Прэм’ера адбудзецца ў чэрвені.
«Мы адважыліся гэта зрабіць другі раз, — кажа мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Мікалай Пінігін.
Легендарны спэктакль «Тутэйшыя» паводле аднайменнай пʼесы Янкі Купалы паставяць зноў у канцы 100-га тэатральнага сэзону, у чэрвені, на сцэне Купалаўскага тэатру, паведамляе svaboda.org. У тэатры расказалі пра вынікі і пляны на юбілейны сэзон.
«З твораў Купалы ў нас ідзе цяпер толькі „Паўлінка“, — кажа Мікалай Пінігін. — „Тутэйшыя“ — гэта быў сапраўды легендарны спэктакль. Не таму, што клясны спэктакль, а таму, што былі 90-я гады. Яшчэ незалежнасьць не была абвешчаная.
Цяпер я прыдумаў іншую форму. Гэта зусім не падобна да таго, што было раней. Нават калі нічога не атрымаецца, то тэкст Купалы ўсё адно павінен гучаць з нашай сцэны. Для мяне гэта найлепшая ягоная пʼеса. Самая сурʼёзная, самая грунтоўная і самая сучасная. Бо мы ня будзем памежжам паміж лацінскай культурай і візантыйскай».
Якія яшчэ пляны мае Купалаўскі тэатар?
• У рэпэртуар вернецца спэктакль «Ня мой» рэжысэра Аляксандра Гарцуева — да 75-годзьдзя Алеся Адамовіча.
• Пакажуць харэаграфічную пастаноўку «Ўспамінаючы Шагала» расейскага рэжысэра Сяргея Зямлянскага.
• Адрамантуюць малую сцэну.
• Пакажуць фотапраект «100 партрэтаў Купалаўскага».
• У тэатры адновяць музэй. Экспазіцыя ў музэі будзе прысьвечаная гісторыі Купалаўскага тэатра.
• У Вязынцы 11 ліпеня паставяць самую масавую «Паўлінку».
«За студзень і за люты мы прадалі 98% квіткоў на спэктаклі, — расказаў дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка. — Гэта прывяло і да добрых эканамічных вынікаў: на 130% вырас прыбытак за мінулы год. Сёлета за першы месяц прыбытак вырас на 140%. Таму 50% дзейнасьці Купалаўскага тэатру фінансуецца дзяржавай і 50% — гэта нашыя пазабюджэтныя крыніцы. І больш за 100 тысяч наведнікаў прыйшлі на спэктаклі Купалаўскага тэатру».