Германа Аляксандрава хавалі ў чорным пакеце і закрытай труне.
Як стала вядома «Нашай Ніве», у Мінскім вайсковым шпіталі памёр 53-гадовы Герман Аляксандраў. Афіцыйная прычына смерці — пнеўманія з «неўдакладненым узбуджальнікам».
Аляксандраў ужо не быў вайскоўцам, але ўзначальваў упраўленне Узброеных Сіл па выкарыстанні паветранай прасторы — быў палкоўнікам запасу.
Наколькі вядома журналістам, два тэсты на каранавірус у Аляксандрава паказалі адмоўны вынік.
«Але хавалі яго ў чорным пакеце і закрытай труне. У суседніх упраўленнях, пры гэтым, ёсць рэальна хворыя на каранавірус, у тым ліку пенсіянер, але яны пераносяць хваробу проста. Герман Аляксеевіч сыходзіў цяжка, з ацёкам лёгкіх і адмовай нырак», — расказалі абазнаныя крыніцы.