Нашыя землякі ад сярэднявечча складалі вельмі істотную частку каталіцкай грамады ў Маскве.
Каталіцтва ў Расіі традыцыйна асацыюецца з польскасцю і палякамі. Але ў значнай ступені гэтая польскасць — беларуская польскасць, і гэтыя палякі — беларускія палякі, нашчадкі паланізаванай ліцвінскай шляхты або іншыя людзі, чыя польская самасвядомасць вызначалася прыналежнасцю да каталіцтва і разуменнем Польшчы як усёй былой Рэчы Паспалітай, якая бясспрэчна ўключала і іх малую радзіму — цяперашнюю Беларусь, піша “Новы час”.
Ролю Беларусі ў гісторыі расійскага каталіцтва падкрэслівае і той сімвалічны факт, што ў часы Расійскай Імперыі, калі Каталіцкі касцёл ня меў дазволу ствараць паўнавартасныя структуры на большай частцы тэрыторыі краіны, уся паўночная Еўразія ад Беластока да Чукоткі з пункту гледжання Каталіцкага касцёлу была часткай Магілёўскай архідыяцэзіі.
Вядома, што ў 1916 годзе ў адным з маскоўскіх касцёлаў пабраліся шлюбам Янка Купала і Ўладзіслава Станкевіч. У якім дакладна касцёле гэта было, не да канца зразумела, але хутчэй за ўсё гэта адбылося ці ў касцёле Пётры і Паўла ў Мілюцінскім завулку, ці ў Саборы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі на Малай Грузінскай вуліцы. Абодва гэтыя касцёлы ў пачатку 20. стагоддзя былі цэнтрамі маскоўскай польскамоўнай каталіцкай грамады.
Сабор Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Зусім недалёка ад Беларускага вакзалу — чыгуначнай станцыі, куды ў Маскву прыбываюць цягнікі з Беларусі — у ціхім старым спальным раёне стаіць катэдральны Сабор Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Собор Непорочного Зачатия Пресвятой Девы Марии). Гэта галоўны па сваім статусе і самы вялікі каталіцкі касцёл у Маскве і ва ўсёй Расіі. Велічны неагатычны будынак — папулярнае месца сярод аматараў архітэктуры і рамантыкаў, ён часта фігуруе на паштоўках і робіцца месцам прыгожых фотасэсій.
Суседства з Беларускім (раней — Брэсцкім) вакзалам не выпадковае: у гэтым раёне ў 19. стагоддзі кампактна пражывала пэўная колькасьць каталікоў («палякаў», як прынята казаць), якія працавалі на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы.
Касцёл Беззаганнага Зачацця НПМ лічыцца ўвасабленнем і сімвалам польскай культуры ў Маскве. Нават амбасада Польшчы знаходзіцца ў пяці хвілінах пешкам ад яго.
Між тым, як чыгуначная станцыя, вакол якой пражывала каталіцкая меншасць, сёння завецца Беларускім вакзалам, так і сама тая каталіцкая меншасьць у рэчаіснасці складалася ня толькі з карэнных палякаў, але відавочна мела і вельмі істотны (калі не пераважны) беларуска-ліцвінскі складнік.
Сабор Беззаганнага Зачацця НПМ пабудавалі ў 1901–1911 гг. як раз каталікі-ліцвіны, што аселі ў Маскве. Архітэктарам касцёла быў віцяблянін Тамаш Багдановіч-Дваржэцкі, аўтарам праекту агароджы — віленчук Лявон Даўкша. Грошы на будаўніцтва збірала польская/польскамоўная каталіцкая грамада па ўсёй Расіі.
У часы савецкага рэжыму сабор быў складам, інтэрнатам і змяшчаў якісь другарадны даследчыцкі інстытут, і фактычна ператварыўся ў жывапісныя руіны. Якімсь цудам сабор ня быў перабудаваны да непазнавальнасці, а досыць вялікая тэрыторыя вакол яго засталася вольнаю. Дарэчы, у доме амаль насупраць таго месца жыў Уладзімір Высоцкі, нашчадак беларускіх габрэяў з прозвішчам, утвораным ад назвы беларускага мястэчка Высокае. Масква такі горад — адны беларусы навокал.
