Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларускія ветэраны заклікаюць не ісці на парад 9 траўня

11.04.2020 общество
Беларускія ветэраны заклікаюць не ісці на парад 9 траўня

Жыцці людзей важнейшыя.

Нягледзячы на пашырэньне эпідэміі каранавірусу, у Менску працягваюцца рэпэтыцыі параду на 9 траўня. Лукашэнка заклікае правесьці мерапрыемства «на найвышэйшым узроўні». Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў кажа, што рашэньне мае быць палітычным. «Радыё Свабода» пагаварыла з вэтэранамі, якія прапануюць сёлета сьвяткаваць Дзень Перамогі дома, а не на парадзе.

Валянціна Баранава, 96 гадоў: «Не сышоўся ж клін толькі на гэтым 9 траўня!»

Вэтэран Валянціна Баранава (на першым пляне)

Жыхарка Горадні Валянціна Баранава пайшла на фронт у 18 гадоў радысткай. Прайшла ўсю вайну, Перамогу сустрэла ў Празе. Яе ўзнагародзілі нагрудным знакам «За жаночую мужнасьць». У мірны час працавала настаўніцай музыкі. Мае трох дзяцей, шэсьць унукаў, праўнука.

Штогод энэргічную спадарыню Валянціну запрашалі на сьвяточныя імпрэзы з нагоды Дня Перамогі. Аднак сёлета яна мяркуе, што варта застацца дома.

«Як мы можам рызыкаваць жыцьцём людзей, нашых землякоў?! Урэшце, не сышоўся ж клін толькі на гэтым 9 траўня!» — эмацыйна кажа вэтэран.

Яна мяркуе, што адзначаць сьвята можна ў любы час.

«Мы ж 75 гадоў жывём пад мірным небам. Што яшчэ нам трэба? Цудоўны горад, жыхары нашага гораду ўсе апранутыя цудоўна. Я ня ведаю, мне здаецца, машын поўна, немагчыма прайсьці. Дамы прыгожыя. Каля дамоў цудоўная тэрыторыя дагледжаная», — разважае жанчына.

Валянціна Баранава на адной зь мінулых сьвяточных імпрэзаў з нагоды Дня Перамогі (чацьвёртая зьлева ў першым шэрагу)

На ейную думку, яшчэ нядаўна каранавірус падаваўся беларусам жартам, людзі не разумелі ягонай небясьпекі.

«Дый імя яшчэ якое — „карона“ — зрабілі гэтаму праклёну, вірусу. Адкуль ён толькі ўзяўся? Зусім нядаўна... і зьвестак такіх не было, каб нехта ў нас заразіўся. А там, што робіцца там, „за бугром“...», — перажывае суразмоўніца.

Цяпер, мяркуе спадарыня Валянціна, варта прыслухацца да «разумных галоваў» і «слухаць, што ў іншых дзяржавах робіцца».

«Мы не павінны сваё нешта прыдумляць... Цяпер, калі слухаеш перадачу, то першае пытаньне — гэта праблема з гэтай хваробай. І калі заклікаюць нас, асабліва старых, быць дома, нікуды не выходзіць, то мае дачка і сын у адзін голас кажуць мне: „Мама, мы цябе нікуды ня пусьцім“... Мне дачка сказала: „Мама, калі ты крышку наш паважаеш, калі ты шкадуеш нас, то ты нікуды ня пойдзеш“», — кажа жанчына.

Яна згаджаецца з навукоўцамі, што старыя найбольш уразьлівыя да гэтай хваробы, але заўважае, што церпіць і моладзь.

«У нас няма па фізычным нашым складзе, узроставым, унутраных сілаў, якія б змагаліся з гэтай інфэкцыяй... Мабыць, думка гэтая ідзе ад людзей, якія зьвязаныя з дасьледаваньнем асаблівасьцяў гэтай інфэкцыі. Відаць, вывучылі ўжо, як рэагуюць старыя, як рэагуюць маладыя. У маладых ёсьць, напэўна, нейкі запас сілаў, якія будуць змагацца з гэтай інфэкцыяй. Хоць цяпер, вось глядзіце, у прыклады прыводзяць і моладзь», — шкадуе жанчына-вэтэран.

