Актывісты вывесілі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг у цэнтры гораду.
Гарадзенцы ранкам 25 сакавіка сабраліся ў цэнтры гораду, каб зачытаць Трэцюю Ўстаўную грамату Беларускай Народнай Рэспублікі і прасьпяваць нацыянальныя гімны, перадае «Радыё Свабода».
Горадзенскія актывісты каля 7-й гадзіны раніцы разьвесілі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг на адным з офісных будынкаў у цэнтры Горадні, зачыталі Трэцюю Ўстаўную грамату, паводле якой БНР абвясьцілі незалежнай дзяржавай у 1918 годзе.
Да таго ж мужчыны прасьпявалі гімны «Пагоня» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Так гарадзенцы пачалі сьвяткаваньне Дня Волі.
«У 1918 годзе ва ўмовах нямецкай акупацыі ў Менску была абвешчаная Беларуская незалежная рэспубліка, — казаў адзін з удзельнікаў сьвяткаваньня, намесьнік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў. — Не магу сказаць, што прамая акупацыя захавалася і сёньня, але тыя свабоды, дэмакратычныя нормы, інстытуты, якія былі закладзеныя тады, так і не рэалізаваныя да канца.
Таму мы працягваем пацьвярджаць прыхільнасьць да гэтых ідэалаў і заяўляем, што ўся нашая дзейнасьць скіраваная менавіта на дасягненьне тых мэтаў, якія ставілі сабе айцы-заснавальнікі нашай дзяржавы».
Саранчукоў адзначыў, што праз пандэмію каранавірусу масавае сьвяткаваньне ў горадзе адмянілі. Сёньня гарадзенцы таксама плянуюць ускласьці кветкі да магілаў вядомых беларусаў у Горадні.
«Мы заклікаем усіх беларусаў самастойна адзначыць гэтае сьвята, якое мусіць быць у кожным доме», — дадаў ён.