Джын вырваўся з бутэлькі, магчыма, таму, што ўлады Кітая некалькі тыдняў хавалі інфармацыю пра вірус.
Ай Фэн, дырэктарка аддзялення хуткай дапамогі Цэнтральнай бальніцы горада Ухань у інтэрв'ю кітайскаму часопісу Renwu (пераклад — nn.by) апісала, як 30 снежня яна праз мэсэнджар WeChat падзяліліся з калегамі інфармацыяй пра пацыента, у якога выявілі сімптомы, падобныя да SARS — атыповай пнеўманіі, ад якой у 2003 годзе загінула 800 чалавек з 8000 заражаных.
Пост Ай Фэн разляцеўся па медычным асяродку, яго прачытаў і доктар-афтальмолаг Лі Вэньлянь, які таксама распаўсюджваў інфармацыю пра яўныя сімптомы атыповай пнеўманіі ў шэрагу пацыентаў. Яму дадуць вымову за «распаўсюд чутак» і «падрыў стабільнасці».
Ай Фэн расказала, што таксама атрымала вымову за «распаўсюд чутак».
У сваім інтэрв'ю яна апісвае найцяжэйшыя моманты апошніх двух месяцаў: як стары атрымліваў пасведчанне пра смерць свайго 32-гадовага сына, як чатыры з яе калег памерлі ад віруса — у тым ліку і доктар Лі, які стаў сімвалічнай постаццю. «Калі б я ведала, што ўсё так будзе, я б не зважала на выгавар. Я б усім, усім расказвала б», — прызналася Ай Фэн.
Кітайская цэнзура ўжо выцерла інтэрв'ю з часопіса Renwu і з сацсетак. Але інтэрнаўты паспелі нарабіць скрыншотаў матэрыялу.