Постсавецкая гісторыя адроджанага сабора таксама непарыўна звязаная ня толькі з польскай дыяспарай, чые актывісты актыўна змагаліся за вяртанне будынку, але і з выхадцамі з Беларусі. Адраджэннем святыні займаўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, цяперашні мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а ў той час — апостальскі адміністратар каталікоў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі. Пробашчам сабора самы доўгі час у ягонай гісторыі (26 гадоў з 1991 па 2017 гг.) быў беларус Юзаф Занеўскі. Цяперашні пробашч — таксама беларус, Уладзімер Кабак.
У сярэдзіне нулявых гадоў цяперашняга стагоддзя была прынамсі адна няўдалая спроба арганізаваць беларускія набажэнствы. Беларусы-энтузіясты дайшлі ажно да тагачаснага маскоўскага арцыбіскупа Кандрусевіча, арганізавалі прывоз з Менску вялікага імшала на беларускай мове. Аднак служыць імшу быў прызначаны малады абыякавы расійскамоўны беларускі манах, да якога шматканфесіянальная беларуская грамада ў хуткім часе перастала хадзіць.
Цяпер у гэтым саборы, шчыльна звязаным з Беларуссю, ідуць імшы на расійскай, польскай, французскай, ангельскай, іспанскай, украінскай, армянскай мовах і на лаціне — але не па-беларуску.
Касцёлы на Лубянцы
Акрамя Сабора Беззаганнага Зачацця ў Маскве існуе яшчэ два гістарычных касцёла. Яны знаходзяцца ў самым цэнтры Масквы ў некалькіх сотнях мэтраў адзін ад аднаго — і, так сталася, у некалькіх сотнях мэтраў ад штаб-кватэры былога КГБ СССР (цяпер ФСБ Расіі) на Лубянцы.
З іх дзейнічае цяпер толькі адзін: касцёл святога Людзвіка Французскага, які традыцыйна з’яўляецца цэнтрам франкамоўнай маскоўскай грамады.
Для нас гэты касцёл адметны тым, што ў ім у 1926 годзе быў сакрэтна, падчас савецкіх рэпрэсіяў супраць духавенства, высвячаны на біскупа латыш Баляслаў Слосканс, будучы апостальскі адміністратар Магілёва і Мінска, а пасля Другой сусветнай вайны — апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у Заходняй Еўропе і вялікі сябар беларускай дыяспары.
Касцёл святога Людзвіка быў адзіным касцёлам у Маскве, які працягваў дзейнічаць у савецкія часы. Суседні касцёл святых Пётры і Паўла, які аднасіўся да самай старой маскоўскай каталіцкай грамады, гісторыя якой пачалася ў 17. стагоддзі, меў больш сумны лёс. Ягоны будынак, разам з навакольнымі будынкамі некалькіх каталіцкіх дабрачынных і адукацыйных установаў, быў канфіскаваны савецкім рэжымам, а пасля распаду СССР неадназначным чынам прыватызаваны і каталікам так і ня вернуты. Адроджаная расійскамоўная парафія святых Пётры і Паўла вымушаная выкарыстоўваць касцёл святога Людзвіка.
Адным з апошніх пробашчаў маскоўскага касцёла святых Пётры і Паўла перад ягоным закрыццём быў Пётра Зялінскі, ураджэнец Чавускага павету на Магілёўшчыне. У пачатку 20-х гадоў ён быў рэпрэсаваны, правёў некалькі гадоў у ссылках і памёр у Рэспубліцы Комі ў 1931 годзе. Пасля Зялінскага вікарыям таго прыхода некалькі месяцаў у 1924 г. быў ужо згаданы Баляслаў Слосканс. Вядомымі прыхаджанамі касцёла былі шматлікія расійскія дзеячы з беларускімі прозвішчамі і паходжаннем з тэрыторыі Беларусі.