Беларускі рэжысэр распавёў, як пандэмія зьмяніла ягоная жыцьцё.
Беларускі рэжысэр, сузаснавальнік і мастацкі кіраўнік міжнароднай тэатральнай кампаніі HUNCHtheatre ў Лёндане Уладзімер Шчэрбань расказвае «Радыё Свабода», як пандэмія зьмяніла ягонае жыцьцё, што ён думае пра каранавірус у Беларусі і як будуць адзначацца другія ўгодкі заснаванага ім супольна з брытанскім акторам Олівэрам Бэнэтам тэатру.
— У нядзелю, 17 траўня спаўняецца два гады вашаму новаму тэатральнаму праекту HUNCH Theatre у Лёндане. У гэты дзень вы зьбіраецеся паказаць адразу два спэктаклі. Што гэта будзе?
— Спэктаклі, якія мы пакажам 17 траўня, гэта не жывыя прадстаўленьні, гэта спэктаклі ў запісе. Такое ня вельмі вітаецца, і гэта незвычайная практыка. Так паказваць спэктаклі стараюцца, калі іх ужо адыгралі, павазілі па сьвеце. Але паколькі цяпер пандэмія і ўсе мы існуем у анлайн-рэжыме, да таго ж і дзень народзінаў, таму мы вырашылі на кароткі пэрыяд адкрыцца і паказаць гэтыя спэктаклі.
Гэта будуць два анлайн-паказы. Ад нашага менскага філіялу гледачы змогуць убачыць спэктакль «Левыя дысыдэнты». Ён быў запісаны падчас фэстывалю Belarus Open.
А ў выкананьні нашай лёнданскай трупы будзе трансьлявацца «Паданьне аб сьвятым прапойцы». Гэты спэктакль быў запісаны падчас лёнданскага андэграўнднага фэстывалю ў катакомбах-тунэлях пад чыгункай, гэта вельмі цікавая альтэрнатыўная прастора.
Абедзьве трансьляцыі пройдуць на сайце Інстытуту Гётэ.
— Як бы вы сёньня ацанілі два гады існаваньня HUNCH Theatre ў супрацоўніцтве з брытанскім акторам Олівэрам Бэнэтам?
— 17 траўня 2018 году разам з маім творчым партнэрам Олівэрам Бэнэтам мы абвясьцілі пра стварэньне міжнароднай тэатральнай кампаніі HUNCH Theatre. Да таго часу, з 2005 году я быў сузаснавальнікам Свабоднага тэатру і рэжысэрам большасьці іх спэктакляў.
Але паколькі ўжо дзесяць гадоў я жыву ў Лёндане, у Брытаніі, то прыйшоў момант рухацца далей і працаваць з той рэальнасьцю, якая ёсьць. Так вось мы з маім прыяцелем Олівэрам вырашылі стварыць HUNCH Theatre. Слову «Hunch» я ня ведаю аналягаў ні ў беларускай, ні ў расейскай мовах. Яно азначае «ісьці за сваёй інтуіцыяй». Бывае так, што раптам, насуперак лёгіцы ты разумееш, што трэба рабіць так, а не інакш. Так мы і зрабілі два гады назад, калі абвясьцілі пра стварэньне кампаніі.
Першым нашым спэктаклем быў «Герой нашага часу» паводле Лермантава. Гэта не клясычная рэч, але сучасная адаптацыя, якую мы зрабілі ў Лёндане проста ў тым пакоі, дзе я жыву. Мы паказалі гэты спэктакль на фэстывалі ў Эдынбургу, мелі вялікі посьпех, атрымалі цудоўныя водгукі, гралі яго пасьля месяц. Гэты спэктакль быў унесены ў сьпіс найлепшых лёнданскіх спэктакляў 2018 году. Што, вядома, немалое дасягненьне, улічваючы, колькі спэктакляў тут ставіцца.
І так, крок за крокам, мы пайшлі наперад. Другім быў спэктакль паводле п’есы Шэндэровіча «Убачыць Солсбэры». Я зрабіў два варыянты. З расейскамоўнымі акторамі, якія жывуць у Лёндане, і з брытанскімі. Гэта былі два розныя спэктаклі з рознымі «кастамі». І мы яго паказалі ў Каралеўскай школе драматычнага мастацтва (RADA) у Лёндане. Гэта адна з найлепшых школаў Вялікабрытаніі, якую скончыў Энтані Гопкінс і іншыя славутасьці, у нас зь ёй добрыя партнэрскія дачыненьні. Гэтая п’еса была прысьвечана «Навічку», атручваньню ў Солсбэры ў такім нечаканым ракурсе.
