Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дзяніс Рабянок: Сістэма аховы здароўя Беларусі сустрэла COVID-19 абсалютна непадрыхтаванай

18.04.2020 общество
Дзяніс Рабянок: Сістэма аховы здароўя Беларусі сустрэла COVID-19 абсалютна непадрыхтаванай

Нашых медыцынскіх вертыкальшчыкаў прызначаюць не па крытэры прафесіяналізму і адказнасці, а па крытэры лаяльнасці.

Чаму сістэма аховы здароўя Беларусі сустрэла #COVID19 абсалютна дэзарганізаванай і непадрыхтаванай, маючы перад вачыма сумны досвед іншых краін і дастаткова часу, каб зрабіць усе неабходныя захады?

Чаму ў лякарнях і паліклініках востры дэфіцыт самага элементарнага: масак, халатаў, пальчатак, антысептыкаў, не кажучы пра абсталяванне, і г. д. — усяго таго, без чаго спыніць распаўсюд хваробы і вылечыць людзей проста немагчыма ў прынцыпе?

Чаму міністр аховы здароўя не звярнуўся ва ўрад з неадкладным патрабаваннем накіраваць дадатковае фінансаванне ў патрэбных аб'ёмах, каб забяспечыць установы аховы здароўя ўсім неабходным, каб медыкі не ішлі "з працягнутай рукою" і каб не ставіць пад пагрозу жыццё і здароўе людзей?

Чаму на дзяржаўным узроўні няма адэкватнай палітыкі па інфармаванні насельніцтва пра "COVID-19": пра меры засцярогі, прафілактыку, правілы паводзін і інш., а замест гэтага дурныя жарты па-за межамі дабра і зла, хамства і проста дзікунскае стаўленне да тых, хто імкнецца звярнуць увагу на праблемы?..

І такіх "чаму" яшчэ шмат можна напісаць. Але ж чыноўнікі ад медыцыны ў адказ могуць толькі "бла-бла-бла"... І не толькі не прызнаюць сваіх памылак, а яшчэ маюць нахабства крывадушна казаць, што Сусветная арганізацыя здароўя будзе рэкамендаваць іншым дзяржавам пераймаць і ўкараняць беларускія схемы і алгарытмы барацьбы і лячэння "COVID-19". Трындзец...

Гэта ж якія "алгарытмы"? Калі хворым адмаўляюць у рэнтгене лёгкіх, калі пацыентаў з адмоўным тэстам без разбору шпіталізуюць з ужо заражанымі, не забяспечваючы ні сродкамі абароны, ні папярэдзіўшы пра небяспеку, калі лекары па некалькі дзён не праводзяць агляд, а ва ўстановах аховы здароўя нават не наладжана праца па належнай санітарнай апрацоўцы памяшканняў!?..

На жаль, да нашых медыцынскіх вертыкальшчыкаў дарэмна апеляваць і задаваць пытанні, бо іх прызначаюць не па крытэры прафесіяналізму і адказнасці, а па крытэры лаяльнасці. Але ж ёсць паняцце сумлення... Праўда, гэта той выпадак, калі, як кажуць у народзе, там замест сумлення ўжо даўно "мох вырас". Што можна абмяркоўваць, калі нават парад на 9 траўня дагэтуль не адменены. Хаця, кожны, хто мінімальна сябруе з цвярозым розумам і здаровым сэнсам, разумее, што такія масавыя мерапрыемствы ды яшчэ ў час, калі прагназуецца пік эпідэміі, — гэта самазабойства. Пра грошы, якія зараз так патрэбны медыцыне, але зноў кідаюцца на гульні ў "вайнушку" і ідэалагічныя забавы я ўжо не кажу.

Таму мне хочацца пакланіцца ў пояс журналістам незалежных #СМІ, бо ў такія моманты значэнне іхняй працы вельмі цяжка пераацаніць. На мой погляд, менавіта яны сапраўдныя #Героі змагання з пошасцю, якая захапіла Беларусь. Без іхняй самаадданай, сумленнай і прафесійнай працы колькасць ахвяр вірусу "CIVID-19" і вірусу чыноўніцкай абыякавасці да лёсу людзей, іхняга жыцця і здароўя была б значна і значна большай.

Дзяніс Рабянок, Facebook

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]