Неўзабаве адкрыюцца новыя звесткі пра ахвяры НКУС у Курапатах, якія дадуць новы штуршок беларускаму адраджэнню.
Днямі гісторык-архівіст Зміцер Дрозд апублікаваў на сайце Беларускага дакументацыйнага цэнтра сенсацыйныя звесткі: верагодна, устаноўлена асоба і знойдзены фота аднаго з двух дакладна вядомых расстраляных у Курапатах людзей — Мардыхая Шулькеса.
«Новы Час» паразмаўляў з даследчыкам пра тое, чаму так доўга не было ніякіх даных пра ахвяр Курапатаў і чаму знаходжанне звестак пра Мардыхая Шулькеса яшчэ раз абвяргае версію нацысцкага следу ў Курапатах.
Адкуль узялося імя Мардыхая Шулькеса
У 1997-98 гадах была адноўлена крымінальная справа па факце выяўлення ва ўрочышчы Курапаты парэшткаў людзей з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Справу даручылі весці Ваеннай пракуратуры. Падставай для аднаўлення справы паслужылі сведчанні, якія пасля былі падвергнуты сумневам, нібыта тут пахаваныя ахвяры Халакосту.
Мардыхай Шулькес. Фота: yadvashem.orgДля правядзення эксгумацыі целаў пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі была арганізавана спецыяльная група археолагаў. У кастрычніку 1997 і траўні 1998 гадоў было вывучана 23 аб'екта, з якіх 9 аказаліся магіламі.
У адным з раскопаў, дзе было выяўлена 74 цела, археолагі знайшлі тры партманэ з трыма турэмнымі квітанцыямі. У двух з іх алоўкам былі ўпісаны даныя: турма Гродна, дата 10 чэрвеня 1940 года і імёны: Мойша Іосеевіч Крамер і Мардыхай Шулькес. Па адзенні на целах было ўстаноўлена, што расстрэл, хутчэй за ўсё, праходзіў у цёплую пару года.
У выніку следства не выявіла ніякіх доказаў, якія маглі б пацвердзіць «нямецкую версію», але матэрыялы даследавання былі засакрэчаныя і да гэтага часу не даступныя.
На сённяшні дзень афіцыйна вядомыя толькі два імёны расстраляных у КурапатахЯк Шулькес трапіў у базу ахвяр Халакосту
— Спробы знайсці двух вядомых людзей, чые целы былі ідэнтыфікаваныя ў Курапатах, пачаліся адразу ж пасля іх выяўлення. Але ўсе яны не мелі ніякага выніку, — зазначае Зміцер Дрозд. — Справы не былі выяўленыя ў архіве КДБ Рэспублікі Беларусь (праўда, шукалі самі чэкісты – а як яны шукалі, ведаюць толькі яны самі). Як вядома, Лукашэнка заявіў, што «палякаў у Беларусі не расстрэльвалі», а яго меркаванне ў нас набывае статус закона. Пад палякамі тут разумеюцца грамадзяне Рэчы Паспалітай Польскай. Ніякіх звестак не было знойдзена.
Зміцер ДроздГод таму, 16 траўня 2019 года Зміцер Дрозд паспрабаваў знайсці хоць нейкія сляды гэтых ахвяр. Прозвішча Крамер аказалася занадта распаўсюджаным, каб за нешта зачапіцца. А вось Шулькес, як выявілася, — наадварот. Для даследавання гісторык звярнуўся да велізарнай базы даных ахвяр Халакоста на сайце Яд Вашэм.
— Гэтая база існавала даўно, але толькі цяпер пачалі ствараць яе лічбавы варыянт. Першая анкета на Мардыхая Шулькеса была запоўненая яшчэ ў 1955 годзе, але заставалася толькі на паперы. Цяпер яна аблічбаваная і даступная любому ахвотнаму, — тлумачыць Зміцер Дрозд. — Вялікую працу правёў журналіст з Гродна Руслан Кулевіч. Важныя фота і іншыя дакументы знайшоў даследчык рэпрэсій з Расіі Сяргей Раманаў. Цяпер нам зразумелая агульная карціна таго, што адбылося і ясна, дзе ў нас ёсць шанец знайсці яшчэ доказы.
Але як імя Мардыхая Шулькеса аказалася ў базе ахвяр Халакосту 1941 года? Гісторык дае на гэтае пытанне цалкам лагічны адказ:
— Мяркуючы па імёнах, гэтыя карткі запаўнялі бацька і малодшая сястра Мардыхая Шулькеса. Абодва яны знаходзіліся далёка ад Беларусі і нічога не ведалі пра лёс Мардыхая — таму і меркавалі, што ён стаў ахвярай Халакоста. У адной з картак запісана, што меркавана ён загінуў ад бамбавання.
