Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Стос беларускіх спектакляў анлайн на тыдзень

07.04.2020 культура
Стос беларускіх спектакляў анлайн на тыдзень

Беларускія тэатры працягваюць сваю віртуальную прысутнасць.

Беларускія тэатры працягваюць сваю віртуальную прысутнасць — на гэтым тыдні, не выходзячы з дома, можна «схадзіць» на пастаноўкі прынамсі трох калектываў. Некаторыя з прапанаваных да прагляду спектакляў прысутнічаюць у актуальным рэпертуары, а некаторыя магчыма ўбачыць выключна ў запісе і толькі абмежаваны адрэзак часу, паведамляе «Звязда».

Глядзім, што прапануюць айчынныя тэатралы.

Купалаўскі падлічыў, што за час «Тыдня Купалаўскага online», калі з 27 сакавіка па 2 красавіка праз трансляцыю запісаў былі паказаны чатыры пастаноўкі, колькасць гледачоў перавысіла сорак тысяч чалавек і ахапіла Еўропу, Амерыку, Азію і Афрыку.

Папулярнасць «Тыдня» стала нагодай арганізаваць чарговую серыю анлайн-паказаў тэатральных вечароў: «Купалаўскі дома» ўжо сёння, 7 красавіка, пакажа творчы вечар заслужанай артысткі Беларусі Тамары Міронавай, 8 красавіка — спектакль «Офіс» рэжысёра Кацярыны Аверкавай, а 10-га — «Хама» Аляксандра Гарцуева паводле Элізы Ажэшка.

Спасылкі на прагляд, нагадаем, адкрываюцца на сайце тэатра і на старонках Купалаўскага ў сацыяльных сетках у 18.00 у дзень паказа і даступныя цягам дваццаці чатырох гадзін. Доступ да ўсіх анлайн-паказаў бясплатны і не абмежаваны тэрытарыяльна.

Свае фонды адкрывае і тэатр беларускай драматургіі: на працягу пяці дзён, пачынаючы ад сёння, на сваім Youtube-канале РТБД штодня будзе паказваць знакавыя пастаноўкі мінулых гадоў, а таксама спектаклі з актуальнага рэпертуару. З мінулага дастануць пастаноўку 2014 года «Мабыць?» Аляксандра Марчанкі (паказ адбудзецца ўжо сёння, 7 красавіка), спектаклі «Шчаслівы муж» 2011 года рэжысёра Мюра Фарыдовіча (8 красавіка) і «Белы анёл з чорнымі крыламі» 2006-га Венедыкта Расстрыжэнкава (10 красавіка).

Актуальны рэпертуар падзеліцца пастаноўкай «Гэта ўсё яна» Монікі Дабраўлянскай (9 красавіка) і дзіцячым спектаклем «А мне не сорамна!..» (11 красавіка). Тэатр прысвячае гэты праект памяці акцёра Гарыка Вяпшкоўскага, што пайшоў з жыцця на мінулым тыдні: ён працаваў у РТБД, і відэазапісы спектакляў апошніх гадоў былі зроблены пры яго непасрэдным удзеле.

У той жа час Магілёўскі драматычны тэатр таксама паказвае свае мінулыя пастаноўкі — расклад анлайн-паказаў на ўвесь красавік ужо гатовы. На гэтым тыдні, 11 і 12-га, на «Беларусь 4» Магілёў» (націскаем «Глядзець online») будуць паказвацца пастаноўкі «Крэйцарава саната» і «Фрэкен Жулі» адпаведна. Кожны са спектакляў пачынаецца а сёмай гадзіне.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]