Надзейны падмурак для незалежнасці — гэта наша прыгожая зямля, якую трэба берагчы.
Наш час сапраўды трывожны. Калі пра беларускі патрыятызм, якога «не бывает много», пачынаюць гаварыць «тэлевізійныя палітрукі» або актывісты з «русского мира», то рэальна, кожнай крывінкай адчуваеш, што незалежнасць Айчыны вісіць на валаску, можа сарвацца ў любы момант.
Пахвальба дзяржаўнай магутнасцю, здольнасцю беларускіх узброеных сіл абараніць нашую суверэннасць, што пастаянна гучыць з высокіх трыбун і ў афіцыйных СМІ, ставіць мэтай стварыць у грамадстве настрой абсалютнай бесклапотнасці, шапказакідальніцтва, псеўдапатрыятычнай бравады і пустой эйфарыі.
Але такая ацэнка ўнутраных і знешнепалітычных магчымасцяў Рэспублікі Беларусь не адпавядае сапраўднасці і можа задаволіць толькі недасведчаны люд. У адукаваных, развітых грамадзян яна выклікае ўсмешку, бо ім адразу ўспамінаецца хрэстаматыйная байка «Слон и моська».
Страта незалежнасці — гэта не толькі дзеянне палітычнае, якое азначае паглынанне нейкай краінай свайго суседа. Для нацыі больш небяспечным з’яўляецца працэс занядбання роднай мовы і іншых яднаючых атрыбутаў, у звязку з чым размываюцца і знікаюць нацыянальныя адукацыя і культура, адбываецца дэградацыя свядомасці людзей, дэфармацыя мудрых народных традыцый, звычаяў, а затым і маралі.
Захоп тэрыторыі — усяго толькі наступства засакрэчанай, прыкрытай цынічнай прапагандай, але няўхільнай экспансіі чужой мовы, СМІ, культуры і ў канчатковым выніку — палітычнай волі. Варта паслухаць разважанні расійскай імперскай «эліты» — У. Пуціна, Д. Мядзведзева, У. Жырыноўскага, як перад намі адкрываецца бездань грэблівасці ў стаўленні да беларускага этнасу. Тое, што 48% расіян не хочуць аб’яднання Расіі і Беларусі ў адну дзяржаву, яшчэ нічога не азначае. Мы ведаем, хто прымае агрэсіўныя рашэнні. Драматычны прыклад Украіны — перад вачыма.
Тутэйшы люд у цяжкіх клопатах матэрыяльнага, фізічнага выжывання не надае ўвагі даўняму і з гэтай прычыны ўжо звыкламу стану русіфікацыі, а дарма. Нацыянальнае здароўе, беражлівае захаванне беларускасці павінны быць перадусім.
У 1996 годзе, адказваючы на пытанні рэдакцыі часопіса «Роднае слова», я выказаў уласнае бачанне ролі мовы ў захаванні нацыі: «Родная мова — гэта самае вялікае багацце, якім валодае кожны народ. Яна — частка жывога арганізма, яна — у плоці і крыві чалавека.
Разам з роднаю моваю, нацыянальнымі духоўнымі, культурнымі традыцыямі чалавек страчвае вельмі многае, мяняюцца ягоныя псіхіка, характар, натура, паводзіны, прытупляецца, а затым і знікае пачуццё самапавагі, годнасці, адказнасці за сваю зямлю, яе будучыню, за лёс нашчадкаў у гэтым свеце». Адмовіцца ад гэтых слоў мяне не прымусіць ніхто!
Я ніколі не лічыў беларусаў (ліцвінаў), сярод якіх выпала нарадзіцца і жыць, малой нацыяй. Тым не менш яшчэ са студэнцкіх гадоў задумваўся над няпростым лёсам свайго народа. З таго часу пастаянна цікаўлюся праблемамі існавання ў сучасным свеце якраз невялікіх нацый.
Мне згадваецца выказванне вядомага французскага пісьменніка, чэха па паходжанні, М. Кундэры: «Малыя нацыі. Гэта паняцце не колькаснае: яно азначае становішча; лёс: малым нацыям невядома адчуванне таго, што яны знаходзяцца тут спрадвеку і назаўсёды; усе яны ў той ці іншы момант уласнай гісторыі прайшлі цераз прыймальню смерці; вялікія нацыі фанабэрыста іх не заўважаюць, яны ўсведамляюць, што нешта пастаянна пагражае іх існаванню або што яно ставіцца пад сумненне; таму што іх існаванне сумніўнае».
