Гаспадар установы верыць, што «сонца нам дапаможа».
Першыя абеды для мэдыкаў каманда «Торвальда» адвезла ў віцебскую інфэкцыйную лякарню 11 красавіка. Цяпер на кухні пабу гатуюць для трох мэдычных устаноў гораду, а таксама для лябараторыі, у якой дзень і ноч вырабляюць тэсты для дыягностыкі каранавірусу, перадае «Радыё Свабода».
«Аддаём у лякарні ад 70 да 100 порцый. Бываюць дні, калі і болей»
Арт-паб «Торвальд» называюць нефармальным цэнтрам беларускага культурнага жыцьця ў Віцебску. Тут падаюць нацыянальныя стравы і напоі, гасьцей абслугоўваюць па-беларуску, трымаюць асобную залю для канцэртаў і творчых сустрэч. Яшчэ ў сакавіку культурнае жыцьцё гораду ў сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй сышло ў онлайн. Людзей у пабе паменела, адлегласьць паміж сталамі паболела, — жартуюць супрацоўнікі. І каманда ўключылася ў валянтэрскую дзейнасьць.
«Мы ўдзельнічалі ў працэсе дапамогі віцебскім мэдыкам, падтрымліваючы рух ByCovid-19 і ініцыятыву віцебскай бізнэс-супольнасьці „Мы разам“. Зьбіралі сродкі на неабходныя рэчы, распаўсюджвалі інфармацыю», — кажа заснавальнік і гаспадар арт-пабу «Торвальд» Віталь Броўка.
Свае першыя 36 абедаў для мэдыкаў каманда «Торвальда» згатавала 11 красавіка.
Цяпер паб гатуе для некалькіх мэдычных устаноў Віцебску — інфэкцыйнай лякарні, аддзяленьня кампутэрнай тамаграфіі абласнога дыягнастычнага цэнтру, інфэкцыйнага стацыянару абласной лякарні (утворанага на базе паліклінікі тэлезаводу «Віцязь»), а таксама для супрацоўнікаў лябараторыі прадпрыемства «Сівітал», дзе вырабляюць тэсты для выяўленьня COVID-19.
«У лябараторыі працуюць у кругласуткавым рэжыме, без выходных, таму мы іх забясьпечваем і абедамі, і вячэрамі, — тлумачыць Віталь. — У залежнасьці ад дня тыдня і колькасьці людзей на зьмене аддаём у лякарні ад 70 да 100 порцый. Бываюць дні, калі і болей. Якраз сёньня павязём больш за 80 абедаў і каля 40 вячэр».
Колькасьць порцый зьмяняецца штодня, таму даводзіцца карэктаваць працу кухараў, дамаўляцца на дадатковыя пастаўкі прадуктаў.
«Сытуацыя сапраўды надзвычайная, — дадае суразмоўца. — Я гэта асабіста бачу і па колькасьці людзей, якія выходзяць на працу, і па тым, як у іх зьмяняецца графік. Умоўна кажучы, мы дамаўляемся, што заўтра плянуецца ў нейкай установе на зьмене 60 чалавек, якіх трэба будзе карміць. А зранку тэлефануюць і кажуць: у нас аўрал — выйшла 72. Ці зможаце прывезьці болей?»
Адмаўляць у гэтай сытуацыі няправільна, мяркуе Віталь. Варта зрабіць усё магчымае, каб задаволіць просьбу.
«Многія ведаюць, што я ўсё жыцьцё быў грамадзкім актывістам, чалавекам неабыякавым, — кажа ён. — Урэшце, і бізнэсам я заняўся ня дзеля таго, каб грошай зарабіць, а каб запоўніць нішу, адсутную ў Віцебску, і стварыць культурнае месца. „Торвальд“ заўсёды быў сацыяльна адказным бізнэсам. Дапамога цяпер — гэта натуральны працяг жыцьцёвай пазыцыі, маёй пэрсанальна і ўсяго нашага калектыву».
«Хочам, каб у мэдыкаў была хоць нейкая радасьць ад прывезенай намі ежы»
Цяпер на кухні «Торвальда» занятыя трое. Нарыхтоўка прадуктаў на заўтра пачынаецца зьвечара, гарачыя стравы гатуюць з 11-й. Штодня а першай гадзіне і а палове на шостую вечара ежу развозяць па лякарнях.
«Мы зыходзім з таго, што імкнёмся ня проста насыціць мэдработнікаў, але хочам, каб яны адчувалі, што патрэбныя грамадзтву. Асабліва ва ўмовах, калі яны працуюць па 12 гадзін у зьмену і без выходных, каб у іх была хоць нейкая радасьць ад прывезенай намі ежы, каб яна сілкавала і радавала, — акцэнтуе рэстаратар. — Мы аддаём перавагу альбо беларускай нацыянальнай кухні, бо гэта адзін з кірункаў „Торвальда“, альбо добрай эўрапейскай рэстараннай ежы».
Для мэдыкаў гатуюць супы — ад баршчу і салянкі да крэм-супоў з гарбуза ці сьвежых грыбоў. На другое — мясныя ці рыбныя стравы. Да прыкладу, ялавічнае сэрца ў падліўцы. На гарнір — гародніна і разнастайныя крупы. Часта пякуць дранікі. Салаты пераважна вітамінныя — са сьвежай гародніны.
«Ня кожны раз удаецца, але звычайна мы імкнёмся дадаваць да абедаў нейкую садавіну альбо дэсэрт», — кажа Віталь.
