Ермаловіч злячыў беларусаў ад комплексу непаўнавартасці.
Піша на gazeta.arche.by Юрась Пацюпа.
5 сакавіка споўнілася роўна 20 гадоў з дня трагічнай гібелі выдатнага беларускага гісторыка і пісьменніка Міколы Ермаловіча.
З нагоды гэтай сумнай даты на сайце газеты «Новы час» былі апублікаваныя ўспаміны людзей, якія ведалі гісторыка асабіста, пад назваю «Ён любіў Беларусь…», а на сайце «Нашай Нівы» гэтая інфармацыя была пераказаная пад назваю «20 гадоў таму загінуў стваральнік рамантычнага міфа пра ВКЛ Мікола Ермаловіч. Успаміны сяброў».
І вось гэтая фраза — «стваральнік рамантычнага міфа» — выклікала рэакцыю ў сацыяльных сетках.
Некалькі актыўных блогераў палічылі за абразу такую атэстацыю чалавека, які, без перабольшання, зрабіў пераварот у нашых уяўленнях пра нацыянальную гісторыю.
Фактычна, Ермаловіч злячыў беларусаў ад комплексу непаўнавартасці, ад комплексу недзяржаўнай нацыі.
І не толькі злячыў, а ўсяліў у нашы душы такі патэнцыял, які ў спрыяльных умовах можа спарадзіць… нават вялікадзяржаўныя настроі (якія па-рознаму назіраюцца ўва ўсіх чатырох найбліжэйшых суседаў).
І толькі наша адвечная нэндза і паняверка, і толькі штучнае стрымванне ўсяго беларускага не дае разгарнуць крылы гэтай упэўненасці ў сабе.
Скажу па шчырасці, мяне не зачапіла фраза пра міф. І ў слове міф не бачу нічога абразлівага. У таго, хто чытаў Ралана Барта, Аляксея Лосева, Мірча Эліядэ, слова міф не выклікае негатыўных асацыяцыяў. У свой час і беларускі філосаф Уладзімер Конан перасцерагаў ад плыткага разумення гэтага панятку.
Аднак я не збіраюся тут бараніць «Нашу Ніву» — яна мае дастатковы рэсурс, каб бараніцца ад адзінотных блогераў.
Скажу больш, можа, і добра, што сацыяльныя сеткі завіравалі. Па-першае, журналістым часам варта і падумаць, перш, чым пісаць. Не бегчы за настроямі масаў і несці хоць нейкую адказнасць за сказанае слова. Не ўсе ж чыталі Лосева і Барта… Па-другое, з’явілася нагода пагаварыць пра масавыя настроі, пра тых, хто іх стварае, пра гісторыю і гісторыкаў, і, у прыватнасці, пра значэнне Міколы Ермаловіча і яго спадчыны для Беларусі. Калі закіды «Нашай Ніве» і не зусім справядлівыя, то гэта не здымае актуальнасці тэмы. Больш за ўсё крыўдна, што Ермаловіч паклаў жыццё на змаганне з міфамі, а цяпер сам стаў «міфатворцам» стараннямі «ўдзячных» нашчадкаў.
Як такое магло здарыцца?
Я належу да пакалення, якое, можна сказаць, узрасло на Ермаловічу, і не адзін год назіраю перыпетыі змены настрояў. Гэтага чалавека я ўпершыню ўбачыў, калі і не здагадваўся, хто гэта, чым ён так заслужыўся перад Айчынай.
Канец 1987 года. Яшчэ не было «Народнага фронту», але меўся адбыцца «Першы вальны сойм» беларускіх нефармальных суполак, яго ўдзельнікі збіраліся ў Менску каля помніку Янку Купалу, чакалі аўтобусаў. Я быў сярод гарадзенскай дэлегацыі. На тое, што адбывалася, глядзеў як на нейкае надзвычайнае дзіва, ад хвалявання займала дух. А на лідараў беларускага руху паглядаў як на парнаскіх багоў, дэміургаў, нават загаварыць баяўся. І вось у гэтай кампаніі побач з Міхасём Ткачовым, які ўзначальваў гарадзенскую суполку — клуб «Паходня», раз-пораз мільгаў нейкі сціплы інтэлігентны чалавек у дзіўных акулярах з тоўстымі шкельцамі. З таго, як звярталіся да яго, можна было змеркаваць, што гэта надзвычай паважаная асоба.
