Каронавірус беларускіх чыноўнікаў
Мне здаецца, што беларускія чыноўнікі і вертыкальшчыкі ўсіх роўняў захварэлі на каронавірус ужо даўно. І ў многіх ён проста невылечны. Ды і лячыць іх немажліва, гэта хранічны мазгавы каронавірус.
Увесь свет, усё насельніцтва зямнога шару ўсхвалявана страшэнным вірусам, ад якога паміраюць людзі, а ў Беларусі для турботаў і панікі няма прычын. І, сапраўды, якія могуць быць прычыны для хвалявання ад нейкага там кітайскага каронавірусу. Беларусы перажылі і не такія вірусы. Асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі: і радыяцыю, і інфляцыю, і свіны і курыны грып, і анкалогію, і цяпер – каронавірус… Некалі савецкі паэт Аляксандр Твардоўскі, які родам быў са Смаленшчыны, часта вымаўляў: «Как говорят у нас, белоруссов, пережили лето горячее – переживём и говно собачее». Але каронавірус – гэта не гаўно сабачае… Яго могуць і не перажыць найперш сённяшнія «вялікія» вертыкальшчыкі… Каронавірус на пасады не глядзіць… А вось дзетак нашых і педагогаў, якія іх вучаць, шкада найперш…
Міністэрства адукацыі дазволіла бацькам пакідаць дзяцей дома. І хоць афіцыйна каранціну ў Беларусі няма, але бацькі па жаданні могуць не пускаць дзяцей у школу ці ў дзіцячы садок. Такія рэкамендацыі дало міністэрства адукацыі. Як жа так?.. Калі ў класе напрыклад 25 вучняў, а ў школу будзе прыходзіць толькі пяць вучняў, і настаўнікі будуць згодна праграме праводзіць урокі, то астатнія вучні, якія не наведваюць урокі з-за каронавірусу, прапусцяць усе новыя тэмы. А дзеткі могуць не хадзіць з-за вірусу тыдні два, не менш. Значыць, па школьных прадметах яны адстануць па ўсіх новых тэмах. Так атрымліваецца?.. А настаўнікі будуць хадзіць на ўрокі, колькі б там у класах дзяцей за партамі не сядзела б. Бо так вырашыла міністэрства, а адміністрацыі школ падпарадкоўваюцца іх загаду…
А чаму б, напрыклад, па ўсёй Беларусі агульным загадам не зрабіць канікулы з 16 сакавіка па 6 красавіка ў сувязі са страшным вірусам. І адпусціць усіх дзетак і педагогаў па хатах і кватэрах. А потым у чэрвені дабавіць той тыдзень-другі, каб школьныя праграмы па класах былі пройдзены…
Прыгадваю заўсёды словы Уладзіміра Някляева: «Даўшы згоду стаць у стойла, у ім будзеш стаяць, сена жаваць і песні спяваць». Каронавірус адзене сваю карону і тым, хто ставіць народ у стойла і тым, хто ў стойле стаіць. Жуй ты ці не жуй, спявай ці не спявай!..
Сяргей Чыгрын, «Гарадзенская вясна»