Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Воля і Незалежнасць

25.03.2020 общество
Воля і Незалежнасць

Як складалася традыцыя святкавання 25 сакавіка.

Перачытваю мову дакумэнтаў Рады БНР 1918 году. Імкліва знаходзіліся патрэбныя словы, і калі б гісторыя нашае незалежнае дзяржавы не была перапыненая гвалтам — ужо ў пачатку 1920-х мы б мелі паўнавартасную тэрміналёгію дзяржаўнага жыцьця, прычым не бальшавізаваную.

Вось машынапіснае запрашэньне на гістарычнае паседжаньне:

«...Чарговае пасядзэньне Рады адбудзецца у нядзелю 24-го сакавіка /марца/ а 5-й гадзіне /па сярэдне-эуроп/ у вечары у домі пад № 43 на Захароускай вуліцы. /3-й этаж 1-го ад Серпуховскай вуліцы пад’езду/.

(...) Старшыня рады [Я. Серада]. Пісар [К. Езавітаў]»

(Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі / Укл. Сяргей Шупа. Т. І. Кн. 1. Вільня—Нью-Ёрк—Менск—Прага, 1998. С. 62.)

Яшчэ ня выйшла была друкам „Беларуская граматыка для школ“ Браніслава Тарашкевіча, і айцы БНР пішуць паводле інтуіцыі. На расейскай друкавальнай машынцы няма літары Ў (як і цяпер яе ня могуць знайсьці на сваіх кампутарах дзяржаўныя чыноўнікі). Часам рука мэханічна дадае ў канцы слова расейскі Ъ. Прабіваюцца русізмы (як этаж) і палянізмы (як пасядзэньне). Яшчэ пішуць Мінск, і вуліца па-расейску — а ёй такое імя расейскія ўлады і далі — Серпуховская. Але Рада завецца Радаю, сакавік сакавіком. Хоць гэтую даўнюю нацыянальную назву на ўсякі выпадак тлумачаць у дужках дыялектным слоўкам марац. І нават гадзіны лічаць паводле сярэднеэўрапейскага часу.

Што ж да найважнейшых палітычных тэрмінаў, то айцы БНР ужываюць іх дакладна. Вернемся ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 году.

Пад раніцу 25-га Рада прымае гістарычны дакумэнт — Устаўную Грамату Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якую мы звычайна нумаруем і называем трэцяю. 3-я грамата ўжо „дана ў Менску Беларускім“, і дата пазначаная бяз „марца“ — 25 Сакавіка.

«Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднаго краю апошняе ярмо дзяржаунай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расійскіе цары на наш вольны і нізалежны край. Ад гэтаго часу Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаецца Нізалежнай і Вольнай Дзяржавай.»

Вось жа 25 сакавіка 1918 году ўпершыню ў афіцыйным дакумэнце паўнамоцнага беларускага органу зьяўляецца слова незалежнасьць. Акрэсьліваюцца межы незалежнай дзяржавы ды яе лад.

Дакумэнт таксама прасякнуты ідэяй волі, свабоды: ён гаворыць пра „вольны і нізалежны край“, „правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі“. Але грамадзянскія вольнасьці ўжо прадэкляравала папярэдняя, 2-я Ўстаўная грамата ад 9 сакавіка 1918 году:

«5. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвешчаецца вольнасьць слова‚ друку‚ сходаў‚ забастовак‚ хаўрусаў; безумоўная вольнасьць сумленьня‚ незачэпнасьць асобы і памешканьня.»

Таму, калі ўжо на тое, Днём Волі можна было б лічыць 9 сакавіка.

Чаму тагачасным незалежнікам няпроста было публічна ўзьняць лёзунг незалежнасьці Беларусі, — і ў кагадзе перадрукаваных гісторыкам А. Сідарэвічам успамінах Міколы Шылы.

Своеасаблівае публічнае табу на слова незалежнасьць да ночы 25 Сакавіка 1918 году нагадвае мне 1980-я гады, калі словы Незалежная Беларусь выклікалі ўтрапеньне сатрапаў і былі жаданаю мараю ў думках маладых адраджэнцаў. Ужываць прыметнік „незалежная“ ў дачыненьні да Беларусі ў савецкі час было забаронена.

Хаця „сувэрэнная“ — калі ласка. Парадаксальна. Паводле БелЭН, сувэрэнітэт — незалежнасьць і паўнаўладзьдзе суб’екту дзяржаўна-палітычных і праўных дачыненьняў у прыняцьці рашэньняў у межах сваёй кампэтэнцыі й выкананьні паўнамоцтваў улады. Слова ж незалежны, паводле слоўнікаў, азначае ‘самастойны, які не залежыць ад каго-н., чаго-н., свабодны’. Інакш кажучы, у неспэцыяльных тэкстах гэта часьцей за ўсё сынонімы.

Але вось у Канстытуцыі БССР 1978 году ёсьць „глава 7“ пад назваю Беларуская ССР — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. І ў ёй

«Артыкул 68. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — суверэнная савецкая сацыялістычная дзяржава.»

А каб не было сумневаў у такім „сувэрэнітэце“, ніжэй ясна тлумачыцца:

«Артыкул 75. Суверэнныя правы Беларускай ССР у адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР ахоўваюцца Саюзам ССР.»

