Незвычайнае набажэнства ў надзвычайнай сітуацыі.
Увечары 21 сакавіка ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх веравызнанняў, а таксама мусульманаў і юдэяў прайшла Міжрэлігійная малітва аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу, паведамляе сайт catholic.by.
Перад набажэнствам у Чырвоным касцёле адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
На пачатку Эўхарыстыі іерарх падзякаваў пробашчу парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Волме ксяндзу Валянціну Станкевічу за прывезены на набажэнства ў сталіцу абраз святога Роха — заступніка ад заразных хваробаў. Біскуп Касабуцкі, які пэўны час быў душпастырам парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, нагадаў, як калісьці заступніцтва нябеснага апекуна Мінска выбавіла жыхароў горада ад эпідэміі халеры.
Тады абароны ад пошасці прасілі разам усе мінчукі без адрознення веравызнання, і Бог выслухаў іх малітвы.
У прамоўленай гаміліі іерарх заклікаў не паддавацца паніцы, а спакойна прыняць выпрабаванне і з даверам да Бога ў малітве даручыць Яму ў апеку сябе саміх, сваіх родных, блізкіх і ўвесь свет, які церпіць ад пандэміі.
Адразу пасля святой Імшы распачалася Міжрэлігійная малітва, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Вітаючы ўдзельнікаў, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату параўнаў небяспечны вірус са зброяй масавага знішчэння і акрэсліў мэту незвычайнага набажэнства ў надзвычайнай сітуацыі:
«Сёння мы, прадстаўнікі розных веравызнанняў і рэлігій, збіраемся ў цэнтры нашай сталіцы, Мінска, у касцёле святога Сымона і святой Алены, усім добра вядомым як Чырвоны касцёл, каб разам прасіць Усемагутнага Бога — незалежна ад таго, якім імем Яго называем, — аб выбаўленні ад гэтай страшнай эпідэміі».
«Наша супольная малітва — гэта знак добрых адносін паміж рознымі веравызнаннямі, знак агульнага клопату пра духоўнае і фізічнае здароўе нашага народа, а таксама знак супольных намаганняў у барацьбе з гэтай эпідэміяй», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Пасля супольнага праслаўлення Бога кожны з прысутных прадстаўнікоў традыцыйных у нашай краіне веравызнанняў і рэлігій па чарзе ўзнёс просьбы да Усемагутнага.
На розных мовах — беларускай, рускай, царкоўнаславянскай, арабскай і габрэйскай — духоўныя асобы прасілі аб адным: аб выбаўленні Бацькаўшчыны і ўсяго свету ад навалы каранавірусу.
Намеснік кіраўніка Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па ўзаемаадносінах паміж Царквой і грамадствам протаіерэй Аляксандр Шымбалёў перадаў прысутным заклік Сінода і Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла да пакаяння, каб Бог злітаваўся і выбавіў сваіх дзяцей ад пошасці. Святар прачытаў малітву аб захаванні ад хваробаў з просьбаю аб Божай абароне ад небяспекаў для душы і цела.
Пастар Евангельска-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў нагадаў прысутным словы заснавальніка Рэфармацыі Марціна Лютэра, якімі той падбадзёрваў вернікаў падчас эпідэміі чумы ў XVI стагоддзі. У сітуацыі, падобнай да сённяшняй, Марцін Лютэр заклікаў да разважлівасці і асцярожнасці, але таксама і да адвагі ў імя служэння церпячым і патрабуючым, аднак без дзёрзкасці і саманадзейнасці.
Намеснік старшыні Саюза евангельскіх хрысціянаў баптыстаў у Беларусі Аляксандр Лотараў паведаміў, што яго адзінаверцы абвясцілі пост і малітву аб спыненні каранавірусу. Ён памаліўся Псальмам 91 (90): «Хто жыве пад аховаю Найвышэйшага і знаходзіцца ў цені Усемагутнага, той скажа Пану: Ты маё прыстанішча і мая цвярдыня, Божа мой, на Цябе спадзяюся». Па сведчанні пастара, менавіта з гэтаю малітваю на вуснах ён выпрасіў для сябе ў Бога аздараўленне ад анкалагічнай хваробы.