І толькі потым я даведаўся, што гэта і ёсць легендарны Мікола Ермаловіч.
Тады ж на «Першым вальным сойме» сярод выступоўцаў мне запомніўся адзін малады літовец, які звярнуўся да беларусаў з парадай, сэнс якой магу пераказаць у наступных словах:
«Вы напішэце такую гісторыю, якая вам патрэбная. І калі пераможаце, тады пішэце ўжо навуковую гісторыю. Мы, літоўцы, якраз так і зрабілі. Сфармавалі сваю нацыю, а тады пачалі шукаць гістарычную праўду».
Не ведаю, ці можна нешта пабудаваць на сведамай хлусні і ці можна потым ад хлусні перайсці да гістарычнай праўды… Гэта асобная праблема, чапаць якую не хачу. Але ні я (тады яшчэ дылетант у беларускіх справах), ні, напэўна, той літовец не ведалі, што гісторыя, патрэбная беларусам, у значнай меры ўжо напісаная — гэта кніга Міколы Ермаловіча «Па слядах аднаго міфа», што з 1968 года, хадзіла ў самвыдаце.
І не хлусня, не байка, не міф, а якраз спроба пераадолець накінутыя нам міфы.
А потым быў 1989 год, часопіс «Маладосць», дзе друкавалася Ермаловічава праца «Па слядах аднаго міфа». А неўзабаве, у 1990 годзе, выйшла асобнай кнігай і «Старажытная Беларусь. Полацкі і навагародскі перыяды». Пра тое, як мы ўсе чакалі чарговага нумара часопіса, баючыся яго прапусціць, як адкрывалі для сябе гісторыю Беларусі, не буду і казаць, пра гэта шмат напісана.
Хачу толькі ўспомніць адзін важны, але падзабыты эпізод з гісторыі пераможнага шэсця Ермаловіча па краіне, які мяне ўразіў, і да якога я раз-пораз вяртаюся ў думках, калі заходзіць гаворка пра гісторыка.
Не трэба думаць, што тады ўсё праходзіла гладка, як тыя санкі з горкі каціліся.
Вораг не спаў.
А ў Ермаловіча быў свой, асабісты, прыстаўлены партыяй, вораг — Адам Залескі, мацёры сталіністы, які зрабіў кар’еру на апалагетыцы Сталіна і атэістычным фальклоры. Дык вось Залескі і выступіў (далёка не ўпершыню!) у часопісе «Полымя» з пагромным артыкулам супраць Ермаловіча. Але ж гэта былі не 1980-я, іншыя часы насталі! Мінула тая пара, калі дазвалялася беспакарана граміць! Побач з пагромным артыкулам Залескага рэдакцыя часопіса змясціла разгромны артыкул Міхася Ткачова, які каменя на камені не пакідаў ад наскокаў «пагромшчыка». Інакш кажучы, Залескі граміў Ермаловіча, а Ткачоў знішчыў ягонага крытыка.
Як я цешыўся, чытаючы гэтую дыскусію!
Адам Залескі глядзеўся ў ёй як зомбі, што вылез з магілы і спрабуе задушыць усё жывое.
На жаль, трыумф — раз за разам, падзея за падзеяй — пачаў нікнуць. У 1992 годзе — фізічная смерць Міхася Ткачова, які, між іншым, роўна на трыццаць гадоў быў маладзейшы за Залескага. Здавалася б… чалавек памірае, а справа ягоная жыве. Але ў гэтым было нешта сімвалічнае. І было сімвалічнае ў тым, што Залескі — роўна на дзесяць гадоў — перажыў свайго апанента, да 2002 года паспеўшы напісаць шэраг пагромных кніг — адзін і ў суаўтарстве. На фоне смерці Ткачова гэта выглядала, як пародыя на зомбі-апакаліпсіс. Зрэшты, хоць Залескі, фізічна і перажыў свайго крытыка, пісаніна ягоная значэння не мела, так і засталася голасам з магілы.
