Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як беларуская студэнтка ратавала індзейцаў мая

22.02.2020 общество
Як беларуская студэнтка ратавала індзейцаў мая

Незвычайная гісторыя Ганны Платніцкай.

У сьвеце і сёньня хапае мясьцін, дзе людзі пазбаўленыя элемэнтарных выгодаў цывілізацыі — якаснага харчаваньня, мэдычнай дапамогі, школьнага навучаньня. Як правіла, гаворка пра карэнныя народы, якія жывуць гэтаксама, як дагэтуль стагодзьдзямі існавалі іхнія продкі.

Журналіст «Радыё Свабода» Ігар Карней паглядзеў, як міжнародныя ініцыятывы намагаюцца аблягчыць побыт абарыгенаў у Гватэмале.

Некалькі гадоў таму разам зь іншымі валянтэрамі загарэлася ідэяй дапамагчы нашчадкам індзейцаў мая і беларуская студэнтка-мэдык, будучая дзіцячая пэдыятарка Ганна Платніцкая. Яна далучылася да інтэрнацыянальнай каманды клінікі Health&Help, што месьціцца ў цяжкадаступным горным раёне Гватэмалы.

Лекі замест сэансаў экзарцызму

Праз 500 гадоў пасьля калянізацыі гішпанцамі Новага сьвету і дэклясацыі абарыгенаў самымі індзейскімі куткамі засталіся Гватэмала ў цэнтральнай частцы амэрыканскага кантынэнту і Балівія ў паўднёвай. Доля карэннага насельніцтва ў абодвух выпадках перавышае 50% — нашмат больш, чым ва ўсім астатнім рэгіёне.

Фото: svaboda.org

Колькасна лідзіруе Гватэмала: на тэрыторыі ўдвая меншай за Беларусь жыве 18 мільёнаў чалавек. Гэта значыць, індзейцаў тут столькі ж, колькі беларусаў у межах краіны — больш за 9 мільёнаў. Яшчэ прыкладна 6 мільёнаў дадае Балівія.

Спрадвек індзейскія плямёны жывуць кампактна, захоўваючы тысячагадовыя традыцыі і культуру сваіх продкаў. Яны слаба інтэграваныя ў дзяржаўную сыстэму, існуюць пераважна з натуральнай гаспадаркі і продажу традыцыйных вырабаў.

Фото: svaboda.org

Так, гватэмальскі горад Чычыкастынанга двойчы на тыдзень ператвараецца ў суцэльны кірмаш (чычы-маркет), дзе выяўляюцца ўсе грані талентаў колішніх гаспадароў гэтага краю. Аўтэнтычныя строі, упрыгожаньні з каштоўных мэталаў, рытуальныя маскі, календары мая на любых «носьбітах».

Пры гэтым кожны рэгіён мае свой асаблівы калярыт, натрэніраванае вока адразу вылічыць, зь якога краю госьць — зь перадгорʼя Антыгуа ці глухамані на жывапісным возеры Атытлян. Але ўсё абавязкова такое ж яркае, як апярэньне ўзьведзенай у культ птушкі кетцаль — у яе гонар названая нацыянальная валюта, а сама птушка фігуруе на гербе краіны, які дублюецца і на дзяржаўным сьцягу.

Цікава паназіраць за вернікамі, якія яшчэ на вуліцы пачынаюць кідацца ніцма з таўшчэзнымі сьвечкамі ў руках: закуродымлены касьцёл яўна выкарыстоўваецца як прыкрыцьцё для малітваў старым індзейскім багам, толькі замест ахвяры нясуць стосы жывых кветак. Іх можна набыць проста на прыступках.

Фото: svaboda.org

Ці ня самая моцная энэргетыка — на поўначы, у мясцовасьці Тыкаль. У колішняй сталіцы Мутульскай імпэрыі захавалася адно з найбуйнейшых гарадзішчаў мая: піраміды з ахвярнымі алтарамі, шматпавярховыя палацы, раскошныя храмы. Сёньня ў Гватэмале жывуць больш як два дзясяткі плямёнаў: кічэ, кекчы, какчыкель ды іншыя. Яны гавораць на незьлічоных дыялектах, але ўсіх яднае агульнае паходжаньне ад мая.

Фото: svaboda.org

Пад уплывам імклівай глябалізацыі традыцыйныя індзейскія арэалы звужаюцца, людзі апынаюцца перад новымі пагрозамі. У гэтым пераліку і хваробы, да якіх абарыгены надзвычай уражлівыя. Шмат у якіх мясцовасьцях дагэтуль праблематычна здабыць элемэнтарныя пілюлі ад прастуды. Дабрачынныя шпіталі — адзін з паратункаў.

