Новы спэктакль Свабоднага тэатру паводле кнігі Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» рыхтуюцца паказаць на самай галоўнай сцэне Вялікай Брытаніі — Barbican Centre.
Беларусь увайшла ў «новы райх», у бярозавых лясах жывуць панды і хаваюцца шпіёнкі-парашутысткі. У Эўропе закрываюць кніжныя крамы, але там усё яшчэ можна ўтульна схавацца ў прыватным жыцьці. Мяжу гэтых палярных сьветаў ахоўваюць сабакі Эўропы.
Новы спэктакль Свабоднага тэатру паводле кнігі Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» рыхтуюцца паказаць у траўні на самай галоўнай сцэне Вялікай Брытаніі — Barbican Centre. «Радыё Свабода» схадзіла на перадпаказ і пагаварыла з рэжысэрам спэктаклю Мікалаем Халезіным пра тое, як беларусы набліжаюць сваю антыўтопію.
— Якая гісторыя з такога маштабнага тэксту, як «Сабакі Эўропы», у выніку ўвасобілася ў спэктаклі?
— Мне Сяргей Шупа (аўтар «Радыё Свабода», рэдактар кнігі «Сабакі Эўропы». — РС) сказаў, што гэта вялізны раман з 6 частак, вельмі складаны, і што расказаць яго немагчыма. Я зразумеў, што калі яго немагчыма расказаць, значыць, яго можна паказаць.
Гэта антыўтопія. Альгерд апісаў, што можа пры найгоршым раскладзе адбыцца зь Беларусьсю, беларусамі, Эўропай. Праз 30 гадоў мы можам пабачым біпалярны сьвет: у ім ёсьць «новы райх», у які цалкам уваходзяць Расея, Беларусь, частка сярэднеазіяцкіх краін. І зь іншага боку Эўропа, якая перажывае сур’ёзны сыстэмны крызыс, дзе людзі перасталі чытаць кнігі, дзе ёсьць толькі нейкая форма спажываньня.
У спэктаклі два героі, якіх грае адзін актор — Аляксей Нарановіч.
Гэтыя два пэрсанажы з двух асяродьдзяў — «новага райху» і так званай Лігі краін Эўропы — для мяне зьліліся ў аднаго чалавека.
Уласна гэта гісторыя пра тое, як чалавек, які, здаецца, жыве ў іншай краіне, уведвае гісторыю і разумее, што ён адзін з тых, хто стварыў гэты райх.
Рэжысэр ня можа думаць, што гісторыя пра яго. Але мне здаецца, што гэта гісторыя пра мяне. Я пражыў большую частку жыцьця ў Беларусі, якая, адпаведна вэрсіі Альгерда, можа стаць «новым райхам». Я пражыў частку жыцьця ў Эўропе, якая сапраўды перастае чытаць.
Я здранцьвеў, дайшоўшы да моманту, калі герой ідзе ў школу адкопваць капсулу часу. І я з жахам даведаўся, што школа — на вуліцы Сядых. Вуліца Сядых, 10 — гэта мая школа № 93, у якой я вучыўся. У нейкі момант мяне так накрыла, што я два тыдні ня мог дакранацца да матэрыялу, бо пачаў думаць пра сябе, сваё жыцьцё. І пакуль не дыстанцыяваўся ад гэтага і не сказаў: «не, гэта не пра мяне», — я працягваць працу ня мог.
Падчас спэктаклю застаецца ўражаньне, што Беларусь і ёсьць месца, адказнае за зьяўленьне гэтай антыўтопіі.
З гадамі стала раптам зразумела, што гэта так і ёсьць. Што Беларусь стала перакрыжаваньнем, на якім усё сышлося. У мяне быў скепсіс раней на гэты конт. Я разумеў, што гэта краіна, выкінутая ў правінцыю і ігнараваная ўсімі. І раптам яна робіцца ключавым пунктам, у якім, калі паглядзець на яго альбо праз тэлескоп, альбо празь мікраскоп, усё і сышлося.
Гэта выбар паміж Захадам і Ўсходам, паміж цывілізацыяй і дзікасьцю, паміж Поўначчу і Поўднем, паміж чалавечымі жарсьцямі, прадыктаванымі дзьвюма супрацьлегласьцямі — культам спажываньня з аднаго боку, а з другога — аскетычнай стабільнасьцю. Вось гэты разрыў унутры сьвядомасьці змаглі захаваць у сабе толькі беларусы. З аднаго боку, мы хочам бігмак, дарагое адзеньне і добрую машыну, а з другой — стабільнасьці і браку радыкальных пераменаў.
Мы жывем у дзіўным спрасаваным паветры, і яно сьціскаецца з усіх кірункаў. З аднаго боку нам Літва паказвае — «вось так можна жыць, калі ты слабым увайшоў у Эўразьвяз». З поўдня нам кажа Ўкраіна — «а можна ж усё мяняць». З усходу нам кажуць, што ідэальны фармат — гэта ўнесьці ў Канстытуцыю слова «Бог», а сям’я — гэта мужчына і жанчына. А з захаду нам кажуць — «ды не, мы можам быць свабоднымі, але мы хочам яшчэ і спажываць».
