Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Такі цырк выклікае шаленства»: медыкаў Віцебска і Мінска прымушаюць удзельнічаць у суботніку

23.04.2020 общество
«Такі цырк выклікае шаленства»: медыкаў Віцебска і Мінска прымушаюць удзельнічаць у суботніку

З дактароў яшчэ і збіраюць грошы.

Медыкі Віцебска сігналізуюць у «Нашу Ніву», што з іх збіраюць грошы на суботнік.

Арганізацыі аховы здароўя ў гэты нагружаны час вымушаны або вывесці на работы частку медыкаў, або здаць нейкую суму з калектыва. Унёскі разбітыя ў залежнасці ад катэгорыі работніка.

«Думаў, што сёлета хоць абыдзецца, але з дактароў па 5 рублёў, з медсястры 3, з санітаркі 1 рубель, — расказаў «Нашай Ніве» доктар Віцебскай абласной бальніцы.

— Мне сорамна, што такое адбываецца ў маёй краіне, я не разумею, навошта мы здаём грошы. Гэтак жа цяжка знайсці логіку ў прыборцы тэрыторыі медыкамі — навошта тады ўтрымліваць адміністратыўна-гаспадарчую частку бальніцы. Атрымліваецца, яны нічога не робяць да таго? Але мы хаця б ніколі не хадзілі на прыборкі, увесь час здавалі грошы».

«Загадчыкі аддзяленняў — 8 рублёў, дактары — 6, лабаранты — 5, санітаркі — па 4», — сцісла сказаў нам пра паборы супрацоўнік віцебскай санстанцыі, дзе цяпер людзі перагружаныя тэстамі на COVID-19.

Тое ж датычыць і паліклінік:

«Збіраюць па 8 рублёў з медыкаў, з лабарантаў — па 4. Раней таксама збіралі санітарак з аддзяленняў на добраўпарадкаванне тэрыторыі паліклінікі, але пакуль такіх загадаў не паступала, думаю, работы і так досыць. Хаця можа заўтра яшчэ што ўчудзяць», — сказаў «Нашай Ніве» тэрапеўт адной з віцебских паліклінік.

«Канечне, ёсць нейкае пачуцце несправядлівасці, але мы да яго ў нейкім сэнсе прывыклі, але калі ты на перадавой, то такі цырк выклікае шаленства.

За работу «ва ўмовах каранціну» мне далі надбаўку каля 30 рублёў, і ў гэтым жа месяцы знялі 20 рублёў за падпіску на газеты, ад якіх ты не можаш адмовіцца, цяпер сюды 8 — вось якая справядлівасць», — падзяліўся пачуццямі медык.

На 9-й падстанцыі хуткай дапамогі Мінска тая самая сітуацыя: частка медыкаў павінна выйсці на суботнік.

Прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Ваніна праігнаравала пытанне «Нашай Нівы» аб суботніку.

У адпаведных аддзелах органаў мясцовай улады таксама на кантакт з прэсай па гэтым пытанні не пайшлі.

«Наша Ніва» пісала пра сем выпадкаў смерці работнікаў медустаноў ад пнеўманій за апошнія чатыры тыдні. Яны здарыліся ў Віцебску, Бешанковічах, Докшыцах, Барысаве і Мінску. Сярод памерлых — 41-гадовая медсястра з Віцебска, 45-гадовая медсястра з Докшыц, 47-гадовая медсястра з Віцебска і 50-гадовы фельчар хуткай дапамогі з Барысава.

Як паведамлялі віцебскія ўлады, каб пакрыць дэфіцыт медыкаў, на працу ў віцебскія бальніцы і паліклінікі адправілі каля 100 студэнтаў старшых курсаў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]