Як беларуска правяла тыдзень у шпіталі для хворых на каранавірус.
Праз тыдзень, праведзены ў шпіталі для хворых на COVID-19, мяне выпісалі на «кантраляванае амбуляторнае лячэньне». У дакумэнце, які я падпісала, указана, што я абавязваюся прымаць усе прапісаныя лекі — і гэта сьмешна, бо пры выпісцы я не атрымала ўвогуле ніякіх рэкамэндацый, піша Наста Захарэвіч для «Радыё Свабода»
Загадчык аддзяленьня сказаў, што патэлефануюць з паліклінікі і ўсё патлумачаць. Так што я чакаю званка і гуглю, што значаць вынікі маіх апошніх аналізаў, бо гэтага мне таксама ніхто не расказаў.
Зь лякарні мяне прывезьлі на машыне хуткай дапамогі. Траіх чалавек саджаюць у адну машыну і развозяць па хатах, бо ні ў таксі, ні тым больш у грамадзкі транспарт нам нельга — мы яшчэ можам быць заразнымі. Гэта быў прыемны сюрпрыз, бо я вельмі не хацела запэцкаць некаму задняе сядзеньне і багажнік і, магчыма, заразіць таксіста. І, што ўжо хаваць, баялася патэнцыйнай рэакцыі на словы «у мяне каранавірус, вам бы лепш цяпер тут усё памыць».
Дарэчы, мыцьцё — гэта асобная цікавая тэма. Калі ў чалавека знаходзяць каранавірус, пад’езд, дзе ён ці яна жыве, апрацоўваюць адмысловымі сродкамі. Цяпер пасьля мяне ніхто нічога, натуральна, ня мые. Я маю права хадзіць у найбліжэйшую краму, аптэку і выносіць сьмецьце, і зноўку ж ніхто ня будзе апрацоўваць пасьля мяне памяшканьні ў цэлым і дзьвярныя ручкі ў прыватнасьці.
Такіх супярэчнасьцяў шмат, і бязь іх, напэўна, можна было б абысьціся толькі ў ідэальным сьвеце. Беларусь тут дакладна не ўнікальная. Але такія супярэчнасьці зьніжаюць эфэктыўнасьць самых добрых і правільных крокаў альбо ўвогуле робяць іх бессэнсоўнымі.
Напрыклад, аддзяленьне, у якім я ляжала, было падзелена на «брудную» і «чыстую» зоны. Усё, як кажуць, па навуцы. Але каб зрабіць кампутарную тамаграфію перад выпіскай, я разам з санітаркай пайшла проста з «бруднай» зоны ў агульны прыёмны пакой. І сядзела там у агульнай чарзе.
А раздатчыца ежы аднойчы прыйшла ўвогуле без засьцерагальнага касьцюма. На пытаньне, чаму так, яна сказала, што ўжо перахварэла і ёй цяпер ня страшна. Ці пераапраналася яна перад тым, як ісьці ў «чыстую» зону, я ня ведаю. Але ў цэлым у мяне склалася ўражаньне, што падзел на зоны — гэта фікцыя. У тэорыі гэта павінна ратаваць жыцьці, але на практыцы, як кажуць, ёсьць нюансы.
Для хворых правілы ўнутранага распарадку часам выглядалі абсурдна. На калідор выходзіць нельга (у тым ліку каб скарыстацца лядоўняй ці схадзіць у душ), але ў адзін зь вечароў нас папярэдзілі, што ўночы ўсе мэдыкі сыходзяць у «чыстую» зону, і, калі нешта здарыцца, трэба не націскаць на кнопку выкліку мэдсястры, а ісьці на пост і там па ўнутранай сувязі тэлефанаваць у гэтую «чыстую» зону.
Некаторыя непісаныя правілы таксама выглядалі не найлепшым чынам. Напрыклад, санітаркі звычайна абароненыя найменш, хоць ім даводзіцца шмат кантактаваць зь цяжкімі хворымі (перакладаць, пераапранаць, карміць, дапамагаць з гігіенай).
Таксама я заўважыла, што на ідэнтычныя скаргі ад мяне і ад нашмат старэйшых пацыентак мэдыкі рэагавалі вельмі па-рознаму. І насуперак распаўсюджанай ідэі, што маладзейшым ва ўсім аддаюць перавагу, у маёй сытуацыі было наадварот. Калі мая суседка атрымлівала кропельніцу для аднаўленьня вадкасьці і электралітнага балянсу, я, маючы такія ж сымптомы, чула, што трэба проста цярпець і старацца піць больш вадкасьці.
У цэлым сыстэма дапамогі людзям з COVID-19 у Беларусі выглядае цяпер як нейкая хаатычная будова. Добра складзеныя блёкі руйнуюцца пад цяжарам пакладзеных абы-як і падаюць нам усім на галовы. Спыніць гэта немагчыма, уцячы таксама, так што трэба старацца проста перачакаць.
Калі ласка, заставайцеся дома, калі ў вас ёсьць такая магчымасьць.
Наста Захарэвіч, «Радыё Свабода»