Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Згарэў за пяць дзён. У Віцебску ад каранавіруса памёр 58-гадовы палкоўнік пракуратуры

05.04.2020 общество
Згарэў за пяць дзён. У Віцебску ад каранавіруса памёр 58-гадовы палкоўнік пракуратуры

У былога следчага ў дадатак да інфекцыі была арытмія.

У Віцебску за няпоўны тыдзень ад пнеўманіі згарэў былы следчы па найважнейшых справах Віцебскай абласной пракуратуры, палкоўнік у адстаўцы, 58-гадовы Анатоль Высоцкі.

Былыя калегі расказалі «Нашай Ніве», што толькі ў панядзелак 30 сакавіка ён адкрыў бальнічны, а ўжо ў пятніцу, 3 красавіка, ім паведамілі пра запланаванае на нядзелю пахаванне.

У выніку публічнага развітання не будзе, бо прыйшоў пасмяротны аналіз на каранавірус — станоўчы…

Гэтую інфармацыю «Нашай Ніве» пацвердзіла жонка памерлага.

«Узялі аналіз — ён пацвердзіўся. Гэта не хаваецца. Як сталі вядомыя вынікі — пазванілі з санэпідэмстанцыі.

Нам цяпер тэсты гэтыя зробяць: зараз прыедуць апрацаваць кватэру, тэсты — і на ізаляцыю.

Мы ж не маглі нават падумаць, што ў яго станоўчы вынік! І адкуль жа я ведаю, дзе ён мог заразіцца?

Мы ж не ездзілі нікуды, на месцы былі. Я на работу і з работы, ну ў краму зайду. Ён таксама ў краму мог зайсці, на рынак, на лецішча — усё. А так ён дома сядзеў, пенсіянер, нікуды не выходзіў, не ездзілі нікуды.

Пачыналася з тэмпературы, тры дні патэмпературыў — 38. Ён сам звязваў гэта з простай прастудай, маўляў, быў на лецішчы, як ён казаў, дровы складваў, пратапіў, выбег на вуліцу — ну можа прадзьмула, прастыў ды прастыў… Падумаць не маглі, што ў нас можа быць нейкі каранавірус», — сказала «Нашай Ніве» жонка.

Са слоў жонкі, у палкоўніка Высоцкага была арытмія, ён быў сардэчнік.

Як вядома, каранавірусная інфекцыя дае ўскладненні ў форме пнеўманій. Асабліва цяжка яе пераносяць людзі старэйшага ўзросту, з хранічнымі захворваннямі.

Сітуацыя ў Віцебску выклікала трывогу з другой паловы сакавіка, калі адтуль стала паступаць інфармацыя пра нязвыкла вялікую колькасць пнеўманій.

31 сакавіка улады пацвердзілі смерць заслужанага артыста Беларусі, акцёра віцебскага Тэатра імя Якуба Коласа 75-гадовага Віктара Дашкевіча. У яго быў выяўлены каранавірус.

Тэатр спыніў спектаклі. Паводле інфармацыі ўдавы Дашкевіча, па меншай меры, у пяці супрацоўнікаў тэатра запаленне лёгкіх, іх шпіталізавалі.

Акрамя таго, яшчэ дзве сям'і з Віцебска першымі заявілі, што іх родныя — 73-гадовая Аляксандра Чэпік і 58-гадовая Таццяна Хузеева — памерлі, будучы шпіталізаваныя з цяжкімі пнеўманіямі. Абедзве сям'і сцвярджаюць, што ім тэлефанавалі санслужбы і паведамлялі пра станоўчыя пробы на каранавірус. У дачыненні да Хузеевай Міністэрства аховы здароўя пазней абвергла гэтую інфармацыю. У Чэпік у пасведчанні пра смерць быў указаны каранавірус.

Акрамя таго, у Віцебску ад каранавіруса памёр 70-гадовы адстаўнік Уладзімір Сідараў, былы капітан флота.

Вядома таксама пра смерць ад пнеўманіі медсястры, што працавала ў бальніцы, дзе ляжаць хворыя на каранавірус. Адносна яе выпадку, улады не далі інфармацыі адносна сувязі яе смерці з COVID-19.

На жаль, афіцыйная інфармацыя пра колькасць пацыентаў з дыягназам «пнеўманія» у Віцебску і вобласці не публікуецца. Прыватным чынам медыкі кажуць пра тое, што пацыентаў з запаленнем лёгкіх у горадзе нашмат больш, чым звычайна ў гэты час года.

Тым часам па стане на ранак 5 красавіка СМІ апублікавалі 11 паведамленняў пра смерць ад каранавіруса са спасылкамі на родных памерлых ці на медыцынскі персанал ніжэйшага звяна. Гэтыя смерці адносіліся да жыхароў Віцебска, Мінска, Капыльскага раёна, а таксама супрацоўніка санаторыя ў Мінскім раёне, месца жыхарства якога не ўказвалася.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]