Усім насельнікам Зямлі трэба прыкласці шмат намаганняў, каб Божае слова «Быць!» загучала з новай сілай.
Нягледзячы на тое, што ў матэрыяльным плане чалавецтву ў ХХІ стагоддзі стала жыць значна камфортней, гэта не ўплывае на складаную маральную атмасферу, не нясе душэўнай палёгкі. Цяпер для кожнага зямляніна выбар паміж дабром і злом набыў больш прынцыповы характар.
У разглядзе філасофскай праблемы трэба сыходзіць з пастулата, што ў любой рэчаіснасці свабода выбару існуе. Ніхто не гоніць у каршэнь пэўнага індывіда ў кодла забойцаў, садыстаў, зладзюг, махляроў, карупцыянераў і проста мярзотнікаў або ў грамаду абаронцаў здаровага сэнсу жыцця, праўды, справядлівасці і гуманізму. Урэшце, па вялікім рахунку, чалавек прыходзіць туды сам.
Сапраўдных праведнікаў на планеце не надта шмат, таму іх кранаць не будзем. Гэта роздум пра звычайных людзей. Яны, нават знаходзячыся пад жорсткім дыктатам цяжкіх абставін, усё ж маюць магчымасць выявіць маральную і душэўную волю.
Рэальнасць, што склалася ў свеце, стала падмуркам для масавых смяротных грахоў, не прыйшла аднекуль, а вырасла з абыякавасці мільёнаў людзей, якія самі не ўчыняюць злачынстваў, але не супрацьстаяць ім.
Яскравы прыклад падае постсавецкі рэгіён. У 90-х гадах мінулага стагоддзя на тэрыторыі зніклага СССР амаральныя двухногія ўзрадаваліся, што многае «кепска ляжыць», што яго можна прысабечыць. Агульнанароднае багацце і ўлада сталі для іх лёгкай здабычай. Праўда, у Расіі ў выніку захопу маёмасці і прыродных рэсурсаў, а таксама змагання за высокія крэслы загінула каля аднаго мільёна чалавек. Сотні тысяч жулікаў, махляроў і адзінкі амбіцыйных палітычных папулістаў нахабнічалі, а сотні мільёнаў нібыта не дурных, працавітых і сумленных людзей абыякава назіралі за працэсам раскрадання і захопу. Незадаволенасць народ выяўляў пераважна на кухнях.
Бюракратычна-алігархічны капіталізм, пабудаваны на руінах савецкага сацыялізму, не прынёс радасці не толькі звычайным людзям, але нават і асобным хутка разбагацелым «шчасліўцам».
Улада і багацце ўскладваюць на чалавека вялікую адказнасць, хоць многім гэта незразумела. Таму «вялікія перамогі» ў палітыцы або бізнесе часта вылазяць бокам самім «героям».
Але «ўладары жыцця» сумлення не маюць. Яны купляюць шыкоўныя апартаменты за мяжой, вешаюць на шыю сваім утрыманкам «бюджэт вобласці», катаюць сабачак і коцікаў на купленых спецыяльна для іх «асабістых» самалётах. Выдатны расійскі кінарэжысёр А. Сакураў, які выкрывае «растление людей», «глубину морального падения человека ниже ада», «колоссальную бедность, которая толкает к бедам«, заўважыў дакладна: «Внутри государственной бюрократической машины есть много людей непрофессиональных и бессовестных». Аналагічная сітуацыя, хоць і ў меншых маштабах, пануе і ў Беларусі.
Мы, грамадзяне ўсіх краін планеты, звыклі жыць па заведзенай схеме: па-першае, ёсць мінулае з векавымі традыцыямі і звычаямі, якому, хочам ці не хочам, падпарадкоўваемся, па-другое, наперадзе — будучыня, а таму верыцца, што лепшае яшчэ прыйдзе, што намі зробленае — гэта падмурак для абавязкова шчаслівага існавання нашых дзяцей, унукаў, праўнукаў.
Але раптам у чалавечы лад урываецца жахлівая, нязнаная бяда — пандэмія каранавіруса, якая разбурае размеранасць і ўпэўненасць. Для яе няма ні мінулага, ні цяперашняга, ні будучага.
Мне падаецца, што трагічны ўрок, які намі праходзіцца, трэба належным чынам успрыняць і засвоіць. Падобна таму, як глабальна і імгненна захапіў у смяротныя абдымкі свет нябачны няўзброенаму воку каранавірус, з такой жа маштабнасцю і хуткасцю павінна адбыцца сур’ёзная пераацэнка кожным чалавекам уласнага і агульнага жыцця. Гэта тычыцца як кіраўнікоў краін, вядомых палітыкаў, супербагатых людзей, дзеячаў культуры і мастацтва, зорак спорту і шоў-бізнесу, так і звычайных жыхароў планеты.