Можна было б не засяроджвацца на сумнаватых развагах пісьменніка, калі б толькі рэчаіснасць не напамінала, што яны — актуальныя. Імперская Расія, яе прапагандысты і эмісары не спыняюцца плявузгаць, што беларускі народ і яго мова — гэта палітычная выдумка сталінскага часу, што нам дзяржаўнасць не патрэбна, лепш быць «одним народом». Невуцкай лухце падпяваюць мясцовыя інтэгратары на чале з правіцелем, якія пыхліва запісалі беларусаў у «русских со знаком качества».
З юнацтва перакананы, што толькі шчыры чалавек нясе ў сабе залацінкі здольнасцяў або таленту, каб ствараць штосьці сапраўднае, на вякі. Такой грунтоўнасці нам не стае. М. Кундэра кажа: «Малая нацыя нагадвае вялікую сям’ю, і яна любіць так сябе называць». На жаль, пад уплывам чужой волі ў беларускай сям’і развялося шмат адкрытых і прыхаваных прадажнікаў, манкуртаў, пустадомкаў, прыстасаванцаў, боўдзілаў. Драматызм сітуацыі ў тым, што знікла шчырасць. Такой глабальнай двурушнасці, якая пануе ў Беларусі цяпер, яшчэ не было.
Правіцель расказвае пра ўласны «гераізм» у змаганні за незалежнасць краіны, за лепшае жыццё народа, а ў сапраўднасці 25 гадоў трасецца над уладным крэслам, стварае камфорт тым, хто дапамагае яго ўтрымліваць. Робіць ён гэта за кошт беднасці большасці насельніцтва.
Праваахоўныя органы на словах захоўваюць законнасць, а самі змагаюцца з іншадумцамі, з «ворагамі народа», ужываючы любыя метады, бо атрымалі зверху наказ: «Вы это умеете!»
Прапагандысты-палітрукі фанабэрыста б’юць сябе кулакамі ў грудзі: «Мы — информационные войска!», «Это моя территория!», ды спакойна, цынічна ўцюхваюць насельніцтву хлусню.
Узброеныя сілы нарошчваюць смертаносны патэнцыял, каб адбіваць атакі знешняга ворага, які «взял нас в кольцо», але не могуць вызначыць: хто гэта?
Адукацыя не працуе на станаўленне нацыі, прарасійскімі выкладчыкамі, якія ні ў грош не ставяць незалежнасць Беларусі, нашпігаваны вышэйшыя навучальныя ўстановы Мінска і абласных цэнтраў.
Адзін дзень роднай мовы ў год, вышыванкі, апранутыя міністрамі, сэрцы на білбордах, якія сімвалізуюць любоў да Айчыны, выклікаюць саркастычны смех і жарты.
Прапагандысты не шкадуюць народных грошай на псеўдапатрыятызм. У марнатраўстве вызначаюцца гомельскія ўлады. Следам за ўзвядзеннем «залатога» туалета яны натхнёна майструюць флагшток коштам 650 тысяч долараў. У Мінску дзеля понту праводзяць другасныя спартыўныя спаборніцтвы, ад якіх адмаўляюцца іншыя краіны. У адлігу на лыжную трасу з усіх куткоў горада звозіцца брудны штучны снег, які таксама становіцца «залатым».
Шапказакідальніцтва і бяздумнасць выразна выявіліся і ў барацьбе з смяротным ворагам — каронавірусам. Многія краіны закрываюць межы, уводзяць каранцін, адмяняюць культурныя і спартыўныя масавыя мерапрыемствы, а А. Лукашэнку «море по колено», у нас — «особый путь»...
Надзейны падмурак для незалежнасці — гэта наша прыгожая зямля, якую трэба берагчы і даглядаць, фізічнае і маральнае здароўе, высокі інтэлект людзей, родная мова і культура як абярэг нацыі, айчынная гісторыя, слаўныя здзяйсненні продкаў. Спадчына, яе разумнае выкарыстанне для палітычнага, эканамічнага і духоўнага развіцця дапамогуць нам выстаяць у складаны час.
Марш псеўдапатрыётаў, наладжаны рэжымам, не прывядзе да нармальнага жыцця. Мы так і будзем паводле народнага выразу «пераліваць з пустога ў парожняе».
У мяне за плячыма немалое жыццё і пэўны вопыт, а таму кажу: шаноўныя суайчыннікі, меней фанабэрыі і пыхі, болей разумнай і выніковай працы. Мы яшчэ не стварылі самадастатковую нацыю, не збудавалі прававую дзяржаву. Нам трэба не грукатаць танкамі і хваліцца, а закасваць рукавы!
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com