Старшыня рады імамаў Беларусі імам Дзмітрый Радкевіч перад тым, як узнесці малітву да Найвышэйшага на арабскай мове, па-беларуску перадаў яе змест. Прадстаўнік мусульманскай супольнасці маліўся аб Божай абароне, просячы, каб Усемагутны не пакідаў нас саміх «ні на імгненне, а нават на менш».
Галоўны рабін рэлігійнага аб’яднання прагрэсіўнага юдаізму Грыгорый Абрамовіч нагадаў пра важнасць малітвы, навяртання і справядлівасці. З малітоўніка «Служэнне сэрца» ён прамовіў малітву аб абароне да Адзінага Бога спачатку па-габрэйску, а потым па-беларуску ў перакладзе хрысціяніна католіка.
Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек звярнуў увагу на тое, што сённяшняя пандэмія — гэта суровы напамін звыш пра непрамінальную і абсалютную каштоўнасць чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці. Айцец Сяргей памаліўся словамі Псальма 22 (23): «Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы».
На заканчэнне з пастырскім словам да прысутных звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Гаворачы пра пандэмію, якую перажывае сучасны свет, арцыпастыр адзначыў:
«Наш час становіцца часам, які пераварочвае свет з ног на галаву і яшчэ больш ускладняе і без таго няпростую сітуацыю, у якой мы знаходзімся. Перад выклікамі няўпэўненасці і адчаю ён таксама заклікае задумацца пра хісткасць нашага жыцця і моц нябачнага Бога.
Ніхто з нас не хоча хварэць. Але няўпэўненасць парушае звычайны стыль жыцця і з’яўляецца прычынай трывогі. Пандэмія каранавірусу паказала, што чалавецтва ХХІ стагоддзя з вельмі моцна развітой навукай і медыцынай пакуль што з’яўляецца бездапаможным перад гэтым выклікам. Няма адпаведнай вакцыны ад каранавірусу і невядома, як яго лячыць. У выніку — тысячы памерлых, сотні тысяч хворых і ахопленых каранцінам.
Чалавек, які адрынуў Бога і заняў Яго месца, яшчэ раз спазнае, што ён — не „бог“, а толькі слабы і ўразлівы homo sapiens».
Іерарх падкрэсліў, што ў такой сітуацыі неабходна ўскласці надзею на Бога і прасіць Яго аб выратаванні, а таксама перагледзець сваё жыццё, свае адносіны да бліжніх і ўсю іерархію каштоўнасцяў.
«Няхай дынаміка малітвы, пакаяння, навяртання, сведчання веры, прымірэння з Богам і бліжнім, да чаго заклікае нас Касцёл у Вялікім посце, разам з малітвамі і стараннямі іншых веравызнанняў і рэлігій выпрасяць у Найвышэйшага ласку прадухілення пандэміі каранавірусу і спрыяюць духоўнаму і фізічнаму аздараўленню нашай нацыі», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч і завяршыў сваё слова малітваю, у якой прасіў Божай абароны ад небяспекі, апекі Маці Божай Будслаўскай і заступніцтва святога Роха.
З запаленымі свечкамі ў руках і з абразом святога заступніка ад заразных хваробаў удзельнікі набажэнства прайшлі ў працэсіі вакол Чырвонага касцёла.
«Святы Божа, святы моцны, святы несмяротны…» З гэтаю старажытнаю малітваю на вуснах прадстаўнікі розных веравызнанняў і рэлігій, аб’яднаныя вераю ў Адзінага Бога, прасілі Яго аб паратунку, а напрыканцы звярнуліся да Стварыцеля поўнымі дзіцячага даверу словамі: «Ойча наш…»