Горш тое, што пад асобу Ермаловіча патроху капалі, і капаюць дагэтуль, шматлікія прафесійныя гісторыкі. Заўважу, гісторыкі неблагія, а часам і выдатныя. Але менавіта «капаюць», бо навуковай крытыкай такое пагардлівае стаўленне не назавеш.
Не скажу, што крытыкі Ермаловіча ўва ўсім несправядлівыя, але нейкі нядобры асадак пры гэтым застаецца. Здаецца, усім вы, панове, лепшыя за Ермаловіча, а нечага вам не стае! Кажучы словамі Багдановіча, добра граеце, а ўсё не тое. Чаму? Гэта ж прафесійныя гісторыкі, а Ермаловіч — «аматар». У чым яго моц? Няўжо слава Ермаловіча «папсовая» і трымаецца толькі на чаканнях заангажаваных беларусаў? Няўжо яго ўклад ў гістарычную навуку ўяўны, толькі даніна часу? Няўжо Ермаловіч толькі абудзіў масы ці, як кажа Уладзімір Арлоў, толькі «спарадзіў дыскусію і актывізаваў акадэмічных гісторыкаў», а тыя ўжо пайшлі адну за адной выдаваць эпахальныя кнігі пра гісторыю беларусаў? Нешта не відаць тых эпахальных даследаванняў. Так, ёсць бліскучыя артыкулы, ёсць уражвальныя асобныя навуковыя адкрыцці, ёсць грунтоўныя манаграфіі, але няма адкрыцця сусвету, космасу Беларусі, які мы перажывалі, калі чыталі Ермаловіча.
А можа, так і павінна быць? Можа, шчырая навука, як той салавей, някідкая і славіцца голасам, а не яркім апераннем. Што ж… З яркім апераннем таксама няма праблем. За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі паралельна з навуковай гістарыяграфіяй вырасла папсовая гістарыяграфія, і не проста папсовая, а цэлая індустрыя, якую можна акрэсліць як «камерцыйная гісторыя». І той жа Ермаловіч, адпрэчаны прафесійнымі гісторыкамі, якраз уздымаецца на сцяг гісторыкамі камерцыйнымі. Ужо шмат хто паверыў, што Ермаловіч і быў бацькам папсовай камерцыйнай гісторыі. І гэта толькі ўзмацніла паблажлівае стаўленне да ягонай спадчыны. Аднак калі працы прафесійных гісторыкаў на фоне Ермаловіча глядзяцца будзённа, то камерцыйныя спекуляцыі яшчэ і парадыйна. Ніводная кніга камерцыйных гісторыкаў не мае і не можа мець таго агульнанацыянальнага значэння, якое мелі кнігі Ермаловіча. Па вялікім рахунку, гэтая прадукцыя не ўздымаецца вышэй за патрэбы спажыўца кічу. Дык што, Ермаловіч адзін з аматараў, толькі крыху лепшы, якога даўно «раскусілі» прафесійныя гісторыкі, а масы ўсё яшчэ вераць у ягоную зорку? Ці нешта іншае?
Хачу звярнуць увагу, што Ермаловічавы працы прэзентаваў і бараніў Міхась Ткачоў — постаць велічная як у айчыннай навуцы, так і ў грамадскім жыцці. Хто рызыкне сказаць, што ён рабіў гэта няшчыра ці неабачліва?
Але, выглядае, што нават Ткачоў прызнаваў пэўную перавагу Ермаловіча над сабой, хоць наўпрост, здаецца і не выказваў такога.
Гэтае шляхетнае стаўленне — тое, да чаго не могуць дарасці шматлікія сучасныя крытыкі Ермаловіча — прызнаць ягоны прыярытэт. Мо’ не дае спакою прафесійная пыха? У гэтым плане маральная перавага Ткачова над сучаснымі крытыкамі Ермаловіча відавочная.
