Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Святар: Надышоў час спыніцца і паглядзець на сваё жыццё

12.04.2020 общество
Святар: Надышоў час спыніцца і паглядзець на сваё жыццё

Сёлетні Вялікдзень святары называюць «праверкай нашай духоўнасці».

Сёлета святкаванне і нават падрыхтоўка да яго ў сувязі з эпідэміялагічнымі абставінамі не ўкладваюцца ў звыклыя каноны. Так, кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адмысловым указам дазволіў вернікам для асвячэння ежы на велікодны стол далучыцца да анлайн-трансляцыі службаў і зрабіць гэта самастойна памаліўшыся. Як годна адсвяткаваць Вялікдзень, mlyn.by расказаў прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Юрый Санько.

Сітуацыя неардынарная

Зараз мы павінны думаць не толькі пра духоўныя перажыванні, але таксама і пра фізічнае здароўе вернікаў. Першая просьба біскупаў і іерархаў, якія выдалі дыспэнцыі і дазволы, — каб старэйшае пакаленне засталося дома. Людзі сталага ўзросту найбольш неабароненыя ад захворванняў. Мы просім моладзь і дзяцей, каб яны таксама засталіся дома, бо, як паказаў італьянскі досвед, яны найбольш верагодныя пераносчыкі каранавіруса.

Мы заклікаем, каб родныя і блізкія, дзеці ці ўнукі забяспечылі для сваіх старэйшых сваякоў магчымасць далучыцца да відэатрансляцый з касцёлаў — з некаторых яны ідуць у нас ужо даволі даўно.

Мы найперш заахвочваем, каб гэта быў годны ўдзел. Не так, што нейкую справу па хаце чалавек робіць, каву п’е, падлогу мяце і паралельна слухае Святую імшу, — не. Мы заахвочваем, каб людзі і апрануліся па-святочнаму, каб яны сапраўды селі ўсёй сям’ёй перад экранам і разам маліліся.

Сёння не той час, каб праяўляць якісьці духоўны гераізм: мы найперш павінны думаць пра здароўе. Мы просім, каб людзі засталіся дома і ў іншыя дні, каб пазней усім разам сабрацца і падзякаваць Богу за тое, што гэты час выпрабаванняў мы прайшлі сапраўды годна, з вераю, надзеяй, без якойсьці дадатковай панікі. Разумеючы, што сітуацыя складаная, заахвочваем, каб вернікі маліліся за ўсіх людзей — асабліва за лекараў, якія на перадавой стаяць і робяць усё, каб мы маглі нармальна жыць, каб моцна не адчувалася гэтая эпідэмія.

Вера і розум

У некаторых сем’ях узнікае бунт: «Як гэта так?! Мне нельга ў касцёл у самае галоўнае свята?!» Касцёл зараз перажывае год святога Яна Паўла II з нагоды стагоддзя яго нараджэння. Ён напісаў цудоўную энцыкліку «Вера і розум». Сам Езус вучыць нас не выстаўляць Бога на выпрабаванне. Мы не маем на гэта права. «Вось я, Божа, буду хадзіць у касцёл, а захварэю дык захварэю» — нельга так! Калі ўзнікне пажар, мы выклікаем пажарных, таму што яны ў гэты момант — інструмент у Божых руках, які дапамагае нам. Калі мы хварэем — выклікаем лекара. Мы звяртаемся да спецыялістаў, бо яны ў гэты момант — прылада ў руках Божых. Канешне, мы гэта робім з вераю, з дадатковай малітвай.

У выпадку святкавання Вялікадня павінны быць і вера, і розум. Гэта праверка для нас: наколькі мы сапраўды духоўна ўдзельнічаем і перажываем гэтую падзею? Ці для нас галоўнае асвяціць вярбу і стравы на велікодны стол — і гэта ўся наша Пасха? На жаль, калі толькі так, гэта не свята, а захаванне якіхсьці сямейных традыцый. Пасха — гэта той момант, калі чалавек перажывае духоўныя пакуты і смерць, а таксама ўваскрэсенне Хрыста. Сёння такі час, калі мы павінны зазірнуць у сваё сэрца і паглядзець, наколькі мы падрыхтаваны, як мы разумеем глыбіню гэтага свята.

Кожны павінен паклапаціцца аб сваіх родных: глядзець, каб не толькі не заразіцца самому, але і каб не быць пераносчыкам. Сёння мы асаблівым чынам павінны памятаць адно аб адным. Гэтая эпідэмія можа нас з’яднаць у адзіную духоўную сям’ю. Падумайце і пра сваіх святароў, якіх у нас і так не хапае. У кожнага з іх многа кантактаў, споведзей, камуній… Святар сёння, мабыць, пасля лекара таксама сярод першых, хто ў зоне рызыкі.

