Што ў сённяшняй сітуацыі можа зрабіць кожны з нас?
Сёння я хацеў не проста выказацца на тэму пандэміі. Мне хацелася б звярнуцца да людзей з пэўнымі прапановамі, якія могуць дапамагчы нам усім.
Пачнем з таго, што зараз абсалютна кожнаму адэкватнаму чалавеку зразумела, што ўлада ніякім чынам не дапаможа людзям у момант крызісу. Больш за тое, мы бачым, як злачынны рэжым Лукашэнкі спрабуе схаваць рэальныя маштабы пагрозы ад насельніцтва, разменьваючы асабісты хвілінны эканамічны профіт на тысячы магчымых ахвяраў.
Але мой пост зусім не пра тое, якая кепская ўлада. Гэта відавочна. Што ж у такой сітуацыі можам зрабіць мы, кожны з нас?
Давайце будзем слухаць дактароў. Яны кажуць нам мыць рукі часцей, карыстацца антысептыкам, насіць марлевую павязку і трымаць дыстанцыю пры сваіх сацыяльных кантактах.
Самаізаляцыя – выдатны сродак абароны сябе і сваіх блізкіх. Толькі сыходзячы з вышэй напісанага мы ўжо зразумелі, што вар'ят не жадае прымаць ніякіх мер, а працадаўцы не гатовыя спыняць працу ці змяняць яе фармат і губляць грошы. Аднак цяпер ужо коштам вашага слова, абароны вашай пазіцыі, будзе не штраф ці адсутнасць прэміі, адміністрацыйныя содні ці нават згубленая праца. Зараз стаўкі высокія як ніколі – вашае жыццё, жыццё вашых блізкіх!
За што яшчэ варта змагацца ў гэтым свеце?
Таму патрабуйце працы з дому ці аплочваемых вакацый. Не рабіце гэта паасобку. Вашы калегі і каляжанкі баяцца таксама як і вы, але таксама як і вы не жадаюць смерці сваім сваякам.
Вы бухгалтарка на прадпрыемстве? Паразмаўляйце з усім аддзелам. Стаўце перад загадчыкам пытанне рэбрам: магчымасць хаця б часткова працаваць з дома, аплочваемыя вакацыі, захоўванне працоўных месцаў. Інакш вы ўсе разам сыдзеце на вакацыі бестэрміновыя. Паверце, калі перад бізнесоўцам стане пытанне згубіць бізнес ці панесці часовыя страты – страты перамогуць.
Грузчыкі, зваршчыкі, прадаўцы, размаўляйце ў сваіх калектывах, дабівайцеся саступак. Зараз гэтыя саступкі – вашае жыццё!
Злачыннае бяздзеянне і хаванне фактаў ад грамадства хутчэй за ўсё прывядзе да калапсу сістэмы аховы здароўя.
Вашыя суседзі, сябры і сваякі могуць застацца без магчымасці выйсці за ежай, не рызыкуючы здароўем і жыццём, а таксама сам насам са сваімі іншымі хваробамі, мажліва цяжкімі. Дапамагчы ім не будзе каму, акрамя нас з вамі!
Кожны малады і здаровы можа так ці інакш паўдзельнічаць у тым, каб забяспечыць самыя неабароненыя групы насельніцтва.
Валантэрская дастаўка ежы, лекаў, прадуктаў першай неабходнасці. Гэта можна рэалізоўваць у межах вашага падʼезду, двара ці дома.
Калі адчуваеце здольнасць дапамагчы – можна расклеіць у межах вашага дому абʼявы з адрасам і тэлефонам, па якім можна звяртацца па дапамогу. Бо далёка не ўсе людзі сталага ўзросту карыстаюцца дэвайсамі і сядзяць у сацыяльных сетках. Аднаму будзе складана, таму абʼядноўвайцеся па месцу жыхарства. Як суседзі, вы хутчэй за ўсё ведаеце адзін аднаго і маеце давер да чалавека, які жыве побач. Таксама гэта справа па сілах, калі не трэба будзе ехаць у іншы бок гораду, каб дапамагчы чалавеку.
Цэнтралізаванай сістэмы няма, а тая, што ёсць, магчыма, «ляжа» высілкамі дыктатара. Таму цяпер ваш дом, раён – аўтаномны фарпост супрацьстаяння крызісу.
Не варта зачыняцца ад усяго свету, бо там, дзе мы кінем людзей – заўтра не дапамогуць нам. Таксама гэта толькі дапаможа хваробе і крызісу.
Цяпер салідарнасць і ўзаемадапамога, самаарганізацыя – не нейкія палітычныя патрабаванні ці лозунгі. Гэта неабходнасць каб выжыць.
У сеціве ўжо ёсць шэраг ініцыятыў і асобаў, якія спрабуюць самаарганізавацца для дапамогі ўсім мажлівым ахвярам крызісу, а таксама медыкам. Далучайцеся да іх, наладжвайце сувязь з іншымі ініцыятывамі, фарміруйце свае. Чым больш нас уключыцца ў гэту працу – тым меншыя наступствы нас чакаюць.
Палітыка існуючай улады – генацыд насельніцтва Беларусі. Не дадзім нас знішчыць!
Вячаслаў Касінераў, прэс-служба «Еўрапейскай Беларусі»