Шлях у Курапаты
Цяпер дзякуючы карткам Яд Вашэм і выяўленым іншым дакументам у агульных рысах сталі вядомыя некаторыя дэталі з жыцця Мардыхая Шулькеса. Хутчэй за ўсё, ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў 1914 годзе. Пасля жыў і вучыўся ў Гродне. Ёсць выразка з газеты «Słowo» за 3 ліпеня 1933 года аб атрыманні Мардыхаем Шулькесам атэстата пасля заканчэння мужчынскай гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Гродне.
Фота з сайта bydc.infoДаследчык сталінскіх рэпрэсій Сяргей Раманаў знайшоў фатаграфію 1932 года, на якой Мардыхай Шулькес адзначаны як член гродзенскай секцыі моладзевай сіянісцкай арганізацыі «Бейтар» (першы ў першым шэрагу).
Фота з сайта bydc.infoГэта не проста моладзевая арганізацыя, менавіта ваенізаваная, яе мэтай была падрыхтоўка байцоў за Ізраільскую дзяржаву. «Бейтар» значыцца ў спісах НКУС як контррэвалюцыйная і антысавецкая суполка. Гэта значыць, усе яе члены падлягалі пастаноўцы на спісачны ўлік, а кіраўнікі і найбольш актыўныя члены — арышту. І ў гэтым, магчыма, адказ на пытанне, як і чаму Мардыхай Шулькес трапіў у курапацкую яму… Пакуль застаецца адкрытым пытанне, калі ён быў арыштаваны: у 1939 або ў 1940 годзе. Потым яго этапавалі ў Мінск, дзе і расстралялі ў Курапатах, мяркуе Зміцер Дрозд.
Знаходка гісторыка ў чарговы раз перакрэслівае версію пра нібыта расстрэлы ў Курапатах габрэяў-перакладчыкаў з Заходняй Еўропы, дакладней, з Аўстрыі і Чэхіі. Мардыхай Шулькес быў нашым беларускім (а ў перыяд у 1921 — 1939 гады — польскім) габрэем. Дзякуючы базе Яд Вашэм атрымалася ўстанавіць, што прозвішча Шулькес рэгіянальнае, і ўвесь арэол яго распаўсюджвання з невялікім роскідам: ад Аўгустова, які пасля верасня 1939 года ўваходзіў у Беластоцкую вобласць БССР праз Гродна да Скідзеля і Васілішак (усё — Гродзенская вобласць). Усяго з такім прозвішчам было знойдзена каля 140 чалавек.
І зноў Беларускі Катынскі спіс
Далейшыя пошукі слядоў Мардыхая Шулькеса, лічыць гісторык, можна працягнуць у Маскве.
— Злачынства Сталіна, якое нам вядома як Катынскі расстрэл, адбывалася не толькі ў Катыні. Ужо даказаныя і знойдзеныя месцы расстрэлаў ва Украіне. Гісторыкі не толькі выказваюць здагадкі, але ўжо паспяхова рэканструююць аналагічны ўкраінскаму спіс грамадзян Польшчы (у асноўным жыхароў Заходняй Беларусі), якія былі знішчаны ў БССР. Ніякай дапамогі ад беларускага КДБ тут, падобна, не будзе. Падчас Катынскага расстрэлу былі знішчаныя не толькі ваеннапалонныя, але і прадстаўнікі грамадзянскай адміністрацыі, паліцыі, лідары партый і арганізацый. Падобна на тое, што адным з іх і быў Мардыхай Шулькес.
Але ці можна са стоадсоткавай упэўненасцю сцвярджаць, што Мардыхай Шулькес — ахвяра Халакосту і Мардыхай Шулькес, расстраляны ў Курапатах, — адна і тая ж асоба?
— Усе пытанні можна будзе зняць толькі адным спосабам: калі будзе знойдзены акт аб прывядзенні прысуду ў выкананне. З вялікай верагоднасцю ў ім акажацца і іншы знойдзены ў гэтай жа яме ў Курапатах чалавек — Мойша Крамер. На жаль, пасля таго, як знішчаліся справы па Катынскім расстрэле ў Маскве і ва Украіне, а з тых, што не былі знішчаныя, многае нам да гэтага часу не даступна, надзея на гэта не вялікая, — падсумоўвае Зміцер Дрозд.
Аднак гісторык перакананы, што гэта менавіта той самы Мардыхай Шулькес, ён быў арыштаваны і расстраляны НКУС. Па словах даследчыка, «ёсць яшчэ вельмі сур'ёзныя козыры, якія знялі ўсе пытанні. Але пакуль гэта застанецца таямніцай».
Магчыма, ненадоўга: цяпер працягваюцца архіўныя пошукі, у прыватнасці, па канвойных спісах з Гродна ў Мінск, і іншыя. І, хто ведае, можа быць неўзабаве адкрыюцца новыя звесткі пра ахвяры НКУС у Курапатах, якія дадуць новы штуршок беларускаму адраджэнню, як гэта зрабіў артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва амаль 32 гады таму.
Курапацкая Галгофа