Сваім галоўным абавязкам Рады БНР лічыла вызваленьне беларускага народу.
У Остэргофэне (Нямеччына) у сьнежані 1947 г. адбылася Сэссія Рады БНР. На гэтай Сэсіі дзейнасьць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі была адноўленая пасьля чатырохгадовага перапынку, зьвязанага з Другой сусьветнай вайной і сьмерцю папярэдняга Старшыні Рады БНР Васіля Захаркі, чые паўнамоцтвы часова пераняў Мікола Абрамчык. Склад Рады БНР папоўнілі прадстаўнікі шматтысячнай новай хвалі эміграцыі зь Беларусі, піша сайт radabnr.org.
Вось тэкст дэкларацыі Рады БНР, якая была прынятія 31-га сьнежня 1947 году:
фота: radabnr.org- Рада Беларускае Народнае Рэспублікі, сабраўшыся на сход у гістарычны дзень 30-х угодкаў абвешчаньня І-ым Усебеларускім Кангрэсам у Менску Беларускае Народнае Рэспублікі, урачыста заяўляе, што яна й надалей:
1. імкнецца да ажыцьцяўленьня волі беларускага народу да незалежнага гаспадарствавага жыцьця, выказанай ім вуснамі 1-га Усебеларускага кангрэсу й Актам 25 Сакавіка,
2. не прызнае й ніколі не прызнае БССР за форму беларускага незалежнага гаспадарства, уважаючы яе за расейска-камуністычную фікцыю беларускае гаспадарствавасьці, накінутую Масквою, як сродак паняволеньня беларускага народу, ягонага нацыянальнага, матэрыяльнага a нават і фізычнага вынішчэньня;
3. не прызнае й ніколі не прызнае на будучыню, як неабавязваючыя беларускі народ, усе ўмовы й забавязаньні, якія напраўна ад імя беларускага народу падпісалі ўрады СССР, й г.зв. «урад БССР» — маскоўска-акупацыйная адміністрацыя ў Беларусі;
4. маючы мандат ад І-га Ўсебеларускага кангрэсу, застаецца адзінапраўным i найвышэйшым рэпрэзантантам гаспадарствавае волі беларускага народу, упаўнамоцваючым выступаць ад ягонага імя ўрад БНР;
5. выказвае давер і застаецца вернай Прэзыдэнту Беларускае Народнае Рэспублікі інж. M. Абрамчыку — найвышэйшаму прадстаўніку сувэрэнных правоў беларускага народу;
6. імкнецца да салідарнасьці і супрацоўніцтва з усімі паняволенымі й загрожанымі маскоўскім камунізмам народамі, якія прызнаюць сувэрэнныя правы беларускага народу ў ягоных этнаграфічных межах.
Рада ўважае, што ў перажываны мамэнт ейным галоўным абавязкам ёсьць поўная кансалідацыя ўсіх нацыянальных беларускіх сілаў і змабілізаваньне ix на змаганьне за канчальнае вызваленьне беларускага народу ад маскоўскае няволі й аднаўленьне Беларускае Народнае Дэмакратычнае Рэспублікі.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)