На пачатку 2016 году на скрыжаваньні дарог блізу вёсачкі з назвай, якую ня выгаварыць — Чуйнахтахуюп, за 200 кілямэтраў ад сталіцы Гватэмала-сіці і на вышыні 2000 мэтраў над узроўнем мора пачалі закладаць падмурак пад клініку. Яе прыдумала лекарка-інфэкцыяністка з башкірскай Уфы Вікторыя Валікава — на пару зь сяброўкай-адміністратаркай Карынай Башаравай, цяперашняй выканаўчай дырэктаркай арганізацыі Health&Help.

Фото: svaboda.org

Спэцыялізацыя Валікавай — трапічныя хваробы, яна выпускніца Інстытуту трапічнай мэдыцыны ў Антвэрпэне. Да таго ўжо мела досьвед працы на Гаіці, у Гандурасе, потым дадалася Нікарагуа. Але заўсёды хацелася не туляцца абы-дзе, а мець як мінімум аналяг савецкага ФАПу.

Месцам дысьлякацыі абралі Гватэмалу, дзе ў высакагорʼі мэдыцыны часта проста няма. Як вынік — высокі ўзровень сьмяротнасьці і мінімальны доступ да жыцьцёва важных рэсурсаў. Абвясьцілі збор ахвяраваньняў, мабілізавалі валянтэраў-архітэктараў і будаўнікоў, кінулі кліч сярод тых, хто гатовы працаваць дабрачынна.

Фото: svaboda.org

Асобна зьвярнуліся да спонсараў, бо нават нязначныя для багатага бізнэсоўца сумы маюць для клінікі вялізнае значэньне. Сродкі можна пераводзіць на канкрэтныя задачы, выкананьне якіх рэальна кантраляваць онлайн.

Апошнія ў чарзе па сацыяльныя выгоды

Не без праблемаў і канфліктаў, але роўна тры гады таму, у канцы лютага 2017-га, амбуляторыя запрацавала. Насельнікі ваколіц, якія ў працэсе самалячэньня абыходзіліся сэансамі экзарцызму і шаманскімі абрадамі, нарэшце атрымалі кваліфікаваную дапамогу. Цяпер на сталым кантролі прыкладна 20 тысяч чалавек. Асноўныя праграмы — дзеці, якія галадаюць, вядзеньне цяжарнасьці, навучаньне кантрацэпцыі, лячэньне і прафіляктыка дыябэту ды іншыя.

Фото: svaboda.org

Пазамінулым летам шэрагі мэдыкаў-добраахвотнікаў папоўніла студэнтка Беларускага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту Ганна Платніцкая. Працавала без выходных і адгулаў, прымаючы караваны абарыгенаў з навакольных вёсак. Без падрыхтоўкі было нялёгка, але спадзяецца, што палявая загартоўка дапаможа стаць высакаклясным спэцыялістам.

Цяпер Ганна на 5 курсе пэдыятрычнага факультэту, застаецца яшчэ шосты, апошні год. Той практычны досьвед лічыць ці ня самым каштоўным у сваёй непрацяглай пакуль працоўнай біяграфіі. Як мінімум, вывучыла гішпанскую мову.

Фото: svaboda.org

Нягледзячы на пэрманэнтныя непаразуменьні з начальствам, якое не ў захапленьні ад паездак на край сьвету, сувязі з гватэмальскай клінікай не губляе — у статусе піяр-мэнэджэра курыруе мэдыйныя кантакты, працу фатографаў і сацсеткі праекту Health&Help.

«Спэцыфіка гватэмальскай мэдыцыны ў тым, што апаратура і мэдыкамэнты пастаўляюцца ў асноўным са Злучаных Штатаў, адпаведна, усё вельмі дорага, — кажа Ганна. — Дый наогул прафэсійную дапамогу можна атрымаць толькі ў вялікіх гарадах. А ў нас бясплатная кансультацыя і дармовыя лекі, што для сельскай мясцовасьці проста неверагодная раскоша. Да таго ж там, дзе працуе наша клініка, вёскі вельмі раскіданыя, таму прыяжджаюць здалёк семʼямі, трацячы на дарогу 6–8 гадзін. І трэба ўсіх прыняць, без адгаворкі пра абед ці канец працоўнага дня».

Фото: svaboda.org

Паводле Ганны, Гватэмала — яскравы ўзор таго, у якой ступені прадстаўнікі розных сацыяльных пластоў маюць доступ да выгодаў цывілізацыі. Карэнныя жыхары ў гэтай пірамідзе — у самым нізе.

