Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дачка хворай на СOVID-19 жанчыны: Перад сьмерцю яны нават ня могуць разьвітацца з блізкімі

20.04.2020 общество
Дачка хворай на СOVID-19 жанчыны: Перад сьмерцю яны нават ня могуць разьвітацца з блізкімі

Паводле Тацяны Маладзьянавай, яе маці заразілася COVID-19 у аддзяленьні кардыялёгіі ў шпіталі хуткай дапамогі.

«Шпіталі, дзе лечаць інфікаваных на каранавірус, сталі больш закрытымі, чым турмы», лічыць псыхоляг Тацяна Маладзьянава, чыя маці цяпер знаходзіцца на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх з дыягназам «каранавірусная інфэкцыя» ў 4-й лякарні Менску, перадае «Радыё Свабода».

Паводле Тацяны, для сваякоў хворых да трывогі за здароўе і жыцьцё блізкіх дадаюцца адчай і бездапаможнасьць з прычыны адсутнасьці кантакту як з роднымі, так і зь лекарамі, а таксама празь немагчымасьць дапамагчы ў доглядзе пажылых і часта бездапаможных людзей. Тацяна Маладзьянава падкрэсьлівае, што яна вельмі паважае працу дактароў, якія працуюць у складаных умовах і робяць усё, каб уратаваць жыцьці людзей. Яна заклікае ва ўмовах пандэміі зьмяніць дзейную сыстэму такім чынам, каб родныя маглі ведаць, што адбываецца зь іхнымі хворымі блізкімі і маглі ім неяк дапамагчы.

«Няма пакуль вакцыны ад бяздушнасьці, як і ад каранавірусу!»

15 красавіка Тацяна Маладзьянава зьвярнулася да сваіх сяброў у «Фэйсбуку» з адчайным заклікам дапамагчы яе маці Людміле. 69-гадовая жанчына находзіцца ў 4-м шпіталі з каранавірусным дыягназам. Людміла працавала эканамістам, цяпер яна на пэнсіі.

Паводле Тацяны Маладзьянавай, яе маці заразілася COVID-19 у аддзяленьні кардыялёгіі ў шпіталі хуткай дапамогі, куды трапіла ў сярэдзіне сакавіка з сардэчным прыступам.

Як піша Тацяна, «маці выпісалася дадому 27 сакавіка з сымптомамі каранавіруснай інфэкцыі, празь дзень яе стан пагоршыўся і 29 сакавіка яе зноў шпіталізавалі ў кардыялёгію. 4 красавіка яе перавялі ў рэанімацыю ў цяжкім стане з двухбаковай пнэўманіяй. 6 красавіка тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік і маці тэрмінова адправілі ў 4-ы менскі шпіталь, тэрапэўтычны корпус якога цяпер стаў ізалятарам для каранавірусных хворых».

Тацяна кажа, што самае страшнае для яе цяпер ня толькі COVID-19, але і інфармацыйны вакуўм, паколькі ў рэанімацыі пацыентам забаронена мець мабільныя тэлефоны. Паводле жанчыны, практычна немагчыма датэлефанавацца ў аддзяленьне. Яна не змагла гэта зрабіць на працягу многіх дзён і начэй.

Некалькі дзён таму маці Тацяны перавялі ў тэрапэўтычнае аддзяленьне, і тады дачка ўпершыню за шмат дзён магла пачуць яе голас.

У звычайных умовах родныя прыходзяць у шпіталь, каб дапамагчы даглядаць цяжка хворых — пераадзець, дапамагчы паесьці, памыць і гэтак далей. Ва ўмовах пандэміі родныя ня могуць прыйсьці ў шпіталь, і выглядае, што празь вялікую колькасьць хворых часта няма каму дапамагчы старым людзям.

«Маці ляжала больш за суткі цалкам голая, і ні на адну просьбу да мэдпэрсаналу (дапамагчы дастаць акуляры, ваду, трусы або зарадку з пакета) не было ніякай рэакцыі, — расказвае жанчына. — Хоць яна настолькі слабая, што ня можа нават гаварыць, ня тое каб сябе абслужыць!»

15 красавіка маці патэлефанавала Тацяне: «Скрозь жудасныя хрыпы мне ўдалося зразумець толькі тое, што яна задыхаецца, а да яе наогул ніхто ні падыходзіць ужо шмат гадзінаў. Я прашу яе: „Матуля, стукай гучна па сьцяне і дыхай, калі ласка, толькі дыхай! Я цябе зараз выратую!“ Тэлефаную ў лякарню на пост, у ардынатарскія, рэанімацыю, даведку, прыёмную — бессэнсоўна».

У выніку Тацяна здолела датэлефанавацца ў хуткую дапамогу, і праз унутраныя каналы дыспэтчарка паведаміла ў шпіталь, што жанчыне патрэбна дапамога.

Цяпер маці Тацяны Маладзьянавай знаходзіцца ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Тацяна разумее, што мэдыкі працуюць «на мяжы і ў жудасных умовах». Праз сацыяльныя сеткі Тацяна зьвярнулася з заклікам да Міністэрства аховы здароўя наладзіць тэлефонную сувязь, каб блізкія маглі даведацца аб стане цяжкіх хворых. Жанчына зьвярталася да сваіх сяброў у «Фэйсбуку» з просьбай знайсьці мэдыкаў, якія працуюць у 4-м шпіталі.

«Апамятайцеся! Людзі захварэлі, трапілі ў бяду, а не ў турму. Многія зь іх на мяжы жыцьця і сьмерці. І, акрамя мэдычнай дапамогі, яны і іхныя блізкія, а ня толькі экспэрты САЗ, маюць патрэбу ў чалавечым стаўленьні і проста ў інфармацыі!» — пісала Тацяна.

Паводле прафэсіі яна псыхоляг.

«Я штодня падтрымліваю, вучу і дапамагаю іншым здабыць веру ў сябе, захаваць сям'і, адносіны і асабістую годнасьць. Я дакладна ведаю, што немагчыма вылечыць тое, чаго папросту няма. Няма пакуль вакцыны ад бяздушнасьці, як і ад каранавірусу!» — напісала Тацяна ў сваім адчайным лісьце ў «Фэйсбуку».

«Цяпер шпіталь адрэзаны ад сьвету ў літаральным сэнсе»

Пасьля закліку ў «Фэйсбуку» дапамагчы знайсьці кантакты людзей у 4-м шпіталі адгукнулася шмат людзей, і Тацяна ім вельмі ўдзячная. Цяпер ёй празь іншых людзей паведамляюць пра стан здароўя маці.

Дазваніцца да дактароў яна дагэтуль ня можа: «Гэта хранічна заняты тэлефон, на які немагчыма дазваніцца на працягу многіх гадзін. Наўпрост дагэтуль ні з кім не змаглі пагаварыць».

Тацяна падкрэсьлівае, што ня мае ніякіх прэтэнзій да дактароў, асабліва тых, хто працуюць у рэанімацыі, бо яны цяпер самі закладнікі. Яна зьвяртае ўвагу на іншае:

«Цяпер шпіталь адрэзаны ад сьвету ў літаральным сэнсе. У мяне не было досьведу перадач у турму, але, наколькі я ведаю, у СІЗА нешта перадаць, пазваніць ці нешта даведацца лягчэй, чым цяпер у лякарні. Мне пішуць у камэнтарах, каб званіла галоўнаму лекару і ішла ў шпіталь. Людзі не разумеюць, што словы „ідзіце ці званіце“ гучаць сьмешна. Ісьці няма куды, званіць няма куды. Корпус ачэплены».

Бацьку Тацяны 70 гадоў. Як кантакт першага ўзроўню ён быў 14 дзён у карантыне.

«Я яго забрала ў жудаснай дэпрэсіі, давялося даць антыдэпрэсанты. Ён сядзеў адзін дома 14 дзён. Ён нічога ня еў. Яны з маці 50 гадоў пражылі разам. Мне сябе не шкада, мне тату вельмі шкада, бо для яго гэты стан невядомасьці — проста пекла», — кажа Тацяна.

Жанчына ўяўляе, наколькі цяжка цяпер хворым на каранавірус у шпіталі без падтрымкі родных.

«Мне тлумачылі, што дактары знаходзяцца ў гэтых „скафандрах“, і ў іх цяжка адказаць на званок нават тэхнічна. Я згодная, але вы павінны зразумець, што людзі ёсьць людзі. Гэта не арыштанты. Прызначце пэўны час для званкоў, пастаўце асьпіранта, усе зьвесткі ў кампутары, і хай ён паведамляе пра стан здароўя хворых. Пры жаданьні гэта можна арганізаваць. І не забірайце ў людзей тэлефоны ў рэанімацыі. Калі чалавек сам ня дыхае, ён і сам размаўляць ня будзе. А калі можа гаварыць, то вельмі важна пагаварыць з роднымі. Гэта нестандартная сытуацыя, і можна зьмяніць старыя правілы дзеля людзей. Людзі паміраюць і нават разьвітацца ня могуць зь блізкімі. Гэта жахліва. Яны не злачынцы. Чаму іх так ізалявалі?» — пытаецца Тацяна.

Псыхоляг зьвяртае ўвагу і на пытаньне дагляду з боку малодшага мэдычнага пэрсаналу.

«Я разумею, што яны ўпершыню сутыкнуліся з такой праблемай. Санітаркі раней прыносілі ежу і ставілі ля дзьвярэй і сыходзілі. Вярталіся праз 15 хвілінаў. Мама ўставаць не магла ўвогуле. Яна цяпер ня ходзіць, бо вельмі слабая. Яна страціла 10 кіляграмаў вагі. Зразумела, што санітаркі баяцца, ня будуць кожнага карміць. Тады нельга ў тэрапію пераводзіць такіх хворых, хай будуць у рэанімацыі, трымайце на кропельніцы».

Чалавечнасьць там зьнікла, падсумоўвае Тацяна і заклікае ўсіх, ад каго гэта залежыць, паспрабаваць зьмяніць сытуацыю.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]