Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Месца мастака — у акопах»

05.03.2020 культура
«Месца мастака — у акопах»

Сяргей Грыневіч распавёў пра ролю мастатцтва ў сучаснай Беларусі.

Сёлета аднаму з самых пасьпяховых беларускіх мастакоў Сяргею Грыневічу споўнілася 60 гадоў. «Радыё Свабода» пагутарыла пра тое, як мастаку сёньня стаць запатрабаваным, пра ложак Цесьлера, акцыянізм Кузьміча і знаёмства з Захарам Кудзіным.

Восемдзесят адсоткаў карцін за мяжой

Большасьць твораў Сяргея Грыневіча знаходзіцца за мяжой: у ЗША, Бразыліі, Кітаі, Гішпаніі, Швайцарыі, Нямеччыне, Францыі, Нідэрляндах, Літве, Польшчы, Украіне. На другасным рынку прыватныя калекцыянэры перапрадаюць ягоныя палотны за дзясяткі тысяч даляраў.

Некаторыя творы, як і іхны аўтар, ніколі не пакінуць Беларусь. Яны не прадаюцца. Манумэнтальная сьцяна Каложы або трыптых «Расьпяцьце». Мастак называе іх хрэстаматыйнымі і захоўвае ў майстэрні. Яна ўтварылася ў старэнькай хатцы побач з былымі ваданапорнымі вежамі Касяй і Басяй у Горадні. Вежы горад таксама аддаў пад майстэрні іншых мастакоў.

Падлога ў кроплях фарбы, даўно ня беленыя сьцены, старэнькая канапа і сонечнае сьвятло, якое прабіваецца празь непразрыстыя вокны. Тут ён робіць мастацтва. Відаць «твары» толькі некаторых карцін, астатнія складзены на паліцах або прыстаўленыя да сьцяны «сьпінай» да гледача.

Сяргей рэжа сыр да кавы і расказвае, што днямі зьбіраў вялікае «паці» ў сябе за горадам. Палова гасьцей — сваякі, зь якімі ён дагэтуль стараецца камунікаваць як мага лепей, рэшта — мастакі і дызайнэры.

«Я адразу папярэдзіў, каб не цалавацца і не здароўкацца за руку, бо так доктар Камароўскі сказаў. Але ўсё роўна ўсе цалаваліся», — успамінае юбіляр пра сьвята і прафіляктыку каранавірусу.

— Ці маеце вы звычку падводзіць рысу пад зробленым?

— Гэтага цяжка пазьбегнуць. Хочацца яшчэ шмат чаго зрабіць. Я ня надта задаволены, але ніколі ня скарджуся. У мяне заўсёды ўсё добра, як у амэрыканцаў.

Да сябе я маю шмат прэтэнзій як да мастака. Шмат часу змарнаваў на неістотныя рэчы, на тое, што можна было не маляваць. Былі часы, калі трэбы было выжываць, зарабляць грошы. Ніхто не купляў карцін, не замаўляў манумэнтальных твораў.

Станковы жывапіс — гэта маё хобі. Я манумэнталіст — рабіў вітражы, зграфіта, росьпісы. Скончыўся Савецкі Саюз — скончыліся замовы, і давялося займацца жывапісам. Ва ўсіх тады, у 90-я, цяжка ішло. Даводзілася рабіць на замову.

«Магчымасьцяў зьехаць было шмат»

Апошнія тры гады мастак будаваў свой дом пад Горадняй на беразе Нёмана. Ён паўстаў на месцы стайні — драўляны, з мансардай і вельмі сьветлы, бо шмат шкла. Інтэрʼерам і многімі іншымі работамі Грыневіч займаўся сам. Праект рабіў ягоны сябар архітэктар Алесь Трусаў. Летась дом перамог на конкурсе Саюзу архітэктараў.

«Не люблю піярыцца», — тлумачыць Сяргей тое, што навіна засталася незаўважанай.

Пабудаваць дом ён хацеў даўно, але разважаў, у якой краіне.

— Ці значыць гэта, што вы канчаткова вырашылі не пакідаць Беларусь?

— Я гэта вырашыў даўно, адразу. Хаця магчымасьцяў зьехаць у мяне было шмат, і дагэтуль ёсьць. Я з 2006 году працую са швэйцарскім калекцыянэрам Фрыдрыхам Кістэрсам, мы сябруем. Я туду ежджу рэгулярна. Пражыў у Швайцарыі агулам 2,5 года. У мяне там майстэрня, малюю карцінкі.

Чаму ня зьехаў? За мяжой лепей адчуваць сябе госьцем. Я часта выяжджаю. Як толькі ты пераехаў, ты адразу становісься другога гатунку, а для калегаў зь сябра робісься канкурэнтам. Я не люблю штурхаць локцямі.