«Калі ў Беларусі кажуць пра мэдыцыну, параўноўваюць яе з прасунутымі дзяржавамі, ад якіх мы, безумоўна, адстаём. Чым новы досьвед каштоўны — я трапіла яшчэ ў менш прагрэсіўную краіну. З аднаго боку, лекары з дарагіх клінік добра жывуць, а зь іншага, платная мэдычная дапамога шмат каму проста не па кішэні! Скажам, зламаў нагу. У нас бясплатна зробяць рэнтген, накладуць гіпс і яшчэ пракансультуе траўматоляг. У Гватэмале шанцаў пакалечыцца больш — скалы, бездарожжа, небясьпечны грамадзкі транспарт. Але тады траціш сурʼёзныя грошы, бо плаціць трэба за ўсё!»

Фото: svaboda.org

Пакуль што клініка Health&Help ня ў стане абслугоўваць пацярпелых аж на такім тэхнічным узроўні — у лепшым выпадку могуць дамовіцца з гарадзкімі калегамі пра зьніжку для сваіх няплатаздольных пацыентаў. Таму перадусім практыкуецца першасная дапамога і праца з «хронікамі». Прататып усё таго ж ФАПу, дзе аказваецца экстраная дапамога. Часам запрашаюць хірургаў на простыя апэрацыі, накшталт выдаленьня ліпомы ці чаго падобнага.

«Але на самой справе клініка здольная закрыць шмат якія праблемныя моманты — перадусім дзякуючы вялікай аптэцы, — працягвае Ганна Платніцкая. — Тут вельмі шмат хворых на дыябэт, таму ёсьць магчымасьць забясьпечваць пацыентаў неабходнымі лекамі, асабліва інсулінам. Вядома, калі гэта адразу ж не перапрадаюць, бо такое таксама бывае (сьмяецца). На жаль, спакуса зарабіць зачастую большая, чым нагода задумацца пра ўласнае здароўе».

Фото: svaboda.org

Ці варта верыць на слова таму, што пішуць трэвэл-блогеры пра цэнтральнаамэрыканскі рэгіён? Калі пачытаць некаторыя падарожныя нататкі, складаецца ўстойлівае ўражаньне: гэта менавіта тое месца, дзе ў лепшым выпадку абрабуюць, а што ў горшым — і ўяўляць ня варта.

Фото: svaboda.org

Добраахвотная ізаляцыя народу гарыфуна

За час свайго валянтэрства Ганна абʼезьдзіла ня толькі Гватэмалу, а і суседнія краіны — з Гандурасу прывозіла лекі, а ў Нікарагуа якраз ехала дзяліцца досьведам. І ўсё ж ва ўмоўным гіт-парадзе Гватэмалу ставіць на першае месца.

Фото: svaboda.org

«Не магу прыгадаць, каб здарылася нешта страшнае ці непрыемнае. Шчыра кажучы, у Гватэмала-сіці па вечарах без асаблівай патрэбы не выпаўзала, гэта тыповы мэгаполіс са спадарожным наборам праблемаў, а вось у малых гарадах абсалютна бясьпечна. Мне краіна вельмі падабаецца сваёй аўтэнтычнасьцю. Індзейцы ўручную расшываюць сваё адзеньне, гэта перадаецца з пакаленьне ў пакаленьне. Шаманы зьбіраюцца на вульканах і ладзяць там абрады. Тысячагадовыя піраміды, гарадзішчы. Рэдкая магчымасьць пабачыць зусім іншы сьвет і лад жыцьця».

Фото: svaboda.org

Тут поўна месцаў, куды не дабрацца іначай, як толькі па вадзе. У Рыё-Дульсе — гарадку з дамамі на палях у мангравых зарасьніках — можна зафрахтаваць човен і трапіць у Лівінгстан на мяжы з Бэлізам. Яшчэ адзін незвычайны куток.

Фото: svaboda.org

Тут кампактна атабарыўся чарнаскуры народ гарыфуна — нашчадкі афрыканскіх рабоў, якія ўцякалі зь нявольніцтва або траплялі ў караблекрушэньні. Уражаньне, што ім і сёньня камфортней удалечыні ад цывілізацыі, якая сілай вырвала іхніх продкаў з гістарычнай радзімы. Пад уплывам суседзяў (Бэліз да пачатку 1980-х быў брытанскай калёніяй) добра гавораць па-ангельску, а праз блізкасьць да карыбскай культуры абагаўляюць ямайскую зорку рэгі Боба Марлі. Дрэды з-пад рознакаляровых вязаных бэрэтаў вісяць нават у дзядоў.

Фото: svaboda.org

Летась Ганна зноў выбралася за акіян — гэтым разам у Нікарагуа. Там заснавальнікі Health&Help паставілі за мэту адкрыць другую сваю клініку ў Цэнтральнай Амэрыцы. На той час будынка яшчэ не было, прыём вяла фактычна ў цені дрэваў. Аглядала пацыентаў у намёце, там жа захоўваўся і запас лекаў.

