Дапамагчы не дапусціць калапс можа толькi каранцін.
Здараецца час, калі народу трэба яднацца, станавіцца адным, моцным арганізмам у супрацьстаянні перад смяротнай небяспекай. Такая задача сёння паўстала адразу перад усім чалавецтвам, прытым у змаганні з пандэміяй каранавіруса роля кожнага асобнага этнасу — надзвычай важная.
Жыццё чалавецтва ў рэжыме глабалізацыі, якое працягваецца з канца ХХ стагоддзя, нясе не толькі станоўчыя моманты. Ёсць шмат негатыўнага. Гэта магчымасць невялікай колькасці транскарпарацый, жменьцы супербагатых людзей планеты карыстацца ўсімі зямнымі рэсурсамі і гіганцкімі фінансамі. Адзін працэнт насельніцтва Зямлі цяпер валодае большым багаццем, чым 99% астатніх жыхароў. У Расіі 3% грамадзян сканцэнтравалі ў сваіх руках 89% фінансавых актываў, 92% тэрміновых укладаў у банках і 90% наяўных зберажэнняў. Па Беларусі лічбы засакрэчаны, але незалежныя эксперты лічаць, што ўзровень сацыяльнай няроўнасці таксама зашкальвае.
Пачварная сквапнасць, пагоня за багаццем па-дзікунску меркантыльных двухногіх індывідаў прывяла да экалагічнага дысбалансу, знішчальных прыродных катаклізмаў на планеце. Акрамя таго, развіццё камунікацый, перамяшчэнне рабочай сілы, інтэнсіўны гандаль, абмен дасягненнямі навукі і тэхнікі ствараюць спрыяльныя ўмовы для плавання эпідэмій небяспечных вірусных хваробаў, іх імклівага разрастання.
Так адбылося і на гэты раз. Вірусолагі свету своечасова не ўзнялі вялікай трывогі з выпадку лакальнай небяспечнай эпідэміі ў Кітаі, не былі прыняты належныя калектыўныя меры, а таму смяротная хвароба аблытала ўвесь зямны шар.
Каранавірус наступае не адзін месяц, ён не шкадуе нікога — ні старых, ні маладзейшых. З гэтай прычыны даўно трэба было зразумець, што лепшай тактыкай у змаганні з ім з’яўляецца каранцін (у разумных варыянтах — жорсткіх і мяккіх). Практычна ўсюды ў свеце зроблены радыкальны ўхіл на сацыяльнае дыстанцыянаванне і хуткае ўмацаванне базы медыцыны.
Аўтарытарны рэжым Беларусі пайшоў іншым шляхам. Правіцель-папуліст пачаў займацца рознымі прыдумкамі, весці палітыку шапказакідальніцтва, бо, як кажа расійскі музыказнаўца А. Троіцкі, «вирус ему не ровня», а таму «хоккей» і «белые козочки» — «вот лечение от коронавируса!». Практычна паўтарылася замоўчванне праўды, як было пасля Чарнобыльскай катастрофы, а гэта ў краіне, якая больш за ўсіх пацярпела ад атамнай радыяцыі, выглядае бесчалавечна і злачынна. Толькі ж папулісцкая бравада не дапамагае і не ратуе.
Усе метады аўтарытарызму — хлусня, шантаж, подкуп, фальсіфікацыі, падтасоўкі, прыпіскі, якія спрацоўваюць у стасунках з беларусамі, а таксама з усходнімі і заходнімі партнёрамі, у дачыненні да каранавіруса — правальныя. З ім абкатаныя нумары не праходзяць!
Я неаднаразова падкрэсліваў у публікацыях, што для ўзурпатараў улады, іх доўгага праўлення створаны ўсе ўмовы. Лёгка кіраваць у спакойны час, калі маеш у руках дасягненні агульначалавечага прагрэсу, дапамогу сусветных фінансавых арганізацый, а ўнутры краіны — велізарную рэпрэсіўную машыну і сотні тысяч служак вертыкалі.
Але супраць пандэміі каранавіруса сілавыя атрыбуты — адміністратыўны рэсурс, міліцэйскія дубінкі і нават агнястрэльная зброя вайскоўцаў — абсалютныя слабакі. У экстрэмальных умовах кіраваць складана, гэта не хакей. Нарэшце народ змог убачыць сапраўдны ўзровень падрыхтаванасці прадстаўнікоў улады, іх рэальныя разумовыя і арганізатарскія магчымасці. А таму трэба думаць пра сваю бяспеку нам самім.