У пошуку згубленых пэрлінаў
— Якой літаратурнай аснове вы аддаяце перавагу пры выбары матэрыялу для спэктакляў?
— Сваёй задачай мы ставім знаходжаньне згубленых пэрлінаў эўрапейскай літаратуры і прадстаўленьне іх брытанскай і сусьветнай аўдыторыі. Таму для наступнага спэктаклю мы выбралі «Паданьне пра сьвятога прапойцу» Ёзэфа Рота. Гэта нямецкамоўны аўстрыйскі пісьменьнік, які нарадзіўся ў Бродах на Львоўшчыне, быў цудоўным журналістам і празаікам, яму ўдалося прадказаць прыход да ўлады нацыстаў. Ён быў п’яніцай, жыў у Парыжы, яму, як габрэю, пашчасьціла памерці яшчэ да пачатку Другой сусьветнай вайны.
І вось ягоны апошні твор пра алькаголіка, якія жыве пад мастамі Парыжу, мы ўзялі як аснову для свайго новага спэктаклю. Мы вырашылі зрабіць сучасную адаптацыю, перанесьці ўсё ў Лёндан, у часы пост-брэксыту, і зрабіць спэктакль пра эмігрантаў. Менавіта таму на галоўную ролю не знайшлося лепшай кандыдатуры, чым Алег Сідорчык. Гэта выдатны беларускі актор, які таксама ўжо дзесяць гадоў жыве ў Лёндане. Астатнія акторы — брытанцы. Я зьмясьціў Алега ў англамоўнае асяродзьдзе, і яму нічога ня трэба было граць.
Гэты спэктакль упершыню мы паказалі літаральна пару месяцаў назад у рамках VAULT фэстывалю. Гэта самы вялікі лёнданскі андэрграўнд-фэстываль. Мы гралі толькі тыдзень і плянавалі далей, але пандэмія перашкодзіла гэтым плянам. І вось на свой дзень нараджэньня мы пакажам гэты спэктакль.
Апрача гэтага, у Лёндане даўно жыве пісьменьнік, былы дысыдэнт Зіновій Зінік. Мы хочам зрабіць спэктакль паводле ягоных апавяданьняў.
— Што азначае ў назьве вашай тэатральнай кампаніі слова «міжнародная»?
— Так склалася, што HUNCH Theatre цяпер прадстаўляе Вялікабрытанію на міжнароднай арэне. Так было з «Героем...», калі мінулым летам мы гралі ў Кёльне, Санкт-Пецярбургу і іншых гарадах.
Зь іншага боку, у мяне ніколі не перапынялася сувязь зь Беларусьсю — так ці іначай, але я рабіў там спэктаклі анлайн, па скайпе. Цяпер, дарэчы, гэта спрабуе рабіць шмат хто, але я гэта рабіў даўно. Першы спэктакль Свабоднага тэатру па скайпе зрабіў я, ён называўся «Родныя і блізкія», гэта было ў 2012 годзе. Так што для мяне гэта нармальная практыка.
І вось таму, што я падтрымліваю пастаянную сувязь зь Беларусьсю і раблю там спэктаклі, у кастрычніку 2018 году мы вырашылі заснаваць філіял HUNCH Theatre у Менску. Ужо зроблена некалькі спэктакляў. Дэбютны быў пастаўлены ў кватэры, а пасьля мы атрымалі нечаканую прапанову ўзяць удзел у Belarus Open, які арганізавала Анжаліка Крашэўская. Гэта незалежны і самы лепшы на сёньняшні дзень у Беларусі тэатральны фэстываль. Мы паўдзельнічалі, увайшлі ў пяцёрку найлепшых спэктакляў.
Тое, што мы робім у Менску, гэта абсалютна беларускі прадукт, бо наша мэта — адкрываць новыя імёны ў Беларусь і даваць ім магчымасьць выказацца. Гэта тыя, хто ня можа паказаць сябе на дзяржаўных сцэнах.
— Як зьмяніліся пляны вашага тэатру ў выніку пандэміі?