Слова „незалежнасьць“ у той канстытуцыі ўжываецца толькі ў дачыненьні да вонкавага кантэксту: БССР ёсьць паўнапраўным і незалежным чальцом сусьветнай супольнасьці (запіс для апраўданьня ўдзелу БССР у заснаваньні ААН).

Лексычны казус „сувэрэнітэт vs незалежнасьць“ адлюстраваўся і ў двух этапах юрыдычнага афармленьня новай беларускай дзяржаўнасьці. 27 ліпеня 1990 году была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР, якая і абвяшчала гэты самы „поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі“. Але пра дзяржаўную незалежнасьць сьцьвярджалі ўжо дакумэнты, ухваленыя падчас рэвалюцыйных падзеяў жніўня і пазьнейшых месяцаў 1991 году.

***

А як называлі айцы-заснавальнікі БНР гадавіны 25 Сакавіка? У 1921 годзе, ужо, на жаль, на эміграцыі Беларускі ўрад ушанаваў 25 Сакавіка як сьвята і надаў яму імя. „Дэклярацыя Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцьцяй гадаўшчыны абвешчаньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі“ пачынаецца словамі:

«Дзень 25 сакавіка — нацыянальнае сьвята Беларусі.

Тры гады таму ... Беларуская Дзяржаўная Рада ... абвесьціла наш край Дзяржавай вольнай і ад нікога незалежнай.

(...) ...Моцна трымае Рэвалюцыйны Беларускі Урад у сваіх руках сьцяг незалежнасьці і непадзельнасьці роднага краю.»

(Архівы БНР. Т. І. Кн. 2. С. 1059)

Дакумэнт ковенскі, тэкст, хутчэй за ўсё, аўтарства Вацлава Ластоўскага.

У іншым дакумэнце тых дзён — „Адозва Рады БНР і Рады Міністраў БНР да беларускага й жыдоўскага народаў“ ад 25 сакавіка 1921 году — знаходзім і назву сьвята, і яго спокліч:

«...вялікі гістарычны дзень 25 сакавіка 1918 году — Дзень апавешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі

Слава Беларускай Народнай Рэспубліцы! Ніхай жыве Беларуская Незалежнасьць!»

(Тамсама. С. 1057–1058)

Такім чынам, першая афіцыйная назва сьвята — Дзень апавешчаньня/абвешчаньня (дзяржаўнай) Незалежнасьці Беларусі.

Вядома, што тады, што цяпер незалежнасьць беларускае нацыі немагчымая без свабоды й дэмакратыі. Толькі свабодны народ, а не тыран ці сатрап, абароніць незалежнасьць краіны. Але правільна і адваротнае: безь незалежнасьці ня будзе нам волі.

Да 1990 году 25 Сакавіка звалася толькі Днём Незалежнасьці. А Дзень Волі — гэта пазьнейшая, вобразная назва: спэцыяльны выпуск газэты „Свабода“ з такою „шапкаю“ ўпершыню заклікаў менчукоў на сьвяточную дэманстрацыю.

Новая назва пашырылася, зьявіліся новыя, часта гераічныя, вобразы і легенды Дзён Волі найноўшага часу, у тым ліку і сёлетняга. Некаторыя нават не падазраюць пра пачатнае імя сьвята. На жаль, у сытуацыі татальнага замоўчваньня і скажэньня нашай гісторыі дзяржаваю назва Дзень Волі не падказвае людзям, што ж адбылося эпахальнага ў гэты дзень:

Нават незалежныя журналісты пішуць пра 25 Сакавіка: „99 лет назад была провозглашена Белорусская Народная Республика“. Ці: „Дзень Волі, 99-я ўгодкі БНР“. Але ж Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная раней, 2-й Устаўной граматай 9 сакавіка (таму для гэтае даты лягічнае таксама імя Дзень Рэспублікі).

У іншаземных навінах як толькі ні завецца 25 Сакавіка, але пра Незалежнасьць ані слова. Асабліва расейскамоўныя рэсурсы — пабачыш там і „День свободы“, і „День воли“ — а ў расейскай жа мове слова воля ня тоеснае зь беларускім, у ім ёсьць моцнае адценьне „вольницы“. Вось калі пра падзею, скажам, 25 сакавіка 2017 году пісалі „Улады брутальна задушылі шэсьце ў гонар Дня Незалежнасьці“ (што адпавядала праўдзе) — то многія ўяўленьні і пра гэтую ўладу, і пра каштоўнасьці беларусаў сталі б на месца.

Несумненна, Дзень Волі — прыгожая, сьціслая, шматзначная і нездарма падхопленая грамадою мэтафара. І ўсё ж мэтафара не павінна засланяць першаснае значэньне таго дня. Прынамсі каб нам не навязвалі фальшывых „дзён незалежнасьці“ ўзамен.

Людзі, якія выходзяць 25 Сакавіка на вуліцы беларускіх гарадоў, ахвотна атаесамляюць свой парыў і з Воляй, і зь Незалежнасьцю. Нават калі яны найперш бароняць свае сацыяльна-эканамічныя правы. Пры відавочных гібрыдных пагрозах з боку „рускага міру“ ня трэба доўга тлумачыць, чаму гэта важна.

Вінцук Вячорка, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]