Каранавiрус выяўлены ў вялiкай вёсцы Страдзічы Брэсцкага раёна.
У вёсцы Страдзічы Брэсцкага раёна адбылася ўспышка каранавіруса. Яе зыходным пунктам стала вяселле баптыстаў у канцы красавіка. Сярод хворых — кіроўца школьнага аўтобуса з жонкай і адна з настаўніц. Справу ўскладняе адмаўленне праблемы з боку часткі жыхароў, у тым ліку і вернікаў.
«29 красавіка было вялікае вяселле ў Брэсце. Пасля яго і пахварэлі. Пару дзён маўчалі, але пасля пачалі дактароў выклікаць. Пазаўчора за адну ноч ў бальніцу забралі каля 40 чалавек. Учора яшчэ чалавекі тры, сёння адну жанчыну таксама, — распавяла «Нашай Ніве» мясцовая жанчына. — Вернікі не асабліва хочуць ехаць у бальніцу, ігнаруюць меры бяспекі.
Мясцовага мужыка Косцю Т. забралі ў капсуле дактары. Дык толькі хуткая ад’ехала, як яго жонка прыбегла на наш мясцовы рыначак — агуркі прадаваць. Пасля ўбачыла санстанцыю і хуценька сышла.
Баптыстам закрылі дом малітвы, але іх гэта не спыняе. Цяпер у іх вяселлі ідуць кожныя выходныя, там усё роўна збіраюцца па 400—500 чалавек, з’язджаюцца з усёй акругі. Іх царкву закрылі, дык яны ставяць намёт і там праводзяць набажэнствы.
Дзеці ў школу не ходзяць. Сама школа працягвае працаваць, настаўнікі ходзяць штодня ў масках і пальчатках, але людзі дзяцей не пускаюць, баяцца», — расказвае жанчына.
«Забралі сапраўды шмат па бальніцах. Маіх суседзяў забралі ўчора ўначы, і мужа, і жонку. Ці была ў іх «карона», я не ведаю, але днём прыязджалі іх дом дэзынфікаваць», — кажа іншая мясцовая жыхарка.
Страдзічы — вялікае сяло абапал дарогі Брэст-Тамашоўка, з прыкладна 1600 жыхарамі. Вялікую частку яго насельніцтва складаюць вернікі-пратэстанты. Гэтая рэлігія распаўсюдзілася тут яшчэ ў савецкі час.
Звычайная карціна вечарамі на вуліцах сяла — кансерватыўна апранутыя жанчыны ў хустачках і мужчыны ў касцюмах, якія ідуць на вечаровую малітву. Як і іншыя пратэстанцкія сёлы, Страдзічы вылучаюцца сваёй заможнасцю: вялікія, сучасныя дамы, цяпліцы на агародах. Сем'і тут зарабляюць як вырошчваннем гародніны, так і будаўніцтвам, шмат хто мае дробны ці нават сярэдняга памеру бізнэс.
Страдзічы — сяло старажытнае, вядомае з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Цяпер па колькасці насельніцтва гэтае сяло большае, чым суседнія вёскі раёна. Так стала ад пачатку ХХ стагоддзя, калі жыхары Страдзіч, насуперак патрабаванням царскіх уладаў, адмовіліся эвакуіравацца ў 1915 годзе. У выніку пад нямецкай акупацыяй Страдзічы перажылі Першую сусветную адносна спакойна, а ў навакольных сёлах з бежанства, з Расіі, вярнулася меншасць насельніцтва, большасць згінула. Так што жыхары Страдзіч знаныя сваёй дружнасцю і ўпартым характарам.
Ананімны тэлеграм-канал «Баста» напісаў, што тамада з таго брэсцкага вяселля працуе кіроўцам школьнага аўтобуса і прывозіць у Страдзічы дзяцей з іншых вёсак. У яго нібыта быў пацверджаны каранавірус.
«Наша Ніва» звязалася з сям’ёй Канстанціна І. — таго самага кіроўцы. Аказалася, ён сапраўды ў бальніцы.
«У бацькі двухбаковая пнеўманія. Яго забралі дні тры таму. Сёння мама паехала правярацца, і ёй адразу сказалі, што трэба класціся ў бальніцу — таксама двухбаковая пнеўманія, — распавяла «Нашай Ніве» старэйшая дачка Канстанціна. — Але пра каранавірус я нічога не ведаю, здаецца, у іх яго няма. Нас, дзяцей, ніхто не правяраў.
Апошнім часам у бацькі была тэмпература. Дык ён узяў бальнічны, на працу не хадзіў».
Зз падазрэннем на «карону» забралі ў бальніцу і адну з настаўніц. Праўда, яе сын сказаў, што «каранавіруса ў мамы «дакладна няма». У бальніцу яе «забралі проста так. Тэмпература трохі паднялася, і ўсё».
Пры гэтым і школа, і вернікі, і мясцовыя адказныя асобы — усе маўчаць. Ці кажуць: якія праблемы? Усё нармальна!
«Наша Ніва» пазваніла ў страдэцкую школу, але хамаватая жанчына, якая прадставілася намесніцай дырэктара, паведаміла, што трэба мець дазвол аддзела адукацыі, каб задаваць ёй пытанні. Пасля чаго кінула слухаўку.
«Я на такія пытанні не адказваю. Людзі хварэюць паўсюль, не толькі ў Страдзічах. Звычайная сітуацыя, я б так сказаў», — сказаў Уладзімір Хілько з мясцовай царквы евангельскіх хрысціян.
«Ну ёсць асобныя [выпадкі], але каранціну няма, усё няпраўда. Усё працуе, школа працуе ў штатным рэжыме. Не трэба ствараць паніку», — паведаміў Канстанцін Сталяроў, стараста Страдзіч.
Ёсць хворыя і ў суседняй вёсцы Прылукі, школьнікаў з якой возяць у школу Страдзіч. Але там мясцовы стараста таксама кажа — усё акей.
«Ну хварэюць некаторыя, але ўсё нармальна. Павальна ў масках ніхто не ходзіць, псіхозу няма», — адрапартаваў Генадзь Валчэцкі, стараста Прылук.
Вядома, што памёр ураджэнец Страдзіч Уладзімір К., які жыў у Брэсце, таксама баптыст. Па вёсцы ходзяць чуткі, што мужчына сканаў ад каранавіруса. Нібыта, быў на адным з вяселляў сваякоў-вернікаў, пасля паўтара тыдні рэанімацыі, штучная кома і смерць.
Пахавалі мужчыну ў Страдзічах 7 мая.
Мяркуючы па наяўнай інфармацыі, мы маем справу з вялікай успышкай каранавіруса, супастаўнай з тымі, якія адбыліся на Віцебшчыне. Раней Брэстчына была адносна спакойнай у плане каранавіруса, але новыя заражэнні ўсё мяняюць.
Па іроніі лёсу, у Страдзічах самаізалявалася зорка беларускай оперы Маргарыта Ляўчук — з гэтага старажытнага паселішча паходзіць яе род.