Нізкі паклон нашым медыкам, якія, не ў прыклад уладзе, зразумелі і ўсвядомілі страшэнную небяспеку, спрабуюць на сваім узроўні зрабіць усё магчымае, каб уратаваць жыццё людзей. Прытым дзейнічаць ім даводзіцца ў складаных умовах, бо прадстаўнікі ўлады трасуцца не прад знішчальным каранавірусам, а да істэрыкі запалоханы правіцелем. Збіраць апраўдальныя медыцынскія даведкі ў студэнтаў, якія не наведалі лекцыю, тлумачальныя запіскі з выпадку неправядзення мерапрыемства — такое ў час небяспекі можа быць толькі ў Беларусі!
З інтэрнэта і з асабістых кантактаў ведаю пра канкрэтныя высакародныя ўчынкі, а таксама прозвішчы смелых людзей, але не буду называць, каб не наклікаць на іх галаву непрыемнасці. Расійскі пісьменнік Д. Быкаў нездарма зазначыў: «Миловать и карать потом будут тех, кто взял на себя ответственность в критический момент».
Людзей, якія бяруць на сябе адказнасць, у Беларусі ёсць нямала, і гэта радуе. Сардэчны дзякуй сучасным героям — урачам, медсёстрам, тэхнічнаму персаналу, усім-усім медыкам! Я вельмі перажываю за іх фізічнае, маральнае і духоўнае здароўе, бо яны павінны выстаяць, вытрымаць, а таму жадаю добрага самаадчування і ўдачы. Самае небяспечнае ў нашай сітуацыі — гэта калапс медыцынскай сістэмы. Менавіта ён прывёў у Італіі да такой колькасці памерлых.
Правіцель на нарадах з чыноўнікамі пастаянна ўжывае слова «железный» у дачыненні да парадку, дысцыпліны, кантролю. Яго любімы выраз паўтарыла прэс-сакратар Н. Эйсмант, кажучы, што ў медыкаў «защита должна быть железной». На жаль, яе пакуль няма. Усе магчымыя рэсурсы, якія мае дзяржава, трэба аддаць на забеспячэнне медыкаў неабходнымі рэспіратарамі, спецвопраткай, абсталяваннем і лекамі. Урэшце, арганізаваць іх харчаванне і адпачынак.
Дапамагчы медыкам не дапусціць калапс можа каранцін. Асабліва важнае яго ўвядзенне для людзей, якія калектыўна працуюць або вучацца ў масавых аўдыторыях. Безумоўна, ёсць вытворчасць, а таксама сферы абслугоўвання, якія спыняць нельга. Толькі і тут неабходна ўвесці строгія правілы, стварыць належныя ўмовы для аховы здароўя.
Але навошта ў небяспечны час цягаць на заняткі школьнікаў і студэнтаў, якія не маюць ніякага дачынення да эканомікі? Акрамя таго, якасныя веды ў першую чаргу залежаць ад самога вучня або студэнта, ад іх здольнасці да самаадукацыі.
Для чаго праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты, якія могуць стаць прычынай масавага заражэння людзей?
Нават улада Швецыі, якая не ўвяла жорсткі каранцін, вызваліла ад заняткаў старшакласнікаў і студэнтаў універсітэтаў, забараніла ўсе масавыя мерапрыемствы, патрабуе ад грамадзян строга прытрымлівацца правілаў асабістай бяспекі.
Каранавірус змушае працаваць не ўслед за абставінамі, а на апярэджанне. Ён збіў фанабэрыстасць з беларускага начальства. Пачалася дэзынфекцыя грамадскага транспарта, будынкаў, вуліц, масавы пашыў масак, спецадзення, чаго не было раней.
Яшчэ вельмі патрэбна вялікая тлумачальная праца сярод насельніцтва, бо многія людзі не выконваюць правіл бяспекі, паводзяць сябе няправільна ў аптэках, магазінах, на вуліцы.
Пік захворванняў не пройдзены, ён — наперадзе. Мы ўсе разам павінны адчуваць сваю адказнасць за паляпшэнне эпідэміялагічнай сітуацыі так, як сапраўдныя ўрачы адказваюць за высакародную прафесію і нясуць вахту па ратаванні здароўя людзей.
У мяне няма іншай магчымасці, як толькі праз газету звярнуцца да ўсіх адказных асобаў краіны: калі ласка, пашкадуйце нашых гераічных медыкаў, дапамажыце спыніць нагрузку на іх плечы і сэрцы, не даводзьце сітуацыю да крытычнага стану, дайце ім магчымасць справіцца з каранавірусам з найменшымі стратамі. Цяпер надзея нацыі — толькі на іх!
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com