Як у штаце Мічыган на афіцыйным узроўні 25 сакавіка было абвешчана беларускім Днем Незалежнасьці.
25 сакавіка 1957 г. было афіцыйна абвешчана Беларускім днём незалежнасьці ў штаце Мічыган. Гэта сталася вынікам актыўнай працы беларускай дыяспары па інфармаваньню амэрыканскай грамадзкасьці і палітыкаў пра Беларусь і яе праблемы, паведамляе сайт radabnr.org.
Беларускі дзень незалежнасьці абвесьціў губэрнатар Джэргард Мэнэн Вільямс, прадстаўнік дэмакратычнай партыі, які ў будучыні таксама служыў амбасадарам ЗША на Філіпінах.
Штат Мічыган, Выканаўчы офіс. Лансінг
Абвяшчэньне
Беларускі дзень незалежнасьці
Дваццаць пятае сакавіка – традыцыйны дзень беларускай Незалежнасьці. Трыццаць дзевяць гадоў таму ў гэты дзень была абвешчаная вольная і незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. Народ Беларусі, якая ляжыць на поўнач ад Украіны, заўсёды былі прыхільнікамі прынцыпа самакіраваньня і жадалі дапамагаць іншым у спробах скідаць ярмо замежнага панаваньня. У 1812 г., 1863 г. і ў іншыя разы беларусы рашуча дэманстравалі сваю нязьменную прагу быць свабоднымі.
У 1918 годзе гэты сьмелы народ, нарэшце, дасягнуў посьпеху ў спробах стварыць сваю дзяржаву. Але гэтай свабодзе не было наканавана пратрываць доўга. Маладая рэспубліка стала аб’ектам ціску з боку савецкай Чырвонай арміі і ў 1921 г. была падзеленая між Савецкім Саюзам і Польшчай, нягледзячы на адважны і актыўны супраціў.
Хоць тая свабода была нядоўгай, памяць пра яе захоўваецца ў сэрцах беларусаў, іх нашчадкаў і сяброў у Амэрыцы. Належнае адзначэньне гэтых угодкаў дасьць сапраўдную маральную падтрымку беларусам, якія за Жалезнай заслонай працягваюць змагацца за вызваленьне сваёй краіны ад камуністычнага рабства і абараняць свабоду, волю і годнасьць усіх паняволеных народаў.
Таму я, Дж. Мэннэн Вільямс, губэрнатар Штату Мічыган, абвяшчаю гэтым панядзелак, 25 сакавіка 1957 года, Беларускім днём незалежнасьці ў Мічыгане, і заклікаю ўсіх нашых грамадзянаў ушанаваць адважных людзей у Амэрыцы і на сваёй радзіме, якія працягваюць працаваць дзеля аднаўленьня свабоды ў гэтай прыгнечанай краіне.
Падпісана маёй рукой і зацьверджана Вялікай пячаткай Штату Мічыган, дваццатага дня сакавіка году тысяча дзевяцьсот пяцьдзясят сёмага ад Нараджэньня Хрыстова.
(подпіс) Дж. Мэнэн Вільямс, Губэрнатар
(подпіс) Джэймс М. Гэр, Дзяржаўны сакратар