Фото: svaboda.org

Стаўка тут таксама робіцца на валянтэраў, бо плаціць заробкі ва ўмовах дабрачыннага праекту няма як. Адрозна ад Гватэмалы, клініка невялікая, асноўная функцыя — выяўляць інфэкцыйныя захворваньні і аказваць неадкладную дапамогу. Сам па сабе раён Чынандэга адрэзаны ад цывілізацыі і лічыцца адным з найбяднейшых у краіне: няма электрычнасьці, сыстэмы водазабесьпячэньня, большасьць жыльля «пабудаваная» з поліэтылену.

Фото: svaboda.org

Але, як кажа Ганна, напружвалі нават ня побытавыя праблемы, а звычайны крымінал.

«Здорава, што быў акіян і сэрфінг, але ў астатнім — поўная безвыходнасьць. Дзяржава бедная, жывуць дрэнна, і пры гэтым дзіўная лёгіка паводзін — ні сабе, ні іншым. Для клінікі, якая ратуе жыцьці, створаныя неверагодныя бюракратычныя складанасьці. Выкручвайся як хочаш. Ну, і небясьпечней, бо крадуць бессаромна: у першы ж дзень у мяне выцягнулі кашалёк, камэру. Але хутка вучысься. Нават у гостэле замыкаеш рэчы на ўласны замок, бо з нумароў цягнуць самі прыбіральшчыкі. І паўсюль наркотыкі, проста ў нос суюць: „Купі, грынга!“».

Фото: svaboda.org

Амэрыканская мара гватэмальскага абарыгена

Прыродныя ўмовы жыхарам Цэнтральнай Амэрыкі дасталіся практычна ідэальныя. Тут ня горача і ня холадна, нават у сэзон дажджоў сярэдняя тэмпэратура трымаецца ў межах камфортных 25–27 градусаў, што дазваляе зьбіраць па некалькі ўраджаяў на год. Праз вульканічную актыўнасьць тут надзвычай урадлівая глеба, плюс усе краіны маюць выхад да рэсурсаў Ціхага ці Атлянтычнага (праз Карыбскае мора) акіянаў. Ня кажучы пра фантастычныя краявіды — горы, вульканы, трапічныя джунглі, унутраныя азёры.

Фото: svaboda.org

Але самі абарыгены жывуць больш чым сьціпла — у хісткіх пабудовах, часта проста пасярод кучаў сьмецьця. І ня дзіва: ім няма патрэбы клапаціцца ні пра абагрэў жыльля, ні пра зімовую вопратку, ні пра сэзонныя шыны на аўто.

«Лічыцца, што поўнач жыве лепей, бо жыхары поўдня лянівыя, — разважае Ганна. — Мне падаецца, праблема больш складаная. Імпэрыі ацтэкаў, мая для свайго часу былі звышперадавымі. Але заваёўнікаў цікавіла толькі адно — нетры, рэсурсы. Колькі Гішпанія выпампавала са сваіх лацінаамэрыканскіх калёній? У той час як брытанскія тэрыторыі ў Паўночнай Амэрыцы лічыліся проста бессэнсоўнымі. Людзі былі паняволеныя і стагодзьдзямі займаліся рабскай працай — адгэтуль і агульны недахоп адукацыі, і брак спэцыялістаў. Таму і прыцягваюць іншаземцаў».

Фото: svaboda.org

У масе сваёй гватэмальскія індзейцы не дэманструюць вялікіх амбіцый, працягваючы жыць гэтак жа, як і іх бліжэйшыя постмайскія продкі, паняволеныя гішпанскай каронай. Хоць некаторыя і спрабуюць зьехаць са сваіх горных вёсак у горад, каб нечага дасягнуць.

Фото: svaboda.org

Зрэшты, паводле Ганны Платніцкай, мэты сучаснай моладзі нашмат больш прыземленыя — любымі праўдамі і няпраўдамі трапіць у ЗША, уладкавацца ў фуд-трак і смажыць мяса. Можна не сумнявацца, што бацькі будуць дзецьмі ганарыцца, а ўся вёска будзе ім па-чорнаму зайздросьціць.

Фото: svaboda.org

Раз-пораз нават узьнікаюць стыхійныя шматтысячныя шэсьці ў бок амэрыканскай мяжы. І хоць падобныя маршы наўрад ці здольныя разжаліць Вашынгтон, спробы наблізіцца да амэрыканскай мары не спыняюцца. Праўда што: добра там, дзе нас няма...

Фото: svaboda.org
Фото: svaboda.org
Фото: svaboda.org
Фото: svaboda.org
Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]