Усяго вядома пра мінімум 12 смерцяў ад «пнеўманій» у гэтым раёне.
«Нашай Ніве» стала вядома яшчэ пра тры смерці ў Докшыцах. У двух выпадках сваякі кажуць пра каранавірус. Усяго нам вядома пра мінімум 12 смерцяў ад «пнеўманій» у гэтым раёне.
17 красавіка ў Докшыцах памерла 51-гадовая Ларыса Мельнікава. Сын жанчыны паведаміў, што ў яе быў каранавірус.
Ларыса жыла адна. Прастудзілася, забралі ў бальніцу. Праз 11 дзён памерла.
Па словах сына, прычынай смерці запісаныя каранавірус і сардэчная недастатковасць.
Ларыса Мельнікава, фота з «Аднакласнікаў»Мельнікава працавала на докшыцкім хлебазаводзе. А на наступны дзень, 18 красавіка, памерла яе калега, 59-гадовая Крысціна Хацяновіч.
Сваякі пацвердзілі: у жанчыны быў каранавірус. Але падрабязней гаварыць ніхто з іх не захацеў.
Крысціна Хацяновіч, фота з «Аднакласнікаў»«Наша Ніва» звязалася з Аляксеем Байковым, дырэктарам хлебазавода. Ён расказаў, што аналізы яшчэ дзвюх работніц паказалі Covid-19. Але, кажа, дырэктар, адну жанчыну ўжо выпісалі з бальніцы, другую хутка выпішуць.
Што тычыцца работнкаў, якія выявіліся кантактамі першага ўзроўню, то ўсе былі адпраўленыя на 14-дзённы каранцін.
«Праца ідзе ў адпаведнасці санітарным нормам, нават больш за тое. Тры разы на суткі апрацоўваем усе памяшканні, у канцы кожнай змены ўсё, нават дзверы, вокны і бытоўкі дэзынфікуецца», — запэўнівае дырэктар.
У пятніцу 17 красавіка памёр таксама 73-гадовы пенсіянер з Докшыц Міхаіл Трашчанка. У пасведчанні аб смерці мужчыны стаціь «вострая рэспіраторная недастатковасць» і «пнеўманія, узбуджальнік якой не вызначаны».
«Пра каранавірус нічога не ведаю. Мне нічога не казалі. Мне праверылі лёгкія на флюараграфіі, сказалі, што ўсё нармальна і каб я менш хадзіла на вуліцу. Муж вельмі хворы быў, меў паліцытэмію, гэта сур’ёзная захворванне крыві. 10 гадоў таму перанёс абшырны інфаркт, два гады таму ляжаў у рэанімацыі з ацёкам лёгкіх, — кажа жонка Міхаіла Трашчанкі. — А цяпер ізноў ляжаў у бальніцы. Паклалі на два тыдні, пасля выпісалі, а ён паехаў на рыбалку. Пасля рыбалкі стала кепска, ізноў забралі ў бальніцу. Правёў там 10 дзён, калі сталі разгружаць бальніцы, яго выпісалі. Але дома яму зноў стала кепска, я выклікала хуткую. У трэці раз у бальніцы муж праляжаў 11 дзён і памёр».
Але, кажа жонка, хавалі Трашчанку ў закрытай труне.
«Чаму? Не ведаю, нам ніхто нічога не казаў. Ці можна было адкрываць, таксама не сказалі», — расказала ягоная жонка.