Яна была з вёскі Доктаравічы, дзе зафіксавалі ўспышку каранавіруса.
Уначы 1 красавіка ў Капыльскай раённай бальніцы памерла 70-гадовая пацыентка Наталля Арлова. Яна была з вёскі Доктаравічы, дзе зафіксавалі ўспышку каранавіруса, пiша nn.by.
Пра гэта стала вядома як з колаў, блізкіх да медыкаў, так і ад мясцовых жыхароў. «Памерла, павязуць у Мінск на крэмацыю», — сказалі нам у Доктаравічах.
Справа ў тым, што яшчэ 29 і 30 сакавіка ў вёсках Доктаравічы, Новыя Доктаравічы і Вуглы Капыльскага раёна працавалі медыкі ў касцюмах спецадзення. Людзей папярэджвалі пра тое, што не трэба выходзіць на вуліцу без патрэбы. У многіх жыхароў бралі мазкі на каранавірус. Частку людзей пасля адправілі ў бальніцы Мінска, Барысава і Капыля.
Сярод першых хворых з пнеўманіяй была настаўніца англійскай мовы Наталля Арлова. У Капыль яе даставілі ў цяжкім стане, таму нават не пераводзілі ў Мінск. Яе жыццядзейнасць падтрымлівалі з дапамогай адзінага ў раёне апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Наталля Арлова нарадзілася ў 1949 годзе ў Баку. Дзявочае прозвішча — Пячонава. Вучылася ў Пяцігорскім лінгвістычным універсітэце. Доўгі час з мужам жыла ў Мінску, а калі выйшла на пенсію, то перабралася ў Доктаравічы, дзе жыве яе брат. Працавала ў школе, дзе выкладала англійскую мову ў пятым і дзявятым класах.
Школу ў Доктаравічах закрылі на каранцін, многіх дзяцей вазілі ў раённы цэнтр, каб здаць аналізы.
Старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчыкадзначаў, што Наталля Арлова сапраўды была шпіталізавана, але на цяперашні момант не ведае яе стану. «Нас не інфармуюць», — казаў Сяргей Пілішчык.
«Усе каментары па каранавірусе дае міністр аховы здароўя. Прэс-служба дасць вычарпальную інфармацыю. Каранціну на тэрыторыі раёна няма, у нас ходзіць транспарт, працуюць усе аб’екты», — сказаў Сяргей Пілішчык 31 сакавіка.