— Да ўвядзеньня карантыну ў нас было поўна плянаў. За тыдзень да таго, як краіны пачалі зачыняцца, мы павінны былі ляцець у Магілёў. Магілёўскі абласны драматычны тэатар праводзіць міжнародны конкурс добрага ўзроўню, які называецца «M.@rt. контакт». Мы везьлі туды «Героя нашага часу» з брытанскімі акторамі. І вось за тыдзень да паездкі нам паведамілі, што фэстываль адмяняецца ў сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй.
У траўні мы павінны былі граць у Празе ў рамках англамоўнага фэстывалю ў цэнтры чэскай сталіцы. Туды ня так проста трапіць, але з прычыны карантыну ўсё было перанесена на кастрычнік.
Навошта быў створаны новы тэатар
— Ці задавальняе вас як творцу гэты праект? І што наперадзе?
— Вядома, ён мяне задавальняе. Я рады, што мы зрабілі гэты праект. Гэта новы крок.
Два гады таму мы ня проста так пра яго абвясьцілі. Проста прыйшло ўсьведамленьне, што трэба рухацца наперад. І асабліва я рады, што ў нас ёсьць два офісы. У Брытаніі мы працуем з брытанскай рэальнасьцю, для брытанскай аўдыторыі і з тымі выклікамі, якія ёсьць тут. А беларукі філіял працуе зь беларускімі выклікамі — сацыяльнымі, палітычнымі, і якімі заўгодна іншымі.
Мяне не задавальняе пазыцыя, калі я павінен стаяць з працягнутай рукой і быць нейкай ахвярай тут. Не. Мне цікава быць на роўных. Вось з гэтай мэтай і ствараўся наш праект.
І вось тое, што з брытанскім офісам мы прадстаўляем у сьвеце Брытанію, а зь беларускім — Беларусь, мяне вельмі задавальняе і радуе.
Больш за тое. У нас ёсьць запрашэньне з Бэрліну зрабіць філіял у Нямеччыне!
А далей? Мы будзем працаваць — вось што мы будзем рабіць.
— Якім акторам вы аддаяце перавагу пры выбары на ролі ў сваіх спэктаклях?
— Галоўная зорка нашага беларускага калектыву — Яна Русакевіч, яна там выконвае і функцыі арт-дырэктара. Яна, як і Алег Сідорчык, гэта акторы, якіх я ведаю больш за дваццаць гадоў. Я зь імі працаваў яшчэ тады, калі працаваў у Купалаўскім тэатры, і яны такама былі акторамі дзяржаўных тэатраў.
Усіх астатніх мы запрашаем. Я сам прафэсіянал і паважаю прафэсіяналаў клясы Алега Сідорчыка, але мне цікава працаваць і проста зь цікавымі людзьмі. Таму ў «Левых дысыдэнтах» можна будзе ўбачыць людзей, для якіх гэта сцэнічны дэбют, але яны яркія і цікавыя людзі, яны актывісты, у іх цікавая жыцьцёвая пазыцыя і гэта адчуваецца на сцэне. І вось гэты мікс мне сёньня найбольш цікавы. І гэта насамрэч трэнд сучаснага тэатру.
Чым для рэжысэра зьўляяецца Беларусь
— З вашых словаў адчуваецца, што ў вашым сэрцы, сёньняшнім жыцьці і плянах Беларусь займае важнае месца.
— Беларусь — гэта краіна, у якой я вырас. Я нарадзіўся ў Данецку і ў пяць гадоў прыехаў у Беларусь. Я там вырас. Для мяне гэта і ёсьць радзіма. І вядома, калі я там пастаянна заняты, калі я там бясконца стаўлю спэктаклі, хай сабе анлайн, гэта нешта азначае.
Таму для мяне было так важна прыехаць у Магілёў, гэта было б вяртаньне і адначасова — наступны крок.
І яшчэ адна рэч. Калі мы плянавалі паездку ў Беларусь, мы плянавалі з Інстытутам Гётэ зрабіць чытку п’есы майго партнэра Олівэра ў перакладзе на расейскую мову. Паездка адмянілася, але мы зрабілі гэтую чытку анлайн. Артысты чыталі і трансьляцыя ішла ў Фэйсбуку. Гэта было наша ноў-хаў, да якога цяпер тэатры ва ўсім сьвеце толькі падбіраюцца. Вось наш беларускі філіял быў тут піянэрам.
Сястра — мэдычная сястра ў Беларусі
— Паводле паведамленьняў незалежных мэдыяў, у Беларусі усе правінцыйныя і многія менскія шпіталі запоўненыя пацыентамі з COVID-19. Як вы ацэньваеце захады беларукіх уладаў у барацьбе з каранавірусам?