Дык у чым жа праблема? У чым значэнне Ермаловіча? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба хоць крыху стаць філосафам і метадолагам, бо разгадка Ермаловіча ляжыць не ў сферы прыватных гістарычных праблем, а крыху вышэй, у сферы філасофіі, метадалогіі навукі. А добрыя гісторыкі, як я заўважыў (шмат гадоў з імі працуючы), не заўжды добрыя філосафы. У кожнай прафесіі ёсць свае выдаткі: у настаўнікаў — пэўны дагматызм, у светароў — маралізм, мы, філолагі, напэўна даймаем сваім педантызмам… Гісторыкі ж пакутуюць на сінгулярызм, вельмі часта яны прывязваюцца да канкрэтнага факту і не могуць узняцца да філасофскіх абагульненняў. Таму і пералічаючы шматлікія абмылы і недакладнасці ў Ермаловіча, не могуць зразумець, як пры такой колькасці хібаў можна лічыцца вялікім гісторыкам. Ды што там «вялікім»! Як можна заставацца ў сферы навукі, калі да цябе гэтулькі прэтэнзіяў? А ў вас што, панове, усе высновы неабмыльныя? Дык кіньце камень у Ермаловіча, хто неабмыльны. Урэшце, не ў колькасці хібаў справа.
А справа ў тым, што Ермаловіч памяняў беларускую гістарычную парадыгму. Значэнне яго для айчыннай гістарыяграфіі можна параўнаць з адкрыццём Мендзялеевым перыядычнай сістэмы элементаў. Добрых хімікаў шмат, а Мендзялееў — адзін. І на ягонае месца ўжо нікога нельга паставіць, якія б папярэднікі ў адкрывальніка перыядычнай сістэмы ні былі, як бы яго ні ўдакладнялі, якія б новыя элементы ні адкрывалі.
Так і Ермаловіч — давёў, што гістарычная Літва — гэта не чужая нам сіла, што гэта і ёсць сучасная Беларусь.
Хай сабе «не толькі Беларусь» — гэта справы не мяняе. Груба кажучы, Ермаловічава адкрыццё змяшчаецца ў адну фразу: «нас ніхто не заваёўваў». А заваёўвалі мы каго ці не — таксама пытанне другаснае. Гэтага мала? Не, гэтага не мала! Гэта тое, што апраўдвае існаванне гісторыі як навукі. На мове гештальтпсіхалогіі я б сказаў так: Ермаловіч адкрыў новы гештальт у разуменні Вялікага Княства Літоўскага. Што такое гештальт? Гэта схема, але схема асноватворчая. У даным выпадку — гэта маленькі вектар, які можна паказаць у выглядзе стрэлачкі. Калі раней стрэлачка паказвала з боку Літвы на нас, то цяпер яна паказвае з боку Беларусі на Літву.
Ермаловіч сам гэта сфармуляваў: «Галоўны міт — заваяваньне Беларусі Літвою». Гэты «галоўны міт» не пераадолелі сваімі працамі ні Мітрафан Доўнар-Запольскі, ні Вацлаў Ластоўскі, ні Усевалад Ігнатоўскі, а Ермаловіч даў рады.
І нават калі мы стрэлачку павернем у абодва бакі — Ермаловічава перамога не змарнуецца.
Мне скажуць, а як жа недакладнасці, дапушчаныя Ермаловічам? Я на гэта адкажу так: яны аспрэчваюцца? Дык аспрэчвайце! Карл Попер вучыў, што не аспрэчваюцца якраз ненавуковыя сцверджанні, а навуковыя — усе да адзінага патэнцыйна аблудныя. І вашы, панове гісторыкі, высновы таксама могуць усе стацца аблуднымі, але гэта не памяняе вашага статусу навукоўца, калі Вы шчыра, сумленна адпрацавалі свае канцэпцыі. А што Ермаловіч працаваў па гамбургскім рахунку — сумнявацца ў гэтым можа толькі апошні незычлівец.