Самае галоўнае, каб людзі гэта разумелі, таму што ў некаторых ёсць дваістае стаўленне: нібыта і дазволена застацца дома, а не пойдзеш — сумленне турбуе. Не. Калі не прыйдзеце ў касцёл на Вялікдзень — граху не будзе.

Бог не стамляецца любіць

Гэта мы самі праз свае ўчынкі не хочам, каб Ён нас любіў. Бог заўсёды застаецца верны Свайму запавету, а чалавек адварочваецца. Бог дае нам ласкі, але праз грэх чалавек хаваецца ад Яго. Што адбылося ў эдэмскім садзе, калі Адам саграшыў з Евай і яны ўзялі той плод? Не Бог хаваўся! Там напісана чалавечай мовай, што Бог прагульваўся па садзе, Ён даў чалавеку шанц зразумець свой грэх і раскаяцца. А Адам схаваўся. Не Бог хаваецца ад нас. Мы ад Яго хаваемся.

Вельмі цудоўна сказаў Папа Францішак: «Мы спадзяваліся, што ў хворым свеце мы застанёмся здаровымі». На жаль, так не бывае. Мы жывём у соцыуме, сярод людзей, якія па-рознаму ставяцца і да веры, і да духоўнасці. Бог дае нам шанц, каб мы маглі перагледзець сваё жыццё. Нават калі пагражаў патопам, папярэдзіў, што 120 дзён будзе дзеля таго, каб людзі маглі вярнуцца да Бога. Прайшлі 120 дзён — даў яшчэ 7 дзён. Чалавек нічога не зрабіў, здарылася вялікая катаклізма ва ўсім свеце. Можа, мы сёння таксама стаім на парозе такога «патопу»? Бог дае нам шанц, а мы ўпіраемся і не хочам паглядзець і прызнацца ў сваіх памылках? Не хочам прызнаваць свае грахі, а ўвесь час уцякаем, нешта прыдумваем…

Гэта, сапраўды, час вялікай рэфлексіі над нашым жыццём. Паглядзіце, як яно змянілася, як змяніліся нашы сем’і.

Сям’я жыве як у інтэрнаце: сустрэліся, пад адным дахам пераначавалі і разышліся па сваіх справах. Каранавірус зрабіў так, што сёння сям’я знаходзіцца ў каранціне. Людзі ў рэшце рэшт могуць паміж сабою паразмаўляць, разам правесці час. Калісьці быў згублены фундамент. Жывуць і жывуць муж з жонкай. Ну, не кахаюць ужо, бо эмоцыі прайшлі. Жывуць, бо ёсць дзеці. А вырастуць яны, раз’едуцца — што далей? Мы згубілі галоўны духоўны фундамент. Сям’я — галоўная клетка ўсяго грамадства. Калі гэтая клетка хворая — хворае ўсё грамадства. Самае галоўнае сёння, каб чалавек захацеў спыніцца і паглядзець на сваё жыццё. Калі сталаму чалавеку, які выздаравеў у Італіі, сказалі, што ён павінен заплаціць толькі за адзін дзень карыстання апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх, ён заплакаў. На пытанне лекара адказаў: «Я магу заплаціць за ўсе дні, што карыстаўся апаратам. А плáчу таму, што 5000 еўра — кошт аднаго дня магчымасці дыхаць. Дык колькі ж мне трэба было б заплаціць за 93 гады пад небам? Я дыхаў паветрам, якое мне даваў Бог, і Ён ніколі не патрабаваў з мяне платы». Такім чынам, людзі пачынаюць думаць пра тое, штó маюць і не заўважаюць.

Урэшце, можа, гэта будзе якімсьці пераломным момантам, калі чалавек крыху па-іншаму будзе ставіцца і да Бога, і да Яго закону. Гэта ўсё ўзаемазвязана: палюбі Бога ўсім сэрцам, усім розумам, а блізкага — як самога сябе. Можа, урэшце чалавек адкіне свой эгаізм і пачне любіць блізкага? А тады яму адкрыецца і любоў да Бога. Няма іншай філасофіі, іншага парадку.

Пасха — гэта свята святаў, сэнс нашай веры. Як кажа святы апостал Павел, «калі б Хрыстус не ўваскрос, дарэмная была б наша вера». Сёння, у няпросты час выпрабаванняў, жадаю, каб у нашым сэрцы хапала надзеі. Надзеі на лепшае. Каб у нашым сэрцы хапала мудрасці. Мудрасці вырашаць жыццёвыя пытанні па-Божаму. Жадаю, каб нашы сэрцы былі перапоўненыя любоўю адно да аднаго. Усё гэта нам дае ўваскрослы Хрыстус — Сын Божы, які прыходзіць у гэты свет, каб бачыць нашы праблемы і клопаты. Каб разам з намі перажываць усе цяжкасці. Ён нас благаслаўляе. Прыміце гэтае Божае благаслаўленне.

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Са святам!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]