Яго прадоўжылі да 3 красавіка.
Італія, дзе больш за 10 тысяч чалавек захварэлі на новы каранавірус і звыш 600 чалавек памерлі ад яго, увяла татальны карантын. Беларуска Натальля, якая жыве ў паўднёвай частцы Сардыніі (італьянская выспа ў Міжземным моры), расказала «Радыё Свабода», што адбываецца ў краіне.
«На поўначы Італіі, дзе Мілян, Лямбардыя, у бок Рыміні, людзі заражаюцца з хуткасьцю ветру. У нас на Сардыніі чалавек 20 заразіліся каранавірусам. Аднак прынялі захады, і вялікі дзякуй мэру, нашаму прэмʼер-міністру, што хутка закрылі ўсе аэрапорты, не ўпускаюць і не выпускаюць караблі. У Беларусь мяне выпусьцілі б хіба толькі на пахаваньне, альбо з прычыны стану здароўя. У такім разе я павінна прадставіць дакумэнт», — расказала беларуска.
Карантын праз каранавірус прадоўжылі да 3 красавіка, кажа Натальля.
«Крамы цяпер працуюць з панядзелка да пятніцы паводле скарочанага графіку. Пускаюць туды ад 20 да 40 чалавек адначасова. У чарзе ў краме трэба стаяць на дыстанцыі адзін-два мэтры адно ад аднаго. Усе бары і кавярні нібыта працуюць да 18 гадзін, але прыватнікі пераважна закрываюць іх з 11 сакавіка, бо ўсе разумеюць, што людзі ня будуць хадзіць. Кірмашы таксама закрываюць. Закрытыя дзіцячыя садкі, школы, трэнажэрныя залі. І я думаю, што на Сардынію нікога не ўпускаюць», — кажа Натальля.
Суразмоўца кажа, што харч яны не закуплялі ў запас, бо крамы будуць працаваць.
«У нас на Сардыніі людзі дысцыплінаваныя, асьцярожныя, усе ўсё цудоўна разумеюць. Нехта ходзіць у масках, а нехта не. На вуліцу пасьля 18-й пажадана не выходзіць».
Натальля сказала, што выходзіць з дому можна ў выключных выпадках. Каб паехаць у іншы горад, павінна быць прычына, напрыклад да доктара.
«Бо калі мяне паліцыя спыніць, я павінна назваць прычыну. А калі я выйшла проста пагуляць, то мяне могуць аштрафаваць на 206 эўра і яшчэ арыштаваць на тры месяцы. Каб паехаць, напрыклад, да доктара, трэба раздрукаваць адмысловую паперу, якую даюць у прэфэктуры, альбо мець яе ў электронным выглядзе».
Натальля кажа, што муж яе працуе, яна вучыцца, у іх 6-гадовая дачка.
«Муж едзе на працу ў іншы горад, і яму зноў жа патрэбная гэтая папера, якая пацьвярджае, што ён едзе на працу, каб не было праблемаў з паліцыяй».
Натальля кажа, што ня мае жаданьня вяртацца ў Беларусь, а пачуцьцё страху заразіцца на каранавірус было б і ў Беларусі.
«У Беларусі таксама ёсьць хворыя на каранавірус, і іх колькасьць будзе павялічвацца. Бо самалёты лётаюць, і яны будуць прылятаць з каранавірусам. Чалавек прыняў асьпірын, сеў у самалёт, у яго няма тэмпэратуры. А за гэты час ён меў зносіны зь вялікай колькасьцю людзей, заразіў іх. Таму я сумняюся, што ў Беларусі ўсё дасканала, як пішуць».
Пашырэньне каранавірусу ў Італіі Натальля тлумачыць адкрытасьцю краіны, масавым турызмам.
«Дарэмна так дапусьцілі сытуацыю. На маю думку, трэба было ўсё закрыць адразу».
Колькасьць заражаных у Італіі на 11 сакавіка дасягнула 10149 чалавек, гэта другі паказьнік у сьвеце пасьля Кітаю. Памер 631 чалавек.