60-гадовая Лідзія Савіцкая знаходзілася ў рэанімацыі віцебскай бальніцы.
60-гадовая Лідзія Савіцкая памёрла ў рэанімацыі віцебскай бальніцы 11 мая. Раней яна працавала настаўніцай матэматыкі ў новалукомльскай школе №2 разам з мужам: Анатоль Савіцкі быў дырэктарам. Цяпер абое на пенсіі.
Анатоль Савіцкі распавёў «Нашай Ніве», што спачатку яго жонку забралі з пнеўманіяй.
«20 красавіка паклалі ў нашу бальніцу. Праз тыдзень ёй стала нават лепш, тэст на «карону» зрабілі — адмоўны. Але яшчэ праз тыдзень стан пагоршыўся, пачалася высокая тэмпература, — кажа Анатоль Савіцкі. — 4 мая жонку перавезлі ў Віцебск, там паклалі ў рэанімацыю на штучную вентыляцыю лёгкіх. Зрабілі новы тэст — і ён ужо паказаў каранавірус.
11 мая Лідзія памерла.
У мяне і цешчы таксама ўзялі тэсты на каранавірус, вынікаў пакуль не ведаем. Сядзім дома на самаізаляцыі. Але адчуваем сябе нармальна. Я мяркую, што Лідзія заразілася «каронай» у бальніцы: бо пасля вірус знайшлі ў медсясцёр, якія ёй займаліся.
12 мая жонку пахавалі ў закрытай труне: не заносілі ні ў дом, ні ў царкву, гэта забаронена. Адпяваў святар непасрэдна на могілках».