Сёння можна спрачацца пра арэал старажытнай Літвы, можна спрачацца пра этнічны склад Літвы — гэта, па вялікім рахунку не мяняе існасці справы. Ермаловічава схемка, Ермаловічава стрэлачка, Ермаловічаў гештальт — працуе, а значыць, усе вы, панове, дзеці Ермаловіча, і кідаць у бацьку камянямі — непрыгожа.
Толькі прызнаўшы ягоны прыярытэт, толькі прызнаўшы змену парадыгмы, учыненую Ермаловічам, вы зможаце стаць годнымі гісторыкамі свае Айчыны. І ваша веліч не ў прыніжэнні Ермаловіча, а ў яго шанаванні, у прызнанні, што Вы толькі развіваеце распачатую ім вялікую справу духоўнага вызвалення Беларусі. Не аддавайце Ермаловічаву справу дылетантам, каб самыя не ўмёрлі як прафесіяналы! Кожны камень, кінуты ў Ермаловіча, вернецца да вас ганьбаю, пакажа толькі вашу дробную натуру. Крытыкуйце Ермаловіча! Крытыкуйце столькі, колькі палічыце патрэбным — крытыка знак павагі. Але толькі не прыніжайце яго, навука жывіцца крытыкаю, а не пыхаю. Розніца ў выказваннях часамі і незаўважная, але прынцыповая.
Мне могуць запярэчыць: ну добра, хай сабе Ермаловіч стварыў схему, але ж ці гожа гэта — падбіраць факты ў загадзя змайстраваную схему? Спачатку — факты, а потым — схема. Ніяк не наадварот. На гэта я магу адказаць так, калі ў вас няма схемы, то ніякія факты вам не дапамогуць, тады да вас прыйдзе іншая схема, можа нават чужая, можа нават спрошчаная, у кожным разе — не найлепшая. Гэта старая і небяспечная прымха, што нібыта навука развіваецца індукцыйным шляхам, Карл Попер даўно паказаў, што роля індукцыі ў навуцы амаль нулявая. Парадак узнікнення новых ведаў адбываецца праз дэдукцыю: спачатку ўзнікае канцэпцыя, а потым яна выпрабоўваецца, той казаў, «на зуб» — паддаецца працэдуры фальсіфікацыі, пранявервання, аспрэчвання… Калі канцэпцыя вытрымвае крытыку, значыць, яна жыве, калі не — адкідаецца як нягодная. Дык вось, усе канцэпцыі беларускай гісторыі і беларускага этнасу, якія ўзнікалі ў Беларусі пасля Ермаловіча, не аспрэчвалі ягонай схемы, а толькі ўдакладнялі. Таму я і кажу пра «дзяцей Ермаловіча», пра ўдзячнасць яму, без чаго ў нас не будзе ніякага поступу, а толькі сварка і таптанне на месцы.
Змяніць парадыгму мыслення няпроста, запраграмаваць змену парадыгмы амаль немажліва. Калі адбываецца «навуковая рэвалюцыя», паводле Томаса Куна, то працэс пазнання ўступае ў стадыю «нармальнай навукі», і тады работа навукоўцаў зводзіцца да руціннай працы здабывання ведаў у новай парадыгме. Калі каму не дае спакою Ермаловічава слава, «незаслужаныя лаўры», то трэба замірыцца і зразумець, што з гэтым нічога не паробіш, што лаўры заслужаныя. Змена парадыгмы ўжо адбылася і ўчыніў яе Ермаловіч, а вы ўсе, шаноўныя гісторыкі, толькі працуеце ў ягонай парадыгме і чым менш вы бэсціце Ермаловіча, тым лепш для вас. Скажу больш, як бы добра вы ні працавалі, вам нічога не свеціць у плане навуковай рэвалюцыі, проста такія рэчы не здараюцца штогод і ніхто не ведае, якія чыннікі могуць прывесці да новай рэвалюцыі. Які драматург можа зраўнацца з Шэкспірам? Які кампазітар можа зраўнацца з Бахам? Але Бах не спадзяваўся, што ягоныя творы сягнуць па-за межы ягонай парафіі. А Шэкспір не спадзяваўся, што яго п’есы стануць вядомыя па-за межамі ягонага тэатру. Так і Ермаловіч, калі пісаў свае творы, думаў не пра змену парадыгмы, а пра Беларусь і яе будучыну. Думайма і мы!