— Вы пасьпяховы мастак…

— У пэўным сэнсе гэта шчасьлівы выпадак. Лёс зьвёў з Фрыдрыхам, мастацтвазнаўцам, крытыкам паводле спэцыяльнасьці. Ён нашчадак вядомай калекцыі Хайнца Кістэрса, свайго бацькі. Гэта калекцыя старажытнага клясычнага мастацтва.

З Фрыдрыха ўсё пачалося. Потым зьявіўся інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. Адразу пасьля яго зьявіліся ахвотнікі рабіць мае выставы і набываць карціны. Раней у Маскве я паказваўся ў шмат якіх галерэях, і было халаднаватае стаўленьне. А потым для прадстаўніка выставачнай галерэі стала «не западло» прыехаць з Масквы на сваім Infiniti і чакаць мяне тры гадзіны.

«Месца мастака — у акопах»

— Як сёньня маладым мастакам стаць запатрабаванымі?

— Мастак павінен спачатку сам з сабой разабрацца. Калі ён запатрабаваны для самога сябе, задаволены тым, што робіць, або рухаецца наперад, тады будзе... Публічны посьпех можа прыйсьці і потым, нават пасьля адыходу мастака. Быць у гармоніі з сабой — тое, што можа захаваць у творчасьці, каб малады чалавек не расчараваўся, што ён робіць нешта карыснае для грамадзтва і для сябе самога. З матэрыяльным посьпехам — як каму пашанцуе.

Заставацца шчырым самім з сабой у мастацтве. Я і да сябе гэта адношу. Кампрамісы з сумленьнем адгукаюцца вельмі дорага. Супрацоўніцтва з Фрыдрыхам карыснае, бо я адразу акрэсьліў яму сваю пазыцыю: ніякіх спэцыяльных замоваў «Намалюй мне тое». Ён таму і пачаў са мной працаваць, бо я заўжды нечаканы і раблю яму сюрпрызы.

— Ці лёгка сёньня мастаку жыць або выжываць у Беларусі?

— Нялёгка. Я ніколі не асуджаю, калі чалавек дае слабінку, калі ідуць на кампраміс і супрацоўнічаюць. Гэта масавыя маштабы апошнім часам. У нашай беларускай сытуацыі цяжка быць аўтаномным. Я сабе паставіў задачу быць аўтаномным, ва ўнутранай іміграцыі, як бы патасна гэта ні гучала. Як мага больш скараціць стасункі зь дзяржаўнымі ўстановамі.

Я шмат высілкаў раблю, каб пазьбегнуць прызнаньня нашай дзяржавай. Мяне вылучалі на розныя прэміі і мэдалі, я адмовіўся; яны зразумелі і перасталі.

Сапраўдны мастак заўсёды мае быць у апазыцыі да ўлады. Калі «нашы» прыйдуць да ўлады, я ўсё роўна стану ў апазыцыю. Месца сапраўднага мастака ў акопах. Сапраўднае мастацтва заўсёды на гэтым канфлікце і нараджаецца.

— Вы нязручны мастак для дзяржавы?

— Начальства ня ходзіць на мае выставы, ім гэта нецікава. У наўпроставы канфлікт я не ўступаю. Я ня ведаю, ці за мной сочаць. Культура для іх абмяжоўваецца фальклёрам нялепшай якасьці, клюбнымі ўстановамі.

«Мастакі нешта забараняюць сабе, нават не пачынаючы»

— Нядаўна мы даведаліся, як выглядае ложак Цэсьлера. Ці не прыбядняюцца мастакі, калі кажуць, што ім не стае на арэнду майстэрні?

— Сьціпла выглядае ложак. Для большасьці істотны кавалак іхнага бюджэту ідзе на арэнду месца працы і на матэрыялы. У мяне адзін з найбольш істотных момантаў — гэта матэрыялы. Я троху разбэшчаны, хочацца працаваць на добрым палатне і якаснымі фарбамі. Прывожу іх з Польшчы.

— Вы знарок апранаецеся так стрымана, каб вам не зайздросьцілі?

— Я так апранаюся, каб адразу можна было шрубавёрт узяць. У мяне ёсьць рознае адзеньне. Я і «папантавацца» магу. Я ведаю шмат мастакоў, якія фарбуюць валасы, такія крэатыўныя, а зірнеш на іхнюю творчасьць — і плакаць хочацца. Яна такая баязьлівая, змушаная, закамплексаваная. Але драныя джынсы ня кожны ў 60 гадоў надзене, — паказвае Сяргей на свае модныя штаны.

— Чым дзяржава дапамагае і перашкаджае сёньня мастакам?

