У інфекцыёнцы памёр супрацоўнік санаторыя «Пралеска» ў Ждановічах.
У ноч на 2 красавіка памёр супрацоўнік санаторыя «Пралеска», што ў Ждановічах. Ён ляжаў з пнеўманіяй у раённай бальніцы, пасля яго перавялі ў мінскую інфекцыёнку, куды накіроўваюць людзей са станоўчым аналізам на каранавірус.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», памерлы Валер Ш. працаваў электрыкам, жыў у прыгарадзе. Яму было каля 60 гадоў.
Некалькі тыдняў таму мужчына ляжаў у абласной бальніцы, правяраў сэрца. Пасля выйшаў на працу, пабыў пару змен. А потым злёг з пнеўманіяй.
У пятніцу, 27 сакавіка, яго паклалі ў Мінскую цэнтральную раённую бальніцу ў Бараўлянах. У сераду перавялі ў гарадскую інфекцыйную бальніцу, дзе яго і не стала.
«Тры дні ляжаў на калідоры, напэўна, запусцілі», — наракаюць калегі па працы.
На наступны дзень пасля смерці мужчыны супрацоўнікаў санаторыя папрасілі прадаставіць спіс кантактаў першага ўзроўню.
У «Пралесцы» адпачываюць у асноўным пажылыя. Раней у дзвюх жанчын з аднаго з заездаў дыягнаставалі каранавірус, расказалі «Нашай Ніве» супрацоўнікі санаторыя. А праз час у санаторый сталі прыязджаць «хуткія» і забіраць работнікаў як кантактаў. Кажуць, сярод іх былі пакаёўкі, афіцыянткі, медыкі. Многія — ва ўзросце.
«А мы працягвалі працаваць і прымаць адпачываючых», — перажываюць людзі.
Адміністрацыя санаторыя каментаваць выпадкі каранавіруса ці іх адсутнасць адмовілася.
«Ну што вы, не ведаеце артыкул 46 [артыкул аб медычнай таямніцы закона аб ахове здароўя]? Ніякай інфармацыі даць не магу. Каранціну ў нас няма. Здраўніца працуе ў штатным рэжыме», — адказаў дырэктар «Пралескі» Сяргей Падкавыраў.
Санаторый уваходзіць у сістэму холдынга «Амкадор».