— У мяне ў Беларусі ў невялікім горадзе жыве сястра. І да таго ж яна яшчэ — мэдычная сястра. Таму я атрымліваю інфармацыю знутры сыстэмы. Там усе баяцца, у паніцы. І, на жаль, адсутнасьць дакладнай інфармацыі выклікае ў людзей гістэрыю. Сытуацыя і так складаная, а калі яшчэ і вайсковыя парады ладзяцца — гэта нейкае вар’яцтва. Я б гэта назваў прымусам да хваробы.
Што цікава, у лякарні сястры паведамілі даўно, што і як трэба рабіць і што гэта такое, але публічна людзей пераконвалі, што пагроза невялікая.
У Брытані таксама спачатку быў хаос, урад недаацаніў пагрозу, была паніка. У крамах з паліц зьмяталі ўсё. Пандэмія паказала, што краіны не гатовыя да такіх выклікаў глябальнага маштабу.
А Беларусь — наогул унікальны выпадак, мала таго, што не гатовыя, дык яшчэ зь нейкай упартасьцю даказваюць, што гэтага няма. У той час, калі «гэта» ёсьць. Гэта, вядома, вар’яцтва.
Жыцьцё падчас локдаўну
— Сёньня сьвет жыве ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Як яна паўплывала на вас? Ці хто-небудзь з вашых сваякоў, сяброў і калегаў у Вялікабрытаніі або ў Беларусі захварэў на COVID-19?
— Мяркуючы па сымптомах, Олівэр Бэнэт перахварэў у лёгкай форме ў самым пачатку пандэміі. Чаму я кажу «мяркуючы па сымптомах»? Таму што ў Вялікабрытаніі спачатку была такая пазыцыя: «Калі ў вас сымптомы прастуды, заставайцеся дома». Людзі заставаліся дома, хварэлі, але дыягностыку ім ніхто не рабіў.
Мяне пакуль што мінавала, але я і не хаджу ў грамадзкія месцы. А вось мой партнэр Олівэр вельмі актыўны, таму і зьлёг якраз у першы тыдзень. На шчасьце ўсё абышлося і праз тыдзень мы ўжо працягнулі камунікацыю па скайпе.
Зь іншага боку, я падазраю, што я перахварэў яшчэ ў лютым. Мы якраз працавалі над «Прапойцам...» з Алегам Сідорчыкам. У мяне быў жудасны грып з жудасным кашлем. Толькі таму што спэктакль трэба было выпускаць, я працаваў і выпусьціў яго. А так усе апісаныя сымптомы супадаюць.
— Як вам удаецца арганізоўваць працу падчас локдаўну?
— Я ўжо і раней шмат працаваў па скайпе. Так што вельмі вялікіх зьменаў пандэмія ў маё жыцьцё і працу не прынесла. Вядома, адбылася адмена спэктакляў і паездак.
— Як зьмянілася ваша жыцьцё падчас абвешчанага ў Брытаніі локдаўну? Вы носіце маску?
— Я не нашу ні маскі, ні пальчатак. Чаму? Таму што ў часе локдаўну, седзячы ў кватэры, маску насіць няма сэнсу. А так я ня супраць. Я выходжу толькі на прабежку і там зусім не кантактую зь людзьмі.
Я купіў мэдычны сьпірт і рэгулярна праціраю рукі. Але я іх і так праціраю. Шмат гадоў таму, як мне здаецца, я перахварэў на сьвіны грып. Якраз была эпідэмія ў Амэрыцы і я там, у Лёс-Анджэлесе, у школе Ўолта Дыснэя рабіў ворк-шоп. Памятаю, што заняткі працягваліся тыдзень, і кожны дзень прыходзіла ўсё менш і менш студэнтаў. І вось па дарозе ў Эўропы той грып мяне проста паваліў, «зрэзаў». З тых часоў мая фішка — пільна мыць рукі.
А так, агулам, у часе локдаўну зь іншымі людзьмі я не кантактую.
— Як вы захоўваеце фізычную актыўнасьць у карантыне? Ці займаецеся спортам?
— Апошні год я пачаў бегаць. На шчасьце ў нас не было настолькі жорсткага карантыну, каб нельга было выходзіць з дому. Якраз можна было выходзіць на гадзіну для заняткаў спортам непадалёк ад дому. Гэта дало мне магчымасьць бегаць. Я шчасьлівы, бо ў адваротным выпадку можна было зусім звар’яцець.
