Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Журналіст Алесь Асіпцоў выйшаў на волю

19.05.2020 общество
Журналіст Алесь Асіпцоў выйшаў на волю

Усе 10 сутак ён трымаў галадоўку.

19 траўня з магілёўскага ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля 10 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю пазаштатны карэспандэнт агенцтва БелаПАН Алесь Асіпцоў, паведамляе «Радыё Свабода».

Суд пакараў журналіста арыштам за тое, што 5 траўня ён асьвятляў сустрэчу прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага. Алеся Асіпцова, як і іншых журналістаў, затрымалі 9 траўня — у гэты дзень у Бабруйску прайшоў несанкцыянаваны «антыпарад», на які заклікаў блогер Сяргей Ціханоўскі.

У магілёўскім ізалятары Алесь Асіпцоў трымаў галадоўку, якую пачаў 9 траўня. На волі яго сустракалі мясцовыя актывісты, праваабаронцы, журналісты, дачка Яніна. Першыя пытаньні былі пра яго самаадчуваньне.

«Самаадчуваньне нармальнае, толькі задышка, хочацца выпіць гарачай гарбаты. На дзіва, есьці абсалютна ня хочацца. Яшчэ крыху „штарміць“, але мой арганізм дужы, натрэніраваны, таму з гэтым 10-дзённым маратонам я справіўся больш-менш нармальна».

Алесь кажа, што падчас галадаваньня ўжываў толькі ваду.

«Я ёю проста ўжо абпіўся. За першыя трое сутак да суду я выпіў толькі гарбату, кісель і кампот. А за сем сутак я выпіў каля 12 літраў вады. Я ня ведаю, многа гэта ці мала, але я проста не магу на яе глядзець. У заяве на імя начальніка ізалятара я пазначыў, што адмаўляюся ад мэдычнай дапамогі.

Сам ізалятар рабіў захады, каб мяне завесьці да мэдычнага супрацоўніка, які мяне правяраў. На дзіва, у мяне не балела галава, як тое бывае на волі, і ціск быў, як у касманаўтаў, 120 на 80, а мэдсястра сказала, што галадоўка паспрыяла ачышчэньню арганізму».

Да Асіпцова прыходзіла супрацоўніца Кастрычніцкага РАУС і пыталася, чаму ён галадае.

«Сваёй галадоўкай я рабіў такое пасланьне ініцыятарам затрыманьня, тым, хто нацкоўваў іх на журналістаў, што абыходзіцца з журналістам так нельга і што журналісты здольныя на сьмелыя радыкальныя дзеяньні, каб абараніць свой чалавечы і прафэсійны гонар. Я лічу, што мая галадоўка была плённай, і наогул усе галадоўкі плённыя, бо скаланаюць сыстэму парушальнікаў правоў ня толькі журналістаў. Я дапускаю, што ў ізалятары яшчэ нехта галадае, бо я бачыў у ведамасьці тры адмовы ад ежы. Хто гэта, я ня ведаю», — сказаў Алесь Асіпцоў.

Магілёўскі ізалятар ён параўнаў з гостэлам эканом-клясы. Але камэры былі вельмі халодныя.

«Дужа настылыя сьцены, і ад іх проста дзьме холадам, таму за 10 дзён я фактычна ня спаў».

Алесь Асіпцоў выйшаў на волю ў мэдычнай масцы, якія ўсім даюць у зьняволеньні. Ён кажа, што ў ізалятары ёсьць дазатары з дэзсродкам, камэры рэгулярна праціраюцца. Але падазраваных і асуджаных дастаўляюць у цесным транспарце, ня ўсе маюць маскі.

«У Кастрычніцкім аддзеле міліцыі падчас майго допыту заляцеў міліцыянт і з гонарам заявіў, што ў яго тэмпэратура і яго накіравалі дахаты. За ім прыбег яшчэ адзін міліцыянт, які сказаў, што ён кантакт другога ўзроўню».

Алесь кажа, што пэрсанал ізалятара быў тактоўны. На волю яго выпусьцілі «сэкунда ў сэкунду». У ізалятары Алесь атрымліваў паштоўкі, газэты, таму салідарнасьць адчувалася.

«Цяпер для мяне самае складанае — вярнуцца ў працоўны рытм. Выходзіць з галадоўкі трэба паступова, гэта працягнецца 10 дзён, паволі буду дазваляць сабе нейкія порцыі ежы».

Таксама выйшаў на волю пасьля 10 дзён арышту магілёўскі журналіст Алесь Буракоў, які супрацоўнічае з Deutsche Welle. Буракоў заявіў, што нягледзячы на рэпрэсіі, працягне сваю працу і праваабарончую дзейнасьць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]