Парадыгму змяніць нельга, але можна збэсціць імя, можна дыскрэдытаваць вынікі і тым самым затармазіць поступ, вярнуць да старой парадыгмы, накінуць чужую парадыгму. Рэч у тым, што гістарычныя канцэпцыі, у адрозненне ад прыродазнаўчых, не ўніверсальныя. І цалкам вызваліць гістарычную навуку ад ідэалогіі не ўдаецца, хоць сумленны гісторык мусіць да гэтага імкнуцца. А таму расейцы пішуць сваю гісторыю, літоўцы — сваю, а палякі — сваю. Не дзіва, што Ермаловічавы працы выклікалі абурэнне і самыя незычлівыя ацэны ў нашых суседзяў. Дзіўна, што грэблівае стаўленне, як іржа, пачало раз’ядаць беларускую наасферу, дайшло да таго, што хваліць Ермаловіча, спасылацца на яго стала благім тонам.
І калі «Наша Ніва» назвала яго рамантыкам і міфатворцам, то, можна сказаць, абышлася яшчэ вельмі тактоўна і далікатна.
Як такое магло стацца? Мінула эйфарыя? Ці мо’ стандарты навукі так узраслі, што Ермаловічу далёка да іх? Ні тое, ні другое. Сюды, па-мойму найлепш пасуе назіранне Фрыдрыха Энгельса, якое любіў успамінаць Ралан Барт, што думкі паноўных класаў (а ў гэтым выпадку — нацыяў) становяцца думкамі ўсіхнымі.
Беларуская нацыянальная ідэя не вытрымвае канкурэнцыі з больш магутнымі нацыянальнамі ідэямі і абяртаецца самымі рознымі праявамі нацыянальнага нігілізму. Мяне не перастае здзіўляць нейкая сарамяжлівасць беларускіх гісторыкаў, страх падацца заангажаванымі, нейкі хваравіты аб’ектывізм. Жаданне быць аб’ектыўнымі даходзіць да таго, што яны рызыкуюць страціць сябе як суб’екты. Дзякуй Богу, беларускія інтэлектуалы перасталі падаць ніцма перад расейскай гістарычнай навукай і нават выпрацавалі супраць яе добры імунітэт, мабыць, данялі такі імперскія міфы. А вось перад літоўскай — пакуль што ніякавеюць. З аднаго боку, у масе сваёй беларускія гісторыкі (не кажу пра грамаду ў цэлым) не ведаюць дасягненняў літоўскай навукі, а з іншага боку, калі ўжо ведаюць, то ўсякая спрэчная ідэя з літоўскага боку ўспрымаецца як найноўшае дасягненне гістарычнай навукі. А сваё, апрача комплексу непаўнавартасці, не выклікае ніякага іншага стаўлення.
Даўно назіраю за перыпетыямі гэтага працэсу, і некаторыя вынікі падаюцца смешнымі, калі не сумнымі. У свой час адзін вядомы гісторык у прыватных гутарках выказваўся досыць рэзка на адрас Ермаловіча, а тым часам падрасло новае «крытычнае» пакаленне, для якога гэты гісторык — усяго толькі «мяккая форма Ермаловіча».
Не верыце? Далібог праўда!