Гэта страшны разрыў паміж чатырма субстанцыямі. І як беларусы выжываюць — напэўна, частка спэктаклю пра гэта.
Гэта тэрыторыя, на якой усе выпрацоўваюць свае мадэлі, усе экспэрымэнтуюць з сваім уплывам і ціскам. Гэтая тэрыторыя ніяк ня можа можа здабыць свой статус поўнафарматнай краіны, якая выбірае ўсё сама. Яна нібыта і ведае, што трэба выбраць, але ня можа гэтага зрабіць з шэрагу прычын.
— Як ты думаеш, Расея мусіць пакрыўдзіцца на пэрспэктыву ўзначаліць «новы райх» ці для яе гэта таксама папярэджаньне?
— Вядома, папярэджаньне. Я ня думаю, што тыя, хто мараць пабудаваць «новы райх», стануць шчасьлівымі людзьмі. Немагчыма быць шчасьлівымі, калі ў цябе няшчасны народ. Гэта ўтопія, якая імкнецца да антыўтопіі. Здаецца, што вось яны будуць атрымліваць болей, чым у Савецкім Саюзе, у іх будуць на стале бананы ды ікра раз у чатыры гады на алімпіяду — і супэр. Так не бывае. Кожны пабудаваны «новы райх» усё адно імкнецца да разбурэньня. І разбурэньне ягонае страшнае.
Найстрашнейшы для мяне ў спэктаклі момант, калі галоўны герой рашаецца на забойства дзеля таго, каб трапіць у «новы райх», адкапаць капсулу часу і даведацца, што там. Але ён даведваецца, што пражыў жыцьцё дарма.
Гэта тая небясьпека, пра якую крычыць Бахарэвіч і голас якога хочам узмацніць мы. Гэта насамрэч страшна, бо я гляджу на цэлыя пакаленьні людзей, якія так і не пажылі, іх увесь час цягнуць у «новы райх». І галоўнае — яны ўвесь час набліжаюцца да мяне, сьціскаецца кола: то гэта былі мае бацькі, то цяпер гэта нават мой старэйшы брат і ягонае пакаленьне.
Я нават ня думаю, што гэта размова пра нейкіх канкрэтных асобаў кшталту Пуціна, Лукашэнкі, эўрапейскіх лідэраў. Абсалютна не! Гэта размова пра нас. Пра тое, што мы самі сабе ствараем. Наколькі мы гатовыя працаваць, каб зьмяніць сваю будучыню. Але мне здаецца, што да гэтага гатовыя адзінкі.
Страшна адкапаць капсулу часу, каб зразумець, што адбылося? А што адбылося? Ды нічога, ён памёр.
— Што будзе з спэктаклем далей?
— 7–8 сакавіка будзе прэм’ера ў Менску. Далей яго будуць паказваць у Менску і будзем рыхтавацца да падрыхтоўкі на сцэне ў Барбікане. Ужо рыхтуецца гастрольны сьпіс для яго.
Мы нікога не зьдзіўляем, калі кажам, што мы гралі ў Каралеўскім тэатры Швэцыі, ці ў Нацыянальным тэатры Нарвэгіі, ці на сцэне шэксьпіраўскага «Глёбуса». Але Барбікан — гэта сапраўды іншая гісторыя. Гэта самая галоўная сцэна ў Вялікай Брытаніі. На ёй праходзяць так званую «ачыстку» ўсясьветныя туры зорак узроўню Рабэра Лепажа, Кшыштафа Варлікоўскага. Перад намі будзе граць Ізабэль Юпэр.
Для нас гэта іспыт. Мы 15 гадоў граем на самых галоўных сцэнах, але разумеем, што гэтая сцэна выстаўляе патрабаваньні найвышэйшага ўзроўню. Туды трэба прыходзіць з прадуктам, пра які ты ня можаш сказаць — «ну тут мы не дацягнулі, тут мне не хапіла часу». Не, ты гэта паказваеш і кажаш: «Гэта ўсё, на што я сёньня здольны». І трапляеш пад агонь крытыкі — альбо пад расстрэл, альбо пад ухваленьне. Бывае па-рознаму, у тым ліку і ў зорных калектываў.
Але гэта ўрэшце спэктакль, які мы хацелі артыкуляваць. Гэта Альгерд (Бахарэвіч. — РС), якога мы хацелі прадставіць сьвету. Бо для нас гэта на сёньня самы яскравы літаратар. Сьвятлану Алексіевіч пакінем за дужкамі, бо з наступнага пакаленьня Альгерд для нас нумар адзін. І гэта беларуская мова са сцэны Барбікану, і беларуская тэма, і размова пра нас на галоўнай сцэне Вялікай Брытаніі.