«Я цудоўна разумею, што цяпер многія просяць аб дапамозе»
На першыя порцыі для мэдыкаў пайшлі запасы прадуктаў, якія заставаліся ў «Торвальдзе». Адначасова паб запусьціў збор сродкаў на плятформе MolaMola. Дзякуючы ахвяраваньням удалося сабраць больш за тры з паловай тысячы рублёў.
«На жаль, ужо некалькі дзён, як гэтыя грошы скончыліся, — кажа Віталь. — Але, па-першае, адгукнуліся нашыя знаёмыя, якія ахвяравалі пэўныя прадукты. Па-другое, пастаўшчыкі, разумеючы, што на сёньня мы камэрцыйнай дзейнасьці амаль не ажыцьцяўляем, даюць даўжэйшую адтэрміноўку. І я разьлічваю, што і грамадзтва, і ўстановы харчаваньня таксама выйдуць з гэтай складанай сытуацыі, і ў хуткім часе ў мяне зьявіцца магчымасьць аплаціць тыя пастаўкі, якія прыходзяць цяпер».
Віталь дадае, што выдаткоўвае на гатаваньне для мэдыкаў і ўласныя сродкі. Але «Торвальд» па-ранейшаму мае патрэбу ў дапамозе. Збор на плятформе працягваецца. Цяпер дапамога прымаецца і на ўмовах дэпазытаў.
«Мы запусьцілі праект, каб тыя наведнікі, якія любяць „Торвальд“, але цяпер ня маюць магчымасьці сюды хадзіць, маглі ўнесьці пэўны дэпазыт і патраціць яго потым у любы час, калі сытуацыя нармалізуецца, — працягвае рэстаратар. — Бо цяпер, на жаль, не назапашана ніякай падушкі бясьпекі, і мы вымушаныя зьбіраць і пазычаць гэтыя грошы. Я цудоўна разумею, што многія просяць аб дапамозе. І ў патэнцыйных ахвярадаўцаў сытуацыя падобная да нашай. Але як мы не пакідаем дапамогі іншым, лічу, што і супольнасьць можа дапамагчы нам парадаваць мэдыкаў, каб у іх заставаліся сілы змагацца з гэтай эпідэміяй».
Акрамя харчаваньня для мэдыкаў, рэстаратару мусіць дбаць пра надзённыя пытаньні, каб працягваць працу ў далейшым. Сплачваць арэнду, падаткі, утрымліваць пэрсанал — у штаце «Торвальда» больш за 20 чалавек.
«Далёка ня ўсе зь іх сумяшчальнікі, — кажа Віталь. — Для большасьці гэта асноўнае месца працы. Працоўных гадзін стала значна менш, істотна зьменшыўся заробак. Я спрабую падтрымліваць, наколькі гэта ў маіх сілах».
Раней «Торвальд» працаваў ад паўдня да чацьвёртай гадзіны раніцы. Цяпер працоўны дзень доўжыцца з 11 і да 23.00. Зрэдчас хтосьці зойдзе на каву, альбо ўвечары пятніцы скарыстаецца рэдкай магчымасьцю — павячэраць у пабе выключна сваёй кампаніяй, прытым у бясьпецы і поўнай санітарыі.
«Торвальд» прапануе ежу на вынас, а таксама дастаўку — па звыклым мэню.
«Пэўны стоп-ліст і абмежаваньні па мэню ў нас зьявіліся, бо пачалі бурыцца ланцужкі паставак на пэўныя інгрэдыенты, — адзначае Віталь. — Але шмат якія ўлюбёныя стравы, як дранікі з рознымі дадаткамі ці шыя па-шляхецку і ірляндзкі шашлык, мы па-ранейшаму гатовыя прапаноўваць».
Рэстаратар адзначае, што замоў зусім няшмат. Каб захаваць месца і каманду, збольшага даводзіцца разьлічваць на сябе.
«Мы ніколі не прыбягалі да банкаўскіх крэдытаў, — працягвае ён. — У гэтым не было патрэбы — хапала абаротных сродкаў. Калі толькі пачыналіся праблемы, я зьвярнуўся па крэдыт адразу ў некалькі банкаў. Выйшла прыкрая сытуацыя, што пасьля тыдня працы над дакумэнтамі і абяцаньняў усе банкі па чарзе заявілі, што служба рызыкі цяпер не прапускае рэстаранную дзейнасьць. Тыдзень працы ў надзеі на тое, што банкаўскі крэдыт дапаможа перажыць гэты складаны час, змарнаваўся».
«Веру, што сонца нам дапаможа»
Гатовую і раскладзеную па кантэйнэрах ежу складаюць у скрыні і двойчы на дзень з пажаданьнямі «Смачна есьці!» развозяць па лякарнях.
«Звычайна адвожу я, — кажа Віталь, — альбо валянтэры, якія выклікаюцца, калі я не пасьпяваю. Альбо, калі кола вельмі вялікае — і каб некаму не давезьці халоднае, выяжджаем адначасова дзьвюма машынамі на розныя адрасы. Некалькі ўстаноў тут побач, у цэнтры, але абласная лякарня — зусім іншы канец гораду. Туды ежу даводзіцца везьці асобна».
Нягледзячы на складанае фінансавае становішча, Віталь мае намер гатаваць для мэдыкаў і надалей.
«Я веру, што сонца нам дапаможа, — кажа ён. — Што ўжо не за гарамі нейкі пераломны момант, і спадзяюся, што мы сваім калектывам зможам працягваць тое, за што ўзяліся, і да гэтага пераломнага моманту дацягнем».