Толькі не хачу пускацца ў дэталі і пераказваць прыватныя размовы. Дык мо’ пара спыніцца ў гэтым працэсе «адмаўлення адмаўлення», у гэтай эскалацыі нацыянальнага нігілізму? Я не ўспамінаю тут запатэнтованых заходнярусаў — з гэтымі ўсё ясна. Не ўспамінаю «агентаў трох выведак свету» (толькі не ведаю якіх менавіта), што не так даўно істэрычна гарлалі ў рыфму «тарашкевіца — ермаловіца», бо да навукі яны не маюць жаднага дачынення. Адным словам, у Адама Залескага шмат «годных» спадкаемцаў, нездарма ж ён фізічна перажыў і Ткачова, і Ермаловіча, будучы істотна старэйшым за абодвух. Але вось што цікава, чым больш прафесійныя гісторыкі гуляюцца ў аб’ектывізм, тым больш камерцыйныя гістарыяграфія бавіцца танным нацыяналізмам.
Узнікае лагічнае пытанне, а ці нельга адмовіцца ад гэтага «месніцтва», ці няма проста адзінай для ўсіх праўды, голай праўды фактаў, і годзе? Перакананы, што нельга. Калі ў 1994 годзе пачаў выходзіць часопіс «Беларускі гістарычны агляд», дык першы нумар адкрываўся артыкулам Генадзя Сагановіча «Нацыянальнасць гісторыі як навукі» — раю перачытаць гэты артыкул. Ніводзін гісторык не змог адмовіцца ад ідэалогіі, ад нацыянальнага пагляду на рэчы, таму лепей мець свой пагляд на рэчы, чым чужы, а то часам і варожы.
Наколькі гісторык прывязаны да акалічнасцяў свайго асяроддзя, сведчыць феномен беластоцкага гісторыка Алега Латышонка.
Не адзін дзясятак гадоў Латышонак праводзіць у жыццё ідэі заходнерусізму і іншыя нацыянальна-дэструкцыйныя ідэі. Пры гэтым — пазіцыянуючы сябе як прадстаўнік беларускай дыяспары, г. зн. беларускі нацыянальны гісторык. І пры гэтым — будучы, фактычна, грамадзянінам суседняй дзяржавы. Пазіцыя Латышонка апраўдваецца акалічнасцямі жыцця беларускай дыяспары ў Польшчы. Ну добра. Няхай сабе і так. Але такое апраўданне ўшчэнт разбівае ўяўленне пра незаангажаванасць гісторыка.
Калі Латышонак, заангажаваны сваімі краёвымі праблемамі, не можа (ці не хоча?) узняцца да агульнабеларускага пагляду на рэчы, то пра якую агульначалавечую гістарычную навуку можна гаварыць наагул? Як можна ўпікаць Ермаловіча ў «рамантычным міфе»?
Дык ці быў Ермаловіч міфатворцам? Ці абразіла яго газета сваім загалоўкам? Вышэй я пісаў ужо, што нічога надта абразлівага тут не бачу, асабліва на тле агульнага нігілістычнага стаўлення да спадчыны Ермаловіча. Усякае цэласнае бачанне свету, усякая завершаная карціна, не толькі гістарычная, але і прыродазнаўчая — гэта міф. Міф — не толькі хлусня, але і інструмент пазнання непазнанага, і інструмент практычнай дзейнасці, і частка шчырай, ужо спазнанай праўды.
Але ў масавай сведамасці цэтлік «міф» азначае, што мы ставім крыж на гэтай з’яве. Не варта ставіць крыж на Ермаловічу! Таму загаловак хоць і не абразлівы, але неабачлівы. Не трэба забывацца, што сэнс свайго жыцця Ермаловіч бачыў у тым, каб выкрываць міфы. І не яго віна, калі на месцы аднаго разбуранага міфа, як той цмок, нараджаецца новы міф. Такая прырода чалавечай сведамасці. Урэшце, калі міф — гэта завершаная карціна свету, то ўсякая гістарычная карціна падзей, усякая тэорыя — у нейкай меры міф. Але спадчына Ермаловіча мне бачыцца перадусім як незавершаны праект. У гэтым яе каштоўнасць.
І не каму іншаму, а ўдзячным нашчадкам трэба дабудоўваць гмах, распачаты Ермаловічам.