— Ці зьмяніла неяк пандэмія вашы густы чытача і гледача?
— Усе тэатральныя дзеячы кінуліся ў анлайн, чыткі і т. д. Я вырашыў, што я гэтага рабіць ня буду. Як ні дзіўна, я не паглядзеў за гэты час ніводнага спэктаклю, уключаючы і свае.
Кіно гляджу, шмат, добрыя сэрыялы.
Мне здаецца, што ўсе нашы гаджэты больш прыстасаваныя для нейкіх мастацкіх акцый. Таму два маіх захапленьні мяне выручаюць. Гэта малюнкі GPS-навігацыяй падчас прабежак і праект «Изоизоляция» ў Фэйсбуку. Гэта дае мне магчымасьць кантактаваць у сеціве з многімі людзьмі і дае адчуваньне вандровак, калі едзеш у цягніку і кантактуеш зь незнаёмымі падарожнікамі.
— Якую музыку слухаеце падчас пандэміі?
— Я наогул не музычны чалавек. Але вось цяпер стаў у Ютубе глядзець шмат тэхна-вечарынак. Гэта складана назваць музыкай, гэта хутчэй нешта танцавальнае.
— Ці зьмяніўся ваш рацыён падчас карантыну?
— Не, насамрэч нічога не зьмянілася. Стараюся менш есьці цяжкай ежы, бо лад жыцьця цяпер маларухомы.
Так што зьменаў амаль няма. Адзінае, я стаў есьці шмат цёмнага шакаляду. Ня ведаю чаму, можа таму, што шмат мазгавой дзейнасьці.
Палова тэатраў Уэст-Энду пасьля пандэміі не адчыняцца
— Якім, на вашу думку, будзе сьвет пасьля пандэміі? Нешта зьменіцца? У які бок? Францускі пісьменьнік Мішэль Уэльбэк, напрыклад, лічыць, што ўсё застанецца «па-ранейшаму, толькі стане троху горш».
— Хоць я ўсюды шукаю аптымізму, але тут я з Уэльбэкам згаджуся.
Мне, як тэатралу, лепш і бліжэй казаць пра гэтую сфэру дзейнасьці і заробку. Мы ўжо панесьлі страты, нягледзячы на тое, што HUNCH Theatre — гэта невялікая кампанія. Але адмены спэктакляў — гэта страты.
Што будзе далей? Ад 13 траўня ў Вялікабрытаніі зьмякчыліся абмежаваньні, але з тэатрамі руху няма. Атрымліваецца што для тэатралаў мае месца забарона на прафэсію. Мы ўжо можам праводзіць рэпэтыцыі, але яшчэ ня можам выходзіць да гледача. Усе публічныя мерапрыемствы па-ранейшаму пад забаронай. І калі гэта скончыцца, мы ня ведаем.
Наш спэктакль «Герой нашага часу» на канец чэрвеня ўжо быў распрададзены некалькі месяцаў таму. І вось мы з Олівэрам цяпер трымаем крыжыкам пальцы, каб ён ня быў адменены.
Для нас самая вялікая праблемы — гэта тое, што мы ня можам сустракацца з гледачом. Тэатар — гэта жывое выкананьне перад жывым гледачом, якое магчымае толькі ў момант гэтай сустрэчы. Ніякі анлайн гэтага не заменіць.
У гэтым пляне сытуацыя выглядае пэсымістычна. Але ёсьць і плюсы. Якраз для малых кампаній. Для вялікіх тэатраў лёнданскага Уэст-Энду гэта праблема. Я ўжо ведаю, што пасьля локдаўну палова тамтэйшых тэатраў не адчыніцца, яны ўжо збанкрутавалі. А вось такія маленькія кампаніі, як наша, могуць выжыць, бо нам губляць няма чаго. Мы з Олівэрам не атрымлівалі ніякіх грантаў. Усё што мы зрабілі, мы рабілі за свой кошт і за кошт нашых гледачоў, якім мы неверагодна ўдзячныя.
Мы жывучыя, і ў гэтым сэнсе HUNCH Theatre — у прывілеяваным становішчы. Нам лепш убудоўвацца ў гэтае жыцьцё, бо мы заўсёды ў барацьбе за выжываньне. Таму 17 траўня мы будзем сьвяткаваць свой дзень нараджэньня.