Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Тытан беларускага Адраджэньня

10.03.2020 общество
Тытан беларускага Адраджэньня

Чым вядомы заснавальнік «Паходні» Міхась Ткачоў?

10 сакавіка 1942 году нарадзіўся Міхась Ткачоў, беларускі археоляг і гісторык архітэктуры, палітычны дзяяч.

Напрыканцы 1980-х ён уключыўся ў актыўную грамадзкую і палітычную дзейнасьць.

У 1986 годзе Ткачоў заснаваў у Горадні гісторыка-культурны клюб «Паходня», уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, выступаў за аднаўленьне ў Беларусі сацыял-дэмакратыі.

У 2017 годзе ў Горадні адзначылі 75-ю гадавіну прафэсара Міхася Ткачова, які памёр у 1992 годзе. У Цэнтры гарадзкога жыцьця сабраліся пераважна тыя, хто некалі наведваў гісторыка-культурны клюб «Паходня», прэзыдэнтам якога быў гісторык і археоляг Ткачоў.

Старшыня клюбу Мікола Таранда нагадаў, як 12 сакавіка 1986 году быў створаны клюб «Паходня». Міхась Ткачоў прыйшоў на трэцяе паседжаньне разам зь пісьменьнікам Кастусём Тарасавым. І застаўся. Зьбіраліся ў гарадзкім Доме культуры. Ткачоў вырашыў балятавацца на першых «часткова свабодных выбарах» у ВС СССР. Таранда ўспамінае:

«І «Азот» яго вылучыў, і тэатар лялек, і інстытут біяхіміі. Прыехаў у інстытут першы сакратар абкаму Сямёнаў, хацеў, каб навукоўцы вылучылі яго, а яны за Ткачова прагаласавалі. І на будынку напісана было потым «За Ткачова «Азот», за Сямёнава — народ», — успамінае Таранда.

Супраць Ткачова працавала ўлада, і дэпутатам стаў, зразумела, Сямёнаў.

Мікола Таранда
Фота: svaboda.org

Член-карэспандэнт Акадэміі навук Андрэй Майсяёнак кажа, што дзякуючы высілкам Міхася Ткачова адбывалася вяртаньне цэлых гістарычных пластоў, што было важна «для адчуваньня нацыі, для разьвіцьця дзяржаўнасьці»:

«Ён мог далучыць да сваіх пошукаў, да захапленьняў, амаль кожнага, з кім сустракаўся. Ня толькі капа́ў, але адчыняў гістарычны сьвет. Быў зоркай першай велічыні сярод гісторыкаў. Прыняў на сябе адказнасьць за выданьне гістарычнай энцыкляпэдыі. Заразіў і мяне — я заняўся гісторыяй мэдыцыны. Першай мы арганізавалі ў Горадні канфэрэнцыю, прысьвечаную анатамічнаму ўскрыцьцю цела памерлага караля Стэфана Баторыя, якраз былі чатырохсотыя ўгодкі [у 1986 годзе]. Выдатны гісторык, археоляг, энцыкляпэдыст. Тытанічная постаць».

Андрэй Майсяёнак
Фота: svaboda.org

Прафэсар Аляксей Пяткевіч нагадвае, як у 1989-м Міхася Ткачова моцна зьбілі «невядомыя». І затым пачалі зьбіваць іншых беларускіх актывістаў. Акадэміка Радзіма Гарэцкага, Адама Мальдзіса, Уладзімера Мархеля, які пазьней памёр, кажа ён. Не абышла гэтая доля і вашага пакорнага слугу, дадаў Пяткевіч пра сябе:

«Я быў у Менску, і мне таксама давялося праз гэта прайсьці. Але першым, здаецца, быў Ткачоў. Ён цяжка выходзіў з гэтай сытуацыі. Перажывалі за яго. І калі ён зьявіўся пасьля на «Паходні», адчыніў дзьверы, прысутныя запляскалі. Яго любілі і шанавалі. Калі вырашыў перабірацца ў Менск, усе шкадавалі, бо на Ткачову трымалася «Паходня».

Дзякуючы Ткачову «Беларуская энцыкляпэдыя» пачала выдаваць шматтомную гістарычную энцыкляпэдыю.

«Масква не давала згоды, — узгадвае Пяткевіч. — Раз, другі, трэці. Выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» падавала заяўку на выданьне шматтомнай гістарычнай. Не праходзіла, адхілялі. Нарэшце надышоў час, дазволілі. І ў Менск паклікалі на працу Ткачова. І неўзабаве ён стаў галоўным рэдактарам».

Аляксей Пяткевіч
Фота: svaboda.org

Андрэй Майсяёнак узгадвае, як яны зь Міхасём Ткачовым стварылі партыйную арганізацыю «Паходні». У ёй былі каля 25 камуністаў. Каб пісаць лісты, змагацца за свае мэты. Першы сакратар гаркаму сказаў, што гэта самагубства для гарадзенскіх камуністаў.

«У ім было шмат энэргіі, але ён быў сьмяротна хворы. Полікістоз нырак, — зазначае навуковец. — У тыя часы перасадка нырак была амаль немагчымай справай. Пагоршылася сытуацыя пасьля зьбіцьця ў 1989-м. Здарылася гэта на раскопках у Мсьціславе».

Пасьля таго Ткачоў прыехаў капаць замчышча ў Браславе. І затым былі браслаўскія навуковыя чытаньні, на якіх ён выступіў.

«Едзем дахаты, я за стырном, і Міхась пачаў паміраць. Ледзь-ледзь даехалі да Вільні. Яму аказалі першую мэдычную дапамогу», — успамінае Андрэй Майсяёнак.

Яго хацелі шпіталізаваць у Вільні, але Ткачоў запатрабаваў, каб яго везьлі ў Горадню. Па дарозе яму калолі ўколы, а ў Горадні адразу адвезьлі ў абласны шпіталь. Ткачову тады ўдалося выйсьці са складанага стану і пражыць яшчэ тры гады.

«Калі разьвітваліся ў 1992 годзе, царкоўныя герархі змагаліся — хто скажа слова на ягонай магіле. Таму што тады ўсе ўжо зразумелі, што гэта сапраўдная глыба, выдатная асоба, толькі такі чалавек мог так шмат зрабіць за пяцьдзясят год жыцьця».

Майсяёнак выказаў думку, што варта адрадзіць клюб «Паходня» і надаць яму імя Міхася Ткачова. Ён лічыць яго тытанам сучаснага беларускага адраджэньня.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]