У вёске пад Мядзелям ад каранавiруса памёр бізнэсмен.
«Пачыналася ўсё з тэмпературы. Выклікалі хуткую, яны ўкалолі «трайчатку» і з’ехалі, — расказала nn.by Эдыта, дачка бізнэсмена Аляксандра Ляховіча. — Тады бацька з мамай самі паехалі ў Мядзел на рэнтген. Першы раз усё было нармальна. Праз тыдзень паехалі зноў: і ў мамы дыягнаставалі бранхіт, а ў бацькі — пнеўманію».
Праз некалькі дзён пасля шпіталізацыі Ляховіча перавялі «на кісларод», яшчэ праз пару дзён паклалі ў рэанімацыю. Там увялі ў стан штучнай комы і падключылі да апарата вентыляцыі лёгкіх. Пад ім ён праляжаў 13 дзён.
Сваякі кінулі заклік па медыя і сацсетках: шукалі донараў плазмы, якія ўжо перахварэлі «каронай». На той момант мужчына ўжо ляжаў на штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Але выратаваць Ляховіча не ўдалося. 10 мая ён памёр у мядзельскай бальніцы.
Аляксандр жыў у мястэчку Свір, што стаіць над аднайменным возерам. Займаўся бізнэсам, меў у Свіры сетку крамаў, якая гандлявала хатнімі таварамі. Яму было 53 гады.
«У рэанімацыі бацьку зрабілі тэст на каранавірус, ён быў адмоўны. Але ведаю, што прыязджалі прафесары з Мінска, казалі, што ў сімптомы «кароны», і лячылі яго таксама як ад «кароны», — кажа дачка. — Але ў бацькі пачалі адказваць ныркі, а пасля не вытрывала сэрца. Ён памёр 10 мая».