— Галоўная дапамога — каб не перашкаджалі. Перашкаджае цэнзурай. Яна як жыла, так і жыве. Яна спарадзіла самацэнзуру. Мастакі нешта забараняюць сабе, нават не пачынаючы, абразаюць сабе крылы творчасьці на самым корані.

Чым яшчэ можна дапамагчы? У нас няма музэю сучаснага мастацтва ў краіне, выставачнай залі, якая магла бы прэзэнтаваць і сваіх мастакоў, і ў якую можна было бы прывезьці прыстойныя выставы з Эўропы і ўсяго сьвету.

«Акцыянізм — самае пэрспэктыўнае і актуальнае мастацтва»

— Вы можаце назваць мастакоў, чыя думка для вас важная?

— Каб астатнія пакрыўдзіліся? (усьміхаецца). Я стараюся ні з кім не канфліктаваць, заўсёды жадаю ўсім посьпехаў і ніколі нікому не зайздрошчу. Дарэчы, у мастацтва цяпер жаночы твар.

Ёсьць прафэсійныя мастакі, а ёсьць прафэсійныя гледачы. Тваю вэрсію яны счытваюць адразу і прапаноўваюць сваю, якая бывае нашмат цікавейшая, чым аўтарская. Такіх людзей можна пералічыць па пальцах адной рукі. Гэта ўсё жанчыны.

— А з маладых беларускіх мастакоў каго вы заўважаеце?

— Андрэй Анро са Смаргоняў, Сямён Маталянец зь Берасьця, Тоня Слабодчыкава, Міша Гулін, Сяргей Шабохін, Захар Кудзін.

Я зь ім (Захарам. — РС) добра знаёмы. Мы зь ім бачыліся за тры тыдні, як усё здарылася. Правялі цэлы дзень разам. Яны зь сямʼёй зьбіраліся 3 студзеня прыехаць да мяне ў госьці. Але так здарылася, што не прыехалі...

Я цяжка перажыў гэта (сьмерць Захара. — РС). Тое, што карціны не прадаваліся, напэўна, было адной з прычын, астатніх мы ня ведаем. Я думаю, прычынай была ня толькі беднасьць. Калі мы размаўлялі, ён быў расчараваны ў жывапісе. Мы размаўлялі пра мастацтва ў віртуальнай рэальнасьці. Я езьдзіў на сэмінар аб такім у Кіеў.

Мы з Захарам гутарылі пра тое, чым можна замяніць жывапіс. Ён казаў, што ён спрабаваў [ствараць у віртуальнай рэальнасьці], але ў Беларусі гэта на вельмі нізкім узроўні. Я не псыхоляг. Ня ведаю, што магло б прадухіліць трагедыю.

— Нядаўна «прагучаў» Аляксей Кузьміч са сваёй аголенай акцыяй і значком БРСМ. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Гэта самае што ні ёсьць мастацтва. Акцыянізм сёньня — самае пэрспэктыўнае і актуальнае мастацтва. Я гэтым не займаюся, але падтрымліваю. Ён выдатна ўсё расставіў на месцы.

«Я ня ведаю, як трэба рабіць у мастацтве»

— Ці ёсьць галоўная думка, якую бы вы хацелі перадаць праз свае карціны цягам усяго жыцьця?

— Я не задумваўся, ці ёсьць у мяне такая думка. Зь цягам часу я ведаю, што нічога ня ведаю. Гэта мяне цешыць. Я зразумеў, што сам працэс важнейшы за вынік. Шлях важнейшы за мэту. Гэта цікавей. Вынік звычайна расчароўвае і гледача, і аўтара.

З часам я зразумеў, што ня ведаю, як трэба рабіць у мастацтве. Досьвед не дадае нічога ў агульным разуменьні, як рабіць мастацтва больш якасным, актуальным. З часам больш ведаў у іншым — як ня трэба рабіць мастацтва. Як ня трэба спалучаць колеры, кампанаваць, брацца за тэмы, якія безнадзейна састарэлі. Можа, нехта і ведае з мастакоў, але ня я. Гэта прымушае заставацца ў прафэсіі, бо інтрыга застаецца, заўсёды нясумна.

Сяргей Грыневіч нарадзіўся ў пасёлку Краснасельскім Ваўкавыскага раёну Горадзенскай вобласьці. Жыве ў Горадні. Мае тры майстэрні: у Горадні, у сваім доме пад Горадняй і ў Швайцарыі. Ягоныя карціны ня раз здымалі з выставаў за «неадпаведны» зьмест. Жонка Натальля працуе эканамістам ва ўпраўленьні статыстыкі. Дачка Вольга скончыла БДУ па спэцыяльнасьці «культуралёгія», цяпер у дэкрэтным водпуску. Сын Максім вучыцца ва Ўроцлаве на скульптура ў Акадэміі мастацтва. Мае ўнука. Сяргей — сябра Беларускага саюзу мастакоў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]