Спадарыня Валянціна мяркуе, што і іншыя вэтэраны падтрымаюць яе думку.

«Можа, сапраўды, трэба пашкадаваць нашых старэнькіх. Нягледзячы на тое, што мы будзем рвацца наперад — а мы будзем рвацца наперад, хто на нагах. Толькі назавіце мне, колькі ў нас на нагах... Нас засталося надта мала, а далей ідуць ужо ўдзельнікі вайны, дзеці вайны. Іх таксама трэба берагчы».

Фэлікс Шкірманкоў, 94 гады: «Кіраўніцтва дзяржавы прыкрываецца заявамі пра клопат аб вэтэранах»

Фэлікс Шкірманкоў
Фота: «Радыё Свабода»

94-гадовы вэтэран вайны са Слаўгараду (райцэнтар на Магілёўшчыне) Фэлікс Шкірманкоў пятнаццацігадовым падлеткам пайшоў у партызаны. Падчас адной з апэрацыяў на чыгунцы быў паранены, летаком яго вывезьлі з партызанскай зоны ў Расею.

Па сканчэньні Маскоўскай вайскова-інжынэрнай вучэльні яго накіравалі на 4-ы Ўкраінскі фронт. Перамогу сустрэў у чэскім горадзе Оламаўцы. За вайну атрымаў чатыры раненьні.

Ён найстарэйшы сябра Партыі БНФ. Піша вершы і прозу. Выдаў 32 кнігі. Яго рэгулярна запрашаюць удзельнічаць у раённых імпрэзах да гадавіны Перамогі.

Шкірманкоў лічыць, што праводзіць парад падчас эпідэміі немэтазгодна.

Фота: «Радыё Свабода»

«Тым, хто зьбіраецца на яго ісьці, варта задумацца пра ўласную бясьпеку. Сродкі, якія ўлада зьбіраецца патраціць на парад, трэба пусьціць на набыцьцё неабходнага для барацьбы з хваробаю. Кіраўніцтва дзяржавы выкарыстоўвае гадавіну Перамогі ў сваіх палітычных інтарэсах, прыкрываючыся заявамі пра клопат аб вэтэранах і памяцьцю пра іхныя заслугі», — кажа ўдзельнік вайны.

Да 75-годзьдзя Перамогі Фэлікс Шкірманкоў выдаў зборнік сваіх твораў, прысьвечаны подзьвігу народу ў Другой усясьветнай вайне. Ён кажа, што зьвяртаўся па дапамогу да мясцовай улады, каб наклад кніжкі быў большы і яе маглі атрымаць усе бібліятэкі Беларусі. Чыноўнікі абяцалі зварот разгледзець.

Не дачакаўшыся адказу, Фэлікс Шкірманкоў выдаў кніжку «Шляхамі памяці» накладам 100 асобнікаў за свае 2400 рублёў.

«Вось гэта і ёсьць сапраўднае аблічча цяперашняй улады і яе стаўленьне да такіх, як я, аўтараў Перамогі, — выказваецца ён. — Мне здаецца, што я заслужыў хоць бы чыноўніцкага ліста ў адказ на свой зварот».

Міхаіл Вайман, 94 гады: «Нам і так цяжка, а тут жа яшчэ трэба ратавацца»

Міхаіл Вайман

94-гадовы жыхар Магілёва Міхаіл Ісакавіч Вайман удзельнічаў у вайне супраць Японіі пасьля разгрому нацыстаў у Эўропе. Штогод яго запрашаюць адзначыць гадавіну Перамогі ўдзелам у парадзе. Апошні раз удзельнічаў у ім напярэдадні свайго 90-годзьдзя, і яму не спадабалася, што за ўазікамі з вэтэранамі ехалі машыны хуткай дапамогі.

На ягоную думку, ад правядзеньня параду, калі навокал каранавірус, варта адмовіцца наагул — дзеля здароўя саміх вэтэранаў.

«Уявіце сабе, — тлумачыць ён, — у закрытай машыне, дзе 6 чалавек вэтэранаў, і вірус. Нам і так цяжка, а тут жа яшчэ трэба нечым ратавацца. Якія мы будзем пасьля параду...»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]