У час пандэміі каранавіруса сотні мільёнаў людзей знаходзяцца ў стане самаізаляцыі. Кожны шукае, чым бы ў такой сітуацыі заняцца? Інтэрнэт даносіць розныя варыянты. Адны глядзяць фільмы і чытаюць літаратурныя тэксты, якія не ўдалося спажыць раней, другія бавяць час з хатнімі жывёламі, птушкамі і рыбкамі, трэція даглядаюць кватэрныя і балконныя кветкі, чацвёртыя займаюцца гатаваннем страў. Усё гэта — выдатна, на здароўе.
Але мне здаецца, што галоўнае заключаецца ў магчымасці падумаць, пагаварыць са сваёй душою. Надарыўся час успомніць. Гэтыя згадкі могуць быць рознымі. Не выключана, што надта шчымлівымі, балючымі і нежаданымі. Толькі не трэба палохацца мінулага, кідацца ў адчай з-за зробленых памылак, нават вельмі сур’ёзных. У любым узросце можна не павярхоўна, а глыбока, да слязы пакаяцца, яшчэ паспець зрабіць шмат чаго добрага і карыснага.
Выдатна разумею, што пераканаць у нечым закончанага мярзотніка або вар’ята немагчыма. Не для іх пішуцца гэтыя радкі. Я дзялюся думкамі і перажываннямі з такімі ж, як і сам, звычайнымі людзьмі, хто сумленна зарабляе надзённы хлеб, хто ў большасці ў цяперашніх няроўных умовах жыве ад зарплаты да зарплаты, ад пенсіі да пенсііі, але не прадае сваю душу.
Неяк я адкрыў для сябе выдатнага англійскага літаратара, непаўторную Мюрыэл Спарк. Сутнасць яе думак была блізкай заўжды. Яна кажа: «Што можа быць лепшым у барацьбе з глупствам, вульгарнасцю, жорсткасцю і грубасцю, чым абсмейванне і сатыра? Абсмейванне — магутная і дзейсная зброя. У сучасным свеце яго належыць вывучаць як выразны сродак сумленнай літаратуры».
Не адно дзесяцігоддзе я высмейваю паэтычным і публіцыстычным словам страх суайчыннікаў, закаранелую боязь любых перамен, акрамя павышэння зарплат і пенсій.
Многія жыхары краіны бачаць рэчаіснасць праз акуляры прапаганды. Але тутэйшыя «стабільнасць, спакой і парадак», якія ўсхваляе правіцель і яго прыхлябацелі, не маюць нічога агульнага з цывілізаваным жыццём. У нас няма адкрытых і сумленных выбараў, незалежных судоў, свабодных СМІ, не захоўваюцца правы і свабоды чалавека. На душы становіцца мутарна, калі ўладныя і прыўладныя двурушнікі, душыцелі дэмакратыі, карупцыянеры на вялікае свята ў храме пачынаюць з хітрай усмешачкай разважаць пра дабро і зло.
Тым не менш, нічога непарушнага няма. Калі вы не хочаце прагрэсіўных перамен палітычным і грамадскім шляхам, то яны адбудуцца інакш. Ніхто не чакаў, што прыйдзе каранавірус, але ён уварваўся ў наша жыццё і прынёс змены. Ды яшчэ якія жорсткія! Яны здарыліся не толькі ў ладзе існавання, але і ў галовах. Пасля выхаду з пандэміі беларусы павінны стаць іншымі. Калі зруху не адбудзецца, то сапраўды з народам нешта не тое…
Я — не святар, а літаратар. Але і маё любімае рамяство падказвае — ачышчэнне душы карыснае ў любым узросце.
Душа выдыхнула нядаўна верш, які называецца «Не за тым»:
У маленстве, калі галадалі,
Луста хлеба нам засціла зрок.
А галоўнае ў вечным заданні
Адкрывалася ўсё ж незнарок.
Перадалі або недадалі —
У жыцці не на гэтым стаім.
Я прыходзіў у сінюю далеч
Не за тым…
Далібог, не за тым…
«Быць ці не быць, пытанне ў гэтым» — так гучаць неўміручыя радкі з геніяльнага літаратурнага твора, якія памятае кожны адукаваны чалавек.
Усім насельнікам Зямлі трэба прыкласці шмат асабістых маральных намаганняў, каб Божае слова «Быць!» загучала ў белым свеце з новай сілай — свежа, радасна і аптымістычна.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com