Малавядомая гісторыя пра пісьменніка, які вандраваў па мясцінах Каліноўскага і Багушэвіча.
Пісьменнік Яраслаў Пархута сёлета 8 сакавіка адзначыў бы 90-годдзе. Ён быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй, а таксама вельмі чуйны да людскіх боляў, да народных бедаў і ўмеў мабілізаваць Богам дадзены талент — нягледзячы на самыя складаныя абставіны, узгадвае «Новы час».
Наканаванай справе служыў самаахвярна. Мала хто ведае, што ён перажыў клінічную смерць, калі яму споўнілася крыху больш за шэсцьдзясят. Пра тое выпрабаванне гаворыць нам ягоны цяжкі сон, апісаны класічна. «Мяне вялі на расстрэл. Хто вёў — не ведаю. Усе яны былі ў масках», — такі пачатак сну. Яго на хаду абвінавачвалі тыя трое, што былі ў масках: «Ты аднойчы здрадзіў каханай! Ты аднойчы пакрыў¬дзіў дзіця! Ты аднойчы не падаў жабраку!» Ён, спадзеючыся на літасць, апраўдваўся: «Каханая ж пакінула мяне! Дзецям уласціва памыляцца. А кавалка хлеба і сам, бывала, не меў». Яму сказалі: «Усё адно грэх твой вялікі». І загадалі: «Спыніся і павярніся!» Ён спыніўся і павярнуўся. «Ударыла ў сэрца, і яно зайшлося ад болю». Ён закрычаў. Але голасу не пачуў свайго. Затое пачуў іншы — знаёмы і блізкі: «З вяртаннем, дружа!» Ён расплюшчыў вочы. Ля ложка ў белым халаце стаяў ягоны доктар. У правай руцэ трымаў шпрыц, а леваю марлевым тампонам з ілба здымаў халодны пот.
Яраслава да гэтага крызісу часта білі маланкі інсультаў ды інфарктаў (іх было ажно паўтузіна), а ён, падымаючыся пасля чарговага ўдару, яшчэ з большым азартам браўся за справу ці, больш дакладна, працягваў яе: ішоў да новых сваіх твораў-гімнаў Беларусі, твораў-дакументаў роднай гісторыі, твораў-услаўленняў мужных герояў, твораў-споведзяў растрывожанага сэрца і нялёгкага роздуму, твораў-абвінавачванняў зла...
Намаляваны пісьменнікам працавіты, майстравіты і таленавіты гусляр дзед Максім (у творы «Апошні гусляр») чымсьці нагадвае і яго самога. Яраславу Пархуту, чалавеку з роду плугароў, баліць душа не толькі за знявечаную зямлю, а за ўсё, што зводзіцца: за стан роднай мовы, за нашую духоўнасць, за народныя святыні, паламаныя лёсы і забраныя жыцці сыноў і дачок шматпакутнае Бацькаўшчыны. Сярод шматлікіх герояў Пархуты — яго славуты зямляк, кіраўнік паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка, павешаны Мураўёвым у Вільні народны герой Кастусь Каліноўскі, знішчаныя злачынным сталінскім рэжымам легендарны пісьменнік, актор, рэжысёр, мастак Уладзіслаў Галубок і знакаміты вучоны-мовазнаўца, публіцыст, акадэмік НАН Беларусі Браніслаў Тарашкевіч, пакутнік ХХ стагоддзя Сяргей Новік-Пяюн, які спазнаў шмат гадоў няволі як пры паляках, так і пры немцах і маскалях, «палескі рабінзон» Іван Бушыла, які, ратуючыся ад сталінскага генацыду, сорак два гады (!) пражыў у глухім лесе. Між тым проза Яраслава Пархуты паэтычная, у ёй многа сонца, азону, прастору. І фантазіі, і філасофіі.
Аднойчы сваю пісьменніцкую ўвагу Яраслаў Пархута засяродзіў на школьным літаратурна-краязнаўчым музеі. Але на якім? На ўнікальным! На Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі (Мастоўскі раён), створаным вялікім энтузіястам, настаўнікам беларускай мовы, заслужаным дзеячам культуры Беларусі Алесем Мікалаевічам Белакозам і яго вучнямі. Унікальнасць гэтага астраўка краязнаўства, яго высокая культура паказаны пісьменнікам бездакорна. …Гаспадар музея вядзе экскурсію, паказвае стэнды, цікавыя матэрыялы, распавядае пра іх. Адзін з першых стэндаў прысвечаны Францішку Скарыну. Нечаканы экспанат сюды прыйшоў з замежжа: праслаўлены наш спявак Міхась Забэйда-Суміцкі (родам з Пружаншчыны), які пражываў у Празе, прыслаў буклет-альбомчык з партрэтамі чэшскіх першадрукароў, асветнікаў, пісьменнікаў. Узрадаваў такі факт: чэхі першым змясцілі партрэт Скарыны. Наступная экспазіцыя — пра паўстанне К. Каліноўскага. «У нашай мясцовасці дзейнічала каля трох тысяч паўстанцаў, — кажа А. Белакоз. — Мы ганарымся і тым, што бацька Кастуся Каліноўскага паходзіў адсюль — з вёскі Рэпля». Алесь Мікалаевіч паказвае рэпрадукцыі карцін мастака П. Сергіевіча, прысвечаных гераічнай дзейнасці Каліноўскага. «А тут, бачыце, ручка, якою Уладзімір Караткевіч ствараў раман пра паўстанне Кастуся Каліноўскага «Каласы пад сярпом тваім», — гаво¬рыць ён і знаёміць з наступнымі стэндамі, з матэрыяламі пра Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча. Тут і лісты-ўспаміны Зоські Верас — пра М. Багдановіча. Наведвальнікі музея часта здзіў¬ляюцца: няўжо яна сама пісала нам успаміны? Няўжо гэта арыгіналы? «Так, пісала. Іх шмат, успамінаў Зоські Верас, — заўважае А. Белакоз. — Яна шмат зрабіла для Гудзевічаў».
Адну са сваіх кніжак «Крыніца ёсць у родным краі» Яраслаў падараваў мне з такім аўтографам: «Суседу па фазэндзе, земляку і аднадумцу на добры ўспамін аб пілігрыму». Як бы я ні ставіўся скептычна да слова «аднадумец», перачытваць такое прызнанне вядомага пісьменніка прыемна. Успаміны ў мяне пра яго выключна добрыя, светлыя. Яраслаў Пархута не толькі стаўся выдатным творцам і краязнаўцам, ён быў неардынарным чалавекам, непаседлівым, рухавым, мэтанакіраваным і вельмі ўмелым. Я меў радасць часта з ім сустракацца на лецішчы, дзе сусед бачыцца непараўнальна лепш, чым у гарадскім гмаху. Бачыў я, напрыклад, як займаўся ён пляценнем кошыка. Няспешна і акуратна згінаў два абручы, дапасоўваў да іх вочкі, устаўляў рабрынкі, і тады з ракітавых дубчыкаў на рабрыстай аснове «ткалася» роўненькае густое палатно, у выніку атрымліваўся на заглядзенне прыгожы кош. А як іначай, калі Яраслаў змалку любіў лес, добра ведаў грыбныя мясціны (ягадныя — гэтаксама), сам займаўся ціхім паляваннем і прышчапіў гэтую любоў дзецям: сыну Віктару і дочкам — Кацярыне і Волечцы, а пазней — і зяцю Аляксандру ды ўнуку Юрку. З поўным кошыкам праўдзівых (так у нас почасту называюць баравікі) бачыў яго летам даволі часта. Любіў ён грыбныя паходы. Мабыць, таму і адпаведная тэма ў Яраслава Пархуты нярэдкая: «Праўдзівікі», «Грузды», «Апенькі», «Познія грыбы», «Размова з грыбамі»… Здавалася б, хіба можна размаўляць з грыбамі? Яшчэ як можна! І нават вельмі ласкава. Адну такую размову пісьменнік падслухаў на выхадзе з лесу, дзе бабулька перабірала баравічкі, і яскравым уражаннем ад пачутага хораша падзяліўся з чытачамі...
Любоў да лесу ўдалага грыбніка не замінала яму быць і харошым садоўнікам. Дзякуючы толькі яму я, няхай сабе ўжо ў сталым узросце, навучыўся прышчапляць дзічкі яблыняў і грушаў. Аднойчы ён прынёс мне паўжмені яблыневых чаранкоў розных летніх гатункаў і паказаў на маю дзічку, што расла каля самай вуліцы: «Прышчапляй, пасля — як знойдзеш…». Прыжыліся ўсе тры летнія гатункі, яблыня разраслася і кожнае лета так родзіць, што яблыкамі частуем і суседзяў, і прахожых. Цяпер светла ўспамінаю Яраслава Сільвестравіча не толькі беручы ў рукі і чытаючы ягоныя кнігі — успамінаю ўсё часцей, калі сад цвіце і калі адцвітае, засяваючы зямлю пялёсткамі, а пазней адорвае пладамі, і калі з дрэваў ападае лісце, і калі самотны сад патанае ў снезе… Як не ўспамінаць, калі Пархутава хата, крайняя ад дарогі, стаіць побач з маёй. З той хаты ён ішоў да людзей — у шырокі свет.
А пазнаёміўся я з ім у 1965 годзе, калі ён працаваў старшым рэдактарам Брэсцкай студыі тэлебачання. У тым ужо далёкім годзе была ў нас адна сумесная паездка, якая і тады выклікала і цяпер выклікае ў мяне ўсмешку. Напярэдадні нарады перадавікоў сельскай гаспадаркі абласное начальства вырашыла мабілізаваць вопытных літаратараў і журналістаў на стварэнне вершаванага тэкста для піянерскага прывітання вартых пашаны працаўнікоў сяла. Для такой адказнай місіі і паклікалі ў аблвыканкам Яраслава Пархуту, Міхася Рудкоўскага, Анатоля Гарая і мяне. Старэйшы з нас, самы бывалы, Яраслаў сказаў загадчыку аддзела: «Ведаеце, у горадзе зашмат шуму, грукату, ад чаго ўцякае муза. Мы мусім акунуцца ў цішыню. Дайце нам камандзіровачку ў Белавежскую пушчу».
Калі мы апынуліся ў Камянюках, у гасцініцы вядомага запаведніка, адразу прыступілі да справы. За кароткі час зрабілі чарнавы варыянт даручанага нам задання і пайшлі на ўскраек пушчы па грыбы. Назбіралі грыбоў, занеслі іх на кухню рэстарана, дамовіліся, каб кухаркі пасмажылі. Падчас вячэры мы пачуваліся шляхтаю. Пад жаданую закусь заказалі па сто грамаў армянскага каньяку (нам жа ў Берасці выдалі камандзіровачныя!). Добра прыгатаваныя і пададзеныя нам грыбы стаялі ў спецыяльнай пасудзіне ў выглядзе стажка і пахлі свежа ды так прыемна, што на нас пазіралі ўсе з-за суседніх сталоў…
Яраслаў праўдзіва называў сябе пілігрымам. Не ведаю, ці ад прыроды, ці ад адукацыі стаўся такім. Па прафесіі быў ён журналіст з ярка выражаным краязнаўчым ухілам. Натуральна, падарожжы па Беларусі, выкліканыя няўрымслівасцю натуры, надзвычайнай дапытлівасцю, руплівасцю і бязмежнаю любоўю да Беларусі, да яе мудрых, мужных, працавітых людзей, прыносілі яму радасць і плён. У выніку з’явілася мноства твораў пра мясціны, дзе нара¬дзіліся ці жылі слынныя людзі зямлі нашай, пра саміх людзей: і мудрых, і мужных, і цягавітых.
Але не толькі пра іх. Яраслава Пархуту цікавілі і вабілі і вядомыя радовішчы, тыя вытворчасці, якія давалі краіне важкі рубель (здабыча беларускай нафты, калійнай солі, граніту, радону…), і ўсё незвычайнае, часам палярнае, скажам, самая высокая і самая нізкая геаграфічныя кропкі рэспублікі, самая паўночная і самая паўднёвая, самая ўсходняя і самая заходняя вёскі, самы ўнікальны дуб, буйнейшая ў Еўропе калонія чорных чапляў, месца падзення Брагінскага метэарыта; яго непакоілі праблемы экалогіі, выкарыстання зямлі, побыту сялян, стан нашых лясоў, малых рэк, помнікаў прыроды. Вабіла старажытная гісторыя, род крывічоў. І таму пастаянна клікалі дарогі.
Яго і хвіліна скону застала не дома і не на шпітальным ложку, а пад адкрытым небам. У сакавіку, у тым жа вясновым месяцы, калі з’явіўся на белы свет. Яшчэ за два дні да смерці Яраслаў ездзіў на вечарыну ў Дом літаратара, слухаў добрую музыку, дзіцячыя спевы, быў поруч з сябрамі па літаратурным цэху… У адным з ягоных твораў Празарока, які нёс варту на ўзвышшы, з грудзей сваіх вырваў палымянае сэрца і падняў высока-высока, каб паведаміць краю пра галоўную небяспеку — набліжэнне ворага. Яраслаў Сільвестравіч не шкадаваў сваё сэрца, параненае інфарктамі, аддаваў яго цеплыню і святло людзям. Шчыры і шчодры сын селяніна ад імя абкрадзенага і зняважанага працоўнага люду выказаў сваё крэда ў «Тастаменце»:
«Адпісаў бы табе зямлі. Але ў мяне, селяніна, адабралі яе і, знявечыўшы, засеялі чарнабыльнікам.
Адпісаў бы табе грошы. Але я існаваў з працы рук сваіх — не сабраў за жыццё і капейчыны.
Адпісаў бы табе храм. Але яго няма, а на руінах святыняў яшчэ правіць шабаш антыхрыст.
І таму адзінае, што адпісваю табе, — гэта Любоў да краю роднага. Зберажы яе і перадай дзецям сваім. А дзеці няхай перададуць сваім дзецям. А тыя — сваім…
Тады мо ўсё і вернецца на кругі свая».