Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ганна Севярынец - супрацоўніку Мінадукацыі: Пакуль неатэстацыя

26.04.2020 общество
Ганна Севярынец - супрацоўніку Мінадукацыі: Пакуль неатэстацыя

Настаўніца іранічна адказала на паведамленне ад пісьменьніка-камуніста.

На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» настаўніца Ганна Севярынец адказала на паведамленне ў тэлеграм-канале Міністэрства адукацыі. Яна зьвярнулася да меркаванага аўтара паведамленьня, пісьменьніка-камуніста і супрацоўніка міністэрства Андрэя Лазуткіна, перадае «Радыё Свабода».

Вось яе іранічны адказ:

«Андрэй! Нарэшце дабралася я і да твайго эсэ, дасланага мне праз афіцыйны тэлеграм-канал Міністэрства. Папрасі, калі ласка, дарослых наступным разам перасылаць мне твае работы праз пошту, бо вас у мяне шмат, і я магу заблытацца, правяраючы шчэ і тэлеграм-канал. Тым не менш эсэ тваё прачытала ўважліва.

Андрэй! Зноў тая самая праблема: тэма не раскрытая. Я прасіла адказаць на пытаньне «як будуць атэстоўвацца школьнікі», а ты напісаў лірычную прозу на тэму «Настаўнікі ў адлюстраваньні апазыцыйных СМІ». Лайфхак: каб не зьбівацца з тэмы, шукай ключавыя словы ў пачатковым тэксьце і будуй свой адказ, выкарыстоўваючы іх у кожным абзацы.

Па-другое, Андрэй. Перачытай яшчэ раз параграф «Функцыянальныя стылі мовы». У афіцыйна-дзелавым стылі не выкарыстоўваюцца словы кшталту «переобуться в прыжке» или «разгонять тезис». Парада: не пішы афіцыйных тэкстаў мовай, якой ты размаўляеш з сябрамі.

Па-трэцяе. Вельмі заўважная беднасьць запасу ветлівых фармулёвак, Андрэй. Гэты тэкст можна было б пачаць словамі «Мы падзяляем заклапочанасьць настаўнікаў», альбо «Усё нашыя намаганьні скіраваныя на тое, каб дзеці авалодвалі ведамі» і гэтак далей. Запішы, калі ласка, тры радкі гэтых фармулёвак у сшытак, каб запомніць.

Па дробязях: шмат таўталёгіі. Вучыся падбіраць сынонімы. Што такое сінонімы — паглядзі самастойна ў гугле.

Так што, на жаль, Андрэй, пакуль неатэстацыя. Прывітаньне дарослым. Спасылкі на відэаўрокі дашлю ў прыват. Твая А. К.»

25 красавіка настаўніца расейскай мовы і літаратуры Ганна Севярынец зьвярнулася да Міністэрства адукацыі з просьбай атэставаць вучняў, якія ў чацьвёртай чвэрці навучаюцца дома.

Адкрыты ліст падпісалі больш за два дзясяткі настаўнікаў з розных гарадоў Беларусі.

У адказе на старонцы Міністэрства адукацыі ў Фэйсбуку іранічна ацэньваецца праца неназваных буйных недзяржаўных парталаў, якія, на дамку аўтараў допісу, пераконвалі насельніцтва ў тым, што беларуская школа «ня можа працаваць аддалена, што «настаўнікі не ведаюць кампутара», «нічога не рабілася для распрацоўкі праграмнага комплексу», «настаўнікі ў паніцы», «разгубленыя» і інш.

«Аднак з ліста Ганны Севярынец можна даведацца, што настаўнікі справіліся з дыстанцыйнай формай і нават „максымальна эфэктыўна наладзілі навучальны працэс“. СМІ элегантна пераабуліся ў скачку», — гаворыцца ў допісе.

Далей аўтары адказу міністэрства ў такім жа духу працягнулі зварот і абвінавацілі «апазыцыйныя» СМІ, што тыя рэгулярна паведамляюць пра загружанасьць настаўнікаў нехарактэрнай працай і бюракратыяй.

«Аднак на прыкладзе Ганны Севярынец чытач можа ўбачыць, што шараговы настаўнік мае масу вольнага часу для раздачы інтэрвію, напісаньня блогаў, складаньня адкрытых лістоў, вядзеньня сацсетак і іншых формаў вольнага часу».

У заключэньне допісу гаворыцца, што прыклад Ганны Севярынец, якую не пазбаўляюць працы і даюць вольна выказвацца і крытыкаваць уладу «дэманструе гуманізм беларускай сыстэмы ўладных адносін, а не яе «нечалавечнасьці».

Што да сутнасьці просьбы адкрытага ліста Ганны Севярынец, то міністэрства паведаміла, што канкрэтныя захады для арганізацыі навучальнага працэсу «праводзяцца ў рэчышчы раней выпрацаваных, ухваленых і публічна агучаных Лукашэнка рашэньняў».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]