Расказваюць сваякі.
У пачатку эпідэміі каранавіруса найбольш сумных навін прыходзіла з Віцебска, потым — з Докшыц і Бешанковічаў. Цяпер з’явіўся яшчэ адзін пункт, дзе сітуацыя вельмі напружаная, — гэта Стоўбцы, горад за 65 кіламетраў на паўднёвы захад ад Мінска, насельніцтва — 17 тысяч чалавек.
Бальніца на 134 месцы перапоўненая людзьмі з пнеўманіямі і каранавірусам, частку хворых адпраўляюць у іншыя гарады. «Наша Ніва» паразмаўляла са многімі жыхарамі Стоўбцаў.
«Мясцовая бальніца запоўненая ўжо два тыдні, — кажа мясцовы жыхар Мікалай Лысёнкаў. — Толькі адзін дзень вызвалілася, калі загадалі выпісваць людзей з лёгкімі сімптомамі, а назаўтра зноў запоўнілі людзьмі».
Толькі за ўчора памерла мінімум трое жыхароў горада. Усе яны жылі ў раёне вуліц Мічурына і Калгаснай, там жа размешчаны рынак, а таксама Стаўбцоўскае РАУС.
Станіславу Жаўняркевіч пахавалі сёння. 10 красавіка, калі жанчына ўжо ляжала на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх, ёй споўніўся 71 год.
«Крыўдна тое, што нашы пенсіянеры інтэрнэт не чытаюць, а глядзяць толькі «Панараму», дзе ўсё добра, — кажа зяць памерлай Алег. — Грошай, кажуць, няма эканоміку спыніць… Але на Еўрапейскія гульні грошы ёсць, на «майбахі» ёсць. Ну не спыняеце вы, то праводзьце хоць тлумачальную працу!
Я браў даведку аб смерці цешчы. Заходзіць у тое памяшканне жанчына, шукае БТІ, гадоў за 60. Я кажу: чаму вы без маскі, без пальчатак? Не хачу, у нас у краіне каранціну няма. І як ім што давесці».
Алег кажа, што вярнуўся ў Беларусь з Германіі 7 красавіка, цешчу ўжо тады забралі ў бальніцу, як і цесця. Цесць, якому цяпер 74 гады, на лячэнні ў Валожыне.
«Ён спачатку бадзёры быў, да выпіскі рыхтаваўся, а во літаральна зараз пазваніў, што ў яго ногі ацякаюць. Забіраюць у рэанімацыю. Яму яшчэ цяжэй будзе, бо ў яго дыябет. Ён чалавек камуністычнага складу розуму, у каранавірус не верыў. У канцы сакавіка паехаў у Мінск па дэталі да скутара, ніяк не спыніць было», — расказвае зяць.
Станіслава Жаўняркевіч праляжала на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх два тыдні, на 15-ы дзень яна памерла. Зяць кажа, што яны гадаюць, адкуль мог узяцца каранавірус. «Ці цесць з Мінска прывёз, ці ў касцёле, ці ў бальніцы… Да яе 24 сакавіка прыехаў гінеколаг, бо даўно агляд не праходзіла. І яна пайшла ў бальніцу», — расказвае Алег.
У пасведчанні аб смерці напісалі «сардэчная недастатковасць». «Я кажу, дык у яе пацверджаны каранавірус быў, а мне адказваюць, што памерла яна не ад яго, во так статыстыка ў нас робіцца», — кажа мужчына.
Станіслава Мар’янаўна адпрацавала ўсё жыццё прадаўцом. Развітваліся з ёй у касцёле ў закрытай труне, прысутнічалі толькі блізкія. «Я раней міліцыянерам працаваў, шмат каго ведаю. Шукаў людзей, каб памылі, пераапранулі цешчу — усе адмовіліся», — расказвае Алег.
Памёр таксама 54-гадовы Алег Бець. Ён працаваў інжынерам у мясцовых электрасетках. Афіцыйная прычына — пнеўманія. «Наконт [карана]віруса пакуль дакладна невядома», — сказаў ягоны сын Павел.
Алег Бець. Фота ok.ruУ сераду памёр 83-гадовы Уладзімір Урублеўскі. Ён 29 гадоў узначальваў мясцовы райспажыўсаюз, таму ў горадзе быў даволі вядомай асобай. Ягоная жонка Марыя Іванаўна не хавае слёз.
«Як гром у ясным небе. Шкада мне яго, 57 гадоў разам пражылі», — кажа жанчына. Нягледзячы на салідны ўзрост, Уладзімір Урублеўскі быў крэпкім мужчынам. Сачыў за сваім здароўем, двойчы на год планава клаўся ў бальніцу, ні на што не скардзіўся. Вёў актыўны лад жыцця, хадзіў у лазню. З хранічных захворванняў меў дыябет, а яшчэ зараз лячыў сабе зубы.
«Не чакалі ніякай бяды. Яшчэ на каталіцкі Вялікдзень [12 красавіка — «НН»] сядзелі сям’ёй за сталом, нікога больш не было. А 14 красавіка яму ўжо кепска стала, страціў прытомнасць. Мы неяк яго адкачалі. Дачка на машыне з Мінска прыехала, забрала гаспадара ў бальніцу. Яна якраз медыкам працуе ў 1-й бальніцы. А ўжо адтуль яго ў чацвёртую забралі, дзе і памёр», — расказвае Марыя Іванаўна.
«У нас жа адзін дыягназ пішуць — «двухбаковая пнеўманія». Але каранавірус у яго пацверджаны быў. У мяне і дачка на яго ўжо перахварэла, але яе ўжо выпісалі. У мяне бралі тэст яшчэ ў пятніцу, але вынікаў пакуль няма. Гэта ж памерці ўжо за такі час можна, што за стаўленне да людзей», — наракае жанчына.
Пахаваюць Уладзіміра Іванавіча 24 красавіка. Труна будзе закрытай.
20 красавіка памёр 56-гадовы кіроўца «Стаўбцыгаз» Ігар Шука. Яго шпіталізавалі 13 красавіка. Афіцыйнай прычынай смерці называюць пнеўманію. «Так, мы чулі такія размовы», — кажуць на прадпрыемстве на пытанне, ці не ад каранавіруса памёр мужчына.
Па інфармацыі «Нашай Нівы» дабраўся каранавірус і да мясцовай улады. Шпіталізаваная намесніца старшыні райвыканкама. Сакратарка сказала, што чыноўніцы няма на працоўным месцы і невядома, калі будзе. Тым не менш, пасля дэзынфекцыі райвыканкам працягвае працу.
Чаму ў невялікім раённым цэнтры столькі людзей раптоўна захварэла на каранавірус? Мясцовыя жыхары кажуць пра хворую кандуктарку грамадскага транспарту, якая, маўляў, магла пазаражаць гараджан. Але пацверджання, што менавіта ў выніку гэтага каранавірус так масава распаўсюдзіўся ў райцэнтры, няма.
Пахаванне ў Стоўбцах. Фота радыё «Свабода»