнасьцю?
«Я займаюся больш-менш любімай справай. Яна заключаецца ня толькі ў тым, каб кіраваць кавярняй ці стаяць за стойкай. На жаль, вельмі шмат рэчаў, якія рабіць ня хочацца, адміністратыўнага або бюракратычнага характару. Але агулам мне падабаецца тое, што я раблю, гэта робіць мяне шчасьлівым».
«Маю надзею, што тое, што мы робім у сваёй сфэры, адрозьніваецца ад звычайных бізнэсаў дзеля грошай. На мой погляд, мы робім больш душэўныя месцы, ад сэрца, прыемныя людзям. Неяк я гэта адчуваю. Каб ня сорамна мне было.
Можна адкрыць звычайную піцэрыю і рабіць добрую піцу. Проста нейкая піцэрыя, якая тут была, і ніхто яе не запомніць. Маю надзею, што „Нашу каву“ людзі запомняць. Можа, калісьці пра яе загавораць як пра легенду. Бывае, кажуць, калі зачыняецца якая кавярня: „Адышла эпоха“.
Я б хацеў, каб маю кавярню запомнілі як ёсьць: добрая кава, добразычлівыя барысты.
Найлепшая, зялёная, кава будзе каштаваць 2 тысячы даляраў за кіляграм. Але мы заўсёды спрабавалі рабіць найлепшы прадукт у сваёй цэнавай катэгорыі. Хтосьці скажа, што гэта нятанна, хоць за такія самыя грошы шмат у якіх месцах прадаецца менш якасны прадукт. Мы заўсёды шукалі нядрэнныя варыянты».
Як вы разумееце, што гэта шчасьце?
«Разумееш, што ўсё клясна. Сядзіш — і вось клясна, клясна размаўляем. Калі хвіліначку можаш не засяроджвацца, крышку разгрузіцца. Не хачу, каб усё засяроджвалася на каве. Не магу сказаць, што кава для мяне — усё жыцьцё. Дрэнна будзе бяз кавы, але змагу».
Які смак мае шчасьце?
«Вядома, смак кавы. Якой-небудзь кляснай, смачнай кавы, хай будзе кенійскай. Яна мне падабаецца. Усе пра яе ведаюць. Калі ты прафэсіянал, ты зразумееш, што яна з Кеніі. Яна мае свае асаблівасьці, у яе свой смак».
«Кавярні і кава — неадʼемная частка жыцьця гараджанаў. У Горадні гэта ўжо больш за 200 гадоў, з часоў Тызэнгаўза. Кавярні, кава, гарбата, звычай бавіць час у грамадзкіх месцах — нармальная справа, людзі гэтым займаюцца даўно. Проста з кніжкай пасядзець. Гэта элемэнты шчасьця. Зрабіць перапыначак, пасядзець, „пахюґгіцца“ і кайфануць.
Нехта бярэ каву з сабой і ідзе гуляць, цешыцца горадам, вулкамі, размовай. Кава — гэта ня сродак, а хутчэй спадарожнік».
Як будзе «хюґе» па-беларуску?
«Павінны быць нейкія трапныя, прыгожыя беларускія словы, але я зараз не прыгадаю. Асалода? Можа быць».
Наколькі шчасьлівыя беларусы?
«Мне здаецца, мы шчасьлівыя, але ніяк ня хочам гэтага паказаць, чамусьці гэта хаваем, прыбядняемся. Я ведаю шмат клёвых людзей, якія не саромеюцца свайго шчасьця.
Калі беларусы ня будуць шукаць свайго шчасьця ці хюґе, ня будуць умець цешыцца момантам, то цяжка будзе выжыць. Беларусы могуць быць шчасьлівымі. Нельга казаць, што беларусы — нешчасьлівая нацыя. Мы любім скардзіцца і казаць, як усё дрэнна. Я супраць. На пытаньне, як маюся, стараюся адказваць, прынамсі: „Няблага“, „Больш-менш“».
Як навучыць людзей шчасьцю?
«Адукацыя, дабрабыт дазваляюць чалавеку інакш глядзець на сьвет і шукаць шчасьця не ў гарэлцы або танных алькагольных напоях, а ў іншых рэчах. Вядома, можна быць багатым духоўна і ня мець нічога матэрыяльнага, жыць на вуліцы ў Індыі і быць шчасьлівым. Але гэта выключныя выпадкі, на мой погляд. Пэўны дабрабыт, калі чалавек ня думае, што яму сёньня паесьці або як заплаціць за элемэнтарныя рэчы, дазволіць цешыцца тым момантам, які прыходзіць.
Ніхто так ня робіць: „Вось зараз злаўлю хюґе“. Нельга сесьці